epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Верыць у цуды!

На перапынку, паміж урокамі, сядзелі вучні ў класе і фантазіравалі. Хтосьці з іх звярнуўся з пытаннем да сваіх аднакласнікаў:

— Уявіце, што кожнаму з нас выпала такая магчымасць загадаць толькі адно жаданне. Толькі адно! Але яно абавязкова споўніцца. Цікава, хто чаго пажадае!

Пасля кароткай паўзы, загаманілі ўсе разам, перакрыкваючы адно аднаго. Чуваць было толькі: «Я!», «я!», «а вось я бы!..» — і далей жаданні кожнага зліваліся ў адзін заблытаны шум і гвалт.

Прыкладна так шумяць на кусце вераб’і, адчуўшы набліжэнне вясны.

Разблытаць гэты клубок тлуму ніяк не ўдавалася. Але перапынак скончыўся і ў клас ўвайшла настаўніца. «Вераб’і» адразу сціхлі і разбегліся па сваіх месцах.

— Ну, што вы тут так жыва абмяркоўвалі? — спыталася настаўніца.— Вас было чуваць ажно ў настаўніцкай.

Вучні зноў паўскоквалі са сваіх месцаў і збіраліся распачаць той жа тлум, але настаўніца рашуча загадала:

— Ціха! Няхай хтосьці адзін тлумачыць. Ну хто?

Руку падняў Віталік:

— Можна мне, Вольга Сяргееўна? — спытаўся ён.

— Можна, Віталік.

Хлопчык паўтарыў тое, што на перапынку сказаў сваім сябрам:

— Я спытаўся ў вучняў, хто чаго пажадаў бы, каб, напрыклад, жаданне абавязкова споўнілася? Уявіце, Вольга Сяргееўна, што ў кожнага толькі адно жаданне.

— Цікава! — усміхнулася настаўніца.— Ну, і хто чаго пажадаў? Можна мне даведацца?

— Дык мы яшчэ не паспелі нічога пажадаць! — зноў пачалі перакрыкваць адно аднаго вучні.

— Ціха, ціха! — зноў давялося настаўніцы павысіць голас.— Будзем лічыць, што гэта такое класнае заданне на вольную тэму. Хто пачне?..

І пачалі хлопчыкі і дзяўчынкі адкрываць сакрэты сваёй душы:

— Я жадаю стаць знакамітым, каб мяне ўсе ведалі і захапляліся мной...

— Мне дык хочацца стаць балерынай...

— А я, як вырасту, не адмовіўся б ад мільёна долараў, каб мець шыкоўную машыну і яхту...

— А я папрасіла б для сваёй мамы добрага здароўя, каб яна перастала хварэць...

— А я папрасіў бы для сябе бессмяротнасці, каб жыць вечна...

Хтосьці з вучняў хіхікнуў:

— Ты б стаў Кашчэям Бессмяротным...

Жаданні выказваліся самыя розныя, траплялі і не зусім дарэчныя, але ж гэта былі дзеці ды і «пытанне-адказ» яны, хутчэй, успрымалі, як гульню.

— А ты, Віталік, чаму нічога не жадаеш? — спыталася настаўніца.— Гэта ж твая прыдумка пра самае галоўнае жаданне. Ці ў цябе ніякага жадання няма?

— Ёсць,— ціха і неяк сумна адказаў хлопчык.

— Скажы, а мы паслухаем. Смялей! — падбадзёрыла настаўніца.

Усе агучвалі свае жаданні з месца, седзячы, а Віталік, ледзь стрымліваючы сваё хваляванне, устаў і, зноў жа ціха і сумна сказаў:

— Я хачу... я вельмі хачу, каб усё жывое на зямлі: людзі, звяры, птушкі, усе, хто з’явіўся ў гэты свет, пражылі ад першага да апошняга дня, адведзенае ім прыродай поўнае жыццё... Тады ніхто заўчасна не памрэ, ніхто не будзе забіты...

Віталік зачырванеўся, апусціў галаву і сеў. У пакоі ўсталявалася напружаная цішыня. Нават настаўніца ад нечаканага пачутага, не магла варухнуцца. Нарэшце яна апрытомнела і спыталася:

— Дык ты, Віталік, не хацеў бы жыць вечна, заставацца заўсёды дужым і маладым? І ты не жадаеш багацця, славы?

— Я сказаў, чаго б я хацеў і што мяне хвалюе,— ціха прамовіў хлопчык.

— Вось, дзеці,— цяпер ужо ўсхвалявана ўстала настаўніца,— вось яскравы прыклад самаахвярнасці дзеля шчасця другіх! Дзякуй табе, Віталік, нават я да такога не дадумалася б...

Далей урок працягваўся ўжо па тэме, але заняткі ішлі вяла і без ахвоты. У канцы ўрока настаўніца нагадала ўсім:

— Не забудзьцеся, заўтра ў дзесяць гадзін раніцы нас будзе чакаць школьны аўтобус і мы пакоцім ажно ў Брэсцкую крэпасць на экскурсію.

— Ура! — закрычалі вучні, перакрыкваючы званок, які абвясціў аб заканчэнні заняткаў.

Наступным днём аўтобус весела імчаў у накірунку Брэста. Ды і як аўтобусу было весела не імчаць, калі салон перапаўняў смех і жарты вучняў, якія імчалі не толькі насустрач беларускай святыне, але й насустрач свайму жыццю?

Нечакана, з малапрыкметнай дарогі на шашу Мінск-Брэст, на вялікай хуткасці вылецела грузавая аўтамашына і штосілы пратараніла аўтобус з дзецьмі. Абарваўся смех і жарты, ды і многія жыцці абарваліся таксама...

Некаму не суджана стаць знакамітым альбо багатым, нечая хворая маці не дачакаецца выздараўлення, камусьці не быць балерынай...

Але...

Але вернемся да таго месца, калі аўтобус весела імчаў у накірунку Брэста і салон быў перапоўнены вясёлым смехам і жартамі.

Недаязджаючы да таго ракавога скрыжавання, у грузавой аўтамашыны спусціла кола. І пакуль шафёр мяняў яго, нашы вучні шчасліва мінулі тое скрыжаванне, і ўсе астатнія да Брэста і на адваротным шляху. Экскурсія прайшла цікава і карысна.

Хутчэй за ўсё, той, хто марыў стаць знакамітым, даб’ецца свайго, той, хто хацеў стаць багатым, будзе ім, дзяўчынка вывучыцца на балярыну, а маці другой вучаніцы абавязкова выздаравее. Не выключана, што хтосьці з вучняў абессмяроціць сваё імя адметнымі справамі.

Але чаму ж аўтобус не сутыкнуўся з тым грузавіком? Пэўна, таму, што Віталік пажадаў, каб усе пражывалі свой жыццёвы век ад першага да апошняга дня.

Будзем верыць у цуды!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.