epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Веру!(?)

Магутны Бог, перад тваім парогам

Яві мне цуд за ўсё жыццё хоць раз —

Хай маналог мой стане дыялогам,

Каб мог пачуць я ад цябе адказ.

 

Душу мне паскалолі думкі-джалы,

Пытанне не дае спакою мне:

Кім створаны наш свет недасканалы?

Няўжо табой? Не! Тысячу раз не!

 

Ці ж мог бы ты паслаць на брата брата,

Каб не ваду, а кроў піла зямля?

А ў чым перад табою вінавата

Памерлае дзіцятка-немаўля?

 

Зноў у тупік вядуць пытанняў рэйкі:

Хто ён, вунь той, з нахабствам у вачах,

Што за жыццё не зарабіў капейкі,

А на грашах жыруе, на харчах?

 

Дазволіць ён сабе Гаваі, Каны,

Уцехаў экзатычных не міне.

А той, вунь побач, працай змардаваны,

Век дажывае з думкай: — Жыў ці не?

 

І свет крывавіць у штодзённай бойцы,

І жорсткасць валіць будучыню з ног.

Чаму ты спіш, калі не спяць забойцы?

Чаму не нішчыш зло, калі ты Бог?

 

Трагічных лёсаў не злічыць у свеце,

І іх, здаецца, толькі множыць час.

Усе, хто на Зямлі — твае мы дзеці,

Няўжо ёсць нелюбімцы сярод нас?

 

Я не прадаў сваю душу хвастатым,

Табе аддаў свядома, задарма.

Дай нейкі знак — у чым я вінаваты?

Ці ёсць ты недзе, ці цябе няма?

 

Я ў мітусні пражыў будзённа-шэрай,

Рваў путы лёсу, рваў жыцця гужы.

Хачу пайсці з жыцця са светлай верай,

Пачуй мяне, о Бог, дапамажы!

 

Калі ж табою буду я пачуты,

Няхай твой суд мяне не абміне.

Ты ад сумненняў, ад грахоў-атруты

Ачысць маю душу, пазбаў мяне.

 

Я ўсё табе даверыў, мары, мэты,

Я шмат табе сказаў, а ты маўчыш.

Я за цябе, за тое, што ўва мне ты,

Гатоў ісці на эшафот, на крыж.

 

Я на крыжы ад болю рот ашчэру,

Крывавы ком глыну ў паўзабыцці.

Хачу, каб слова з маіх вуснаў: «Веру!»

Сарвалася апошнім у жыцці.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.