epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вершы

Я думаў, што вершы —

ружовыя крылы

Для казачнай птушкі —

складай і на ўзлёт.

Яны — аднадумцы,

выток маёй сілы,

Яны — не прыхільнікі

зменлівых мод.

 

Я думаў, я верыў —

быў перакананы:

Ружовасць у сэрцы —

ружовасць вакол...

Ды ў снах не складаюць

жыццёвыя планы,

Рэальнасць жыцця

хутка ўб’е у іх кол.

 

Хмурнеў светапогляд,

мяняючы строфы,

Сціскалася сэрца —

і словы ў камяк.

І творчасць стварала

абрысы Галгофы

І парасткі вершаў

у рост — аніяк.

 

Народжаных вершаў

і смуткі, і святы

Ствараюць душы

неабсяжны абшар.

А вершы, што ў сэрцы

выношваеш свята —

Адказная ноша,

шчымлівы цяжар.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.