epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Верш без слоў

Верша без слоў не бывае?

Бывае!

Ён — у душы, ён — часцінка паэта,

Шырыцца, крыліцца, моц набывае —

Як не схіліцца прад цудам за гэта?!

 

Ён — таямнічы спрыяцель натхнення,

Ён — як выток незмутнёны крынічны,

Бо ад яго і з яго блаславення

Родзіцца кожны радок паэтычны.

 

Ён — як зародак у чэраве маці,

Сёння — маўклівым спавіты бясслоўем,

Хутка — прачнецца і будзе спяваці,

Плакаць, смяяцца радком, міжрадкоўем.

 

Ён да глыбіняў душу пераверне

Безліччу мар, незлічонасцю мэтаў...

О, каб не гэта цудоўнае зерне,

Свет не спазнаў бы ніколі паэтаў.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.