epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Верхаўладае дух

Зямля бацькоў чароўная,

Надзей, ружовых крыл,

Цяпер — трагедый поўная,

Ўспамінаў і магіл.

 

Скрозь слёзы бачу зоркі я,

Настрой пад гмахам дум.

Усмешкі — толькі горкія,

Душу зжырае сум.

 

Ці ж думаў я на ўзлётку мар,

Пра іх няўмольны спад?

Тады бясконцым быў абшар,

Бяскрайнім далягляд.

 

О, вышыня нябесная,

Крылі мяне, крылі!

Не, немач не цялесная

Магніціць да зямлі.

 

З падзеямі лагічнымі

Антырытмічны рух.

Над сіламі фізічнымі

Верхаўладае дух.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.