epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вешчы сон

Іван Гуровіч паспяхова скончыў сярэднюю школу міліцыі і яму было прысвоена спецыяльнае званне «лейтэнант міліцыі». Дзве зорачкі на пагонах — гэта ўзнагарода лёсу за тры гады напружанай вучобы.

Івану было ўсяго дваццаць пяць год і ён амбіцыёзна вылічаў у думках, праз колькі ж год ён даслужыцца да генерала.

Пэўна, кожны малады афіцэр у думках будуе грандыёзныя планы свайго службовага лёсу. І ў гэтым няма нічога такога, што магло б выклікаць з’едлівую ўсмешку. Марыць у жыцці павінен кожны, а для маладога афіцэра мара — гэта вялікі стымул для рэалізацыі сваіх здольнасцяў і намаганняў.

Першае месца службы, куды быў накіраваны Іван Гуровіч нельга было назваць перспектыўным, хаця з гэтай пасады пачыналі свой службовы шлях многія міліцэйскія чыны, нават генералы.

Участковы інспектар міліцыі ў сельскай мясцовасці — гэта не толькі ахоўнік правапарадку, але, як яшчэ кажуць, і гаспадар, і святар.

Гаспадар — таму, што пад яго пільным вокам знаходзяцца ўсе населеныя пункты разам з жыхарамі і ўсе сельгаспадаркі на яго ўчастку.

Святар — таму, што многім нярэдка даводзіцца, вольна ці нявольна адкрываць яму душу, як на споведзі.

Усіх гэтых падрабязнасцяў Іван пакуль не ведаў, як і шмат чаго іншага, як, напрыклад — з чаго пачынаць?

Адна справа, калі падчас вучобы ён быў некалькі дзён на практыцы пры вопытным участковым. Але што можна зразумець за кароткі тэрмін, так званай практыкі? Ды і ў той час Іван не думаў, што пачне сваю службовую біяграфію з такой пасады. Ведаў бы — дняваў і начаваў бы ля таго участковага, углыбляўся б ва ўсе тонкасці прафесіі, запісваў бы кожны крок, кожную яго заўвагу.

Цяпер, напінаючы памяць, сёе-тое ўспамінаў... Абыходзілі двары і сем’і тых, хто стаяў у міліцыі на ўліку, як неблагасумленныя, як з нейкага прытону выцягвалі бамжа, да якога гадка было дакрануцца, а ўчастковы тузаўся з ім ледзь не ў абдымку.

Адно толькі запомніў даволі ясна — гэта словы свайго часовага настаўніка: «Запомні, сынок! Участковага могуць любіць ці не любіць — галоўнае, каб паважалі».

Цяпер Іван, ідучы па вёсцы, вітаўся з людзьмі і ўважліва назіраў за імі, але ў поглядах заўважаў толькі зацікаўленасць, насцярожанасць, нават абыякавасць, а вось павага пакуль адсутнічала, што вельмі яго засмучала.

Кабінет Івана Гуровіча знаходзіўся ў будынку сельскага савету, таму з Васілём Васільевічам, старшынёй сельсавета, ён амаль з першым і пазнаёміўся і, як падалося, знайшоў з ім паразуменне.

Першым усё ж быў яго папярэднік, участковы Філонаў Ігнат Сцяпанавіч. мясцовы жыхар, які сваё адслужыў і адыходзіў на заслужаны адпачынак.

Вось гэты Філонаў і пакідаў свайму маладому калегу стос розных, не даведзеных «да розуму» спраў і заяў. Менавіта тое, што Ігнат Сцяпанавіч быў мясцовым жыхаром і паўплывала на назапашанне і спраў, і заяў, бо Філонаў, збіраючыся на пенсію, разумеў, што і далей яму жыць сярод гэтых людзей, і псаваць з імі адносіны не вельмі імкнуўся.

Хаця, кажуць, раней быў і прынцыповым, і адказным.

«З чаго ж пачынаць? — ліхаманкава думаў Гуровіч,— З чаго?»

Васіль Васільевіч, старшыня сельсавета, чалавек вопытны, пэўна, здагадваўся, што непакоіць маладога афіцэра, таму пры сустрэчы, як бы між іншым, параіў яму:

— Ты, Іван Ілліч, знаёмся з паперамі, якія табе пакінуў Філонаў, і ўсё ж пачні са знаёмства з людзьмі на тваім участку. Тады і паперы табе больш раскажуць.

— З людзьмі! — не ўтрымаўся Іван,— Іх жа вунь колькі! Калі ж я з імі перазнаёмлюся?

— А ты пачні з кіраўнікоў гаспадарак,— зноў параіў старшыня сельсавета,— паступова перазнаёмішся і з іх падначаленымі, і з жыхарамі вёсак.

Гуровіч крыху супакоіўся і пачаў вывучаць пакінутыя яму дакументы. Чаго тут толькі не было! І заявы аб крадзяжах, і скаргі на суседа, і просьбы аб дапамозе па розных бытавых пытаннях, і нават ананімкі на старшынь калгасаў і зноў жа суседзяў. У Івана пацямнела ў вачах.

 

*

 

Дзед Аўдзей, нягледзячы на свае восемдзесят год, быў даволі рухавы, непаседлівы і зацікаўлены да ўсіх і ўсяго ў жыцці.

Няведама адкуль, але ён валодаў інфармацыяй аб усім, што здаралася ў навакольных вёсках, нават раней за тых, каму валодаць гэтай інфармацыяй было неабходна.

Пра такіх кажуць — гэта сацыяльна-актыўныя грамадзяне. Пэўна, каб было болей такіх сацыяльна-актыўных, менш было б сацыяльна нявырашаных пытанняў, ды і крымінальных спраў.

Гэты дзед Аўдзей уяўляў з сябе хадзячую энцыклапедыю мясцовага маштабу, бо амаль дакладна ведаў усё пра тутэйшых жыхароў — хто чым дыхае.

Падстаць яму была і яго жонка — баба Малання, якая ў рухавасці не саступала свайму дасціпнаму мужу, і якую за гэта называлі не Маланней, а Маланкай.

Вось такая, на зайздрасць больш маладым землякам, пара.

*

 

Івану Гуровічу абставіны не дазволілі доўга пакутаваць над пытаннем: «З чаго пачаць?»

На трэці дзень яго «прафесійнай дзейнасці» на згаданай пасадзе, да яго ў кабінет заскочыла ўся ў слязах і залямантавала, даволі сталага ўзросту жанчына:

— Дапамажыце! А што ж гэта робіцца? Што ж гэта за злыдні? Ой, бяда!

Жанчына заламвала рукі, не перастаючы лямантаваць.

Іван спалохаўся і спрабаваў супакоіць незнаёмую яму жанчыну, але ніяк не мог уставіць свае суцяшальныя словы ў гэты слёзны крык аб дапамозе.

— Ды супакойцеся вы! Што здарылася! Дапаможам, абавязкова дапаможам. Вы сядзьце, калі ласка, вы супакойцеся.

Калі прыступ узрушанасці крыху прайшоў, жанчына расказала Гуровічу, што мінулай ноччу, як яна сказала, «прайдзісветы» з хляўчука ўкралі яе парсюка, якога яна «і карміла, і паіла, і даглядала» і праз тыдзень збіралася закалоць.

— А з чым жа я буду зімку сустракаць? — хліпала яна, выціраючы рогам хусткі вочы,— А я ж чакала і сальца, і мясца, і скабачкі. А ці ж я накупляюся за сваю пенсію ўсяго гэтага? А як жа жыць далей, таварыш начальнік? Дапамажыце, уся надзея на вас.

Іван, як і належыць, прыняў ад пацярпелай падрабязную заяву, з якой даведаўся, што парсюка ўкралі не жыўём, а ў гэтым жа хлеўчуку закалолі злодзеі, а ўжо нежывога на нешта ўзгрузілі і кудысьці павезлі.

На развітанне Гуровіч бадзёра паабяцаў Ганне Гаўрылаўне, заяўніцы:

— Дапаможам... Знойдзем і сала, і мясца...

Калі жанчына пайшла і Іван застаўся адзін, бадзёрасці ў яго паўбавілася.

«З чаго пачаць?» — зноў зазвінела ў вушах пытанне.

Пачаў, як і вучылі, з агляду месца здарэння. Агляд мала што даў: выдралі прабой на дзвярах хлеўчука, а ў самім хляве — кроў на саломе. Вось і ўсё. Ніякіх слядоў. Што і казаць — восень не зіма.

Гуровіч ліхаманкава шукаў адказ на пытанне: як вярнуць беднай жанчыне «сальца і мясца». Адразу, з гарачкі ледзь не кінуўся правяраць кубёлкі, па чарзе ва ўсіх гаспадароў. Потым зразумеў, што гэта — глупства. І не толькі глупства, а парушэнне законнасці. Каб рабіць вобыскі, патрэбен пісьмовы дазвол пракурора. А які ж пракурор дасць такі дазвол, без абгрунтаванай падазронасці, без аніякіх зачэпак? Ды нават найдзі тое ж сала ды мяса хоць у дзесяці кубёлках — яно ўсё аднолькавае, на ім не будзе біркі, што менавіта гэта сала ад парсюка Ганны Гаўрылаўны.

Горка зрабілася на душы ў пачынаючага участковага інспектара. Хоць ты бяжы да пацярпелай і забірай абяцанае ёй: «дапаможам... знойдзем...»

Усплылі ў памяці словы колішняга настаўніка: «Участковага могуць любіць, могуць не любіць — галоўнае, каб паважалі...» Іван уздыхнуў — дык вось дзе схована павага ці непавага... Глыбока прыйдзецца мне капаць, а ці дакапаюся?

 

*

 

Крадзяжы ўжо выгадаваных, «гатовых» да заколу свіней, у вёсках здараюцца не часта, але рэгулярна. Жадаючыя пажывіцца на дармавіну, не перавяліся. Як правіла, тыя ж прайдзісветы, выбіраюць адзінокіх жанчын, без сабакі на двары, заламваюцца ў хлеў, заціскаюць лыч бедалагу парсюку і — альбо колюць яго, альбо пераразаюць горла. Такое здарылася і ў дадзеным выпадку.

Вядома ж, слых пра такія здарэнні гулкім рэхам разлятаецца па навакольных вёсках, і з’яўляецца галоўнай тэмай жыхароў. Усе ўсхвалявана абмяркоўвалі, як тут казалі, «свінскую» тэму, усе спачувалі Ганне. То там, то сям, толькі і чулася: «Каб ім, зладзюгам, шкварчына ўпоперак горла стала! Каб ім рукі паадсыхалі! Ці ж гэта людзі? Свінні!»

Не абмінула гэта навіна і дзеда Аўдзея з яго дасціпнай «Маланкай». Ён не раскідваўся праклёнамі, бо ведаў, што ад іх мала карысці. А вось паразважаць не пашкодзіць.

— І хто б гэта мог быць?..— уздыхнуў ён, седзячы вечарам на печы,— Адкуль гэта ліха? — пытаўся ён ці то ў жонкі, ці ў сябе.— Гэта хтосьці свой, хто добра ведае, што і дзе ў каго ляжыць...

Баба Малання згаджалася:

— Толькі свой... Наша гэта ліха, нашай вёскі...

Дзед Аўдзей разважаў па-свойму:

— Вось у гэтым і ўсё паскудства, што свой... Магчыма сёння, пры сустрэчы я гэтаму злодзею руку ціснуў, ды, як чалавеку, у вочы глядзеў. А яму б трэба было плюнуць у вочы, ды рукі паадрываць... Разбяры іх — хто ёсць хто...

— Вось ты і разбяры! — рашуча секанула баба Малання, цяпер ужо «Маланка».— Разбярыся, часу ж хапае! І мазгамі Бог не абдзяліў.

Дзеду Аўдзею словы пра яго мазгі спадабаліся і ён, хоць змоўчаў, але ўпотай вырашыў «разабрацца».

 

*

 

Іван Гуровіч разумеў, што погляды вяскоўцаў звернуты на яго, і што сядзець, склаўшы рукі, ён не можа. Не ведаючы дакладна, што рабіць, ён павінен быў нейкім чынам абазначыць сябе. Вось для гэтага «абазначыць», малады ўчастковы хадзіў па вёсцы і распытваў людзей — можа, хтосьці штосьці бачыў ці чуў. З гэткімі ж пытаннямі ён аб’язджаў і навакольныя вёскі, але вынік быў адзін — не чулі, не бачылі, не ведаем. Хтосьці увогуле на роспыты кідаў у адказ — не мая гэта справа.

Дзед Аўдзей раскінуў мазгамі па-свойму. Перш-наперш ён прыкінуў, колькі ў іх вёсцы тых, хто не хавае свіней, хто харчуецца з крамы і, ведаючы гэты кантынгент, як аблупленых, зняў сваю падазронасць з тых, каго лічыў за людзей, якія не згубілі свайго сумлення.

Такім чынам, як сказаў бы Шэрлак Холмс, метадам дэдукцыі дзед Аўдзей прасеяў праз рэшата абгрунтаванасці ўсіх «кандыдатаў» у злачынцы.

Атрымалася зусім няшмат — усяго тры чалавекі, з якіх два жылі з жонкамі (жылі і пілі), а трэці, Лявон Камляк, пасля таго, як яго кінула жонка, нідзе не працаваў і, як кажуць, не прасыхаў ад гарэлкі.

Цяпер ужо і дзед Аўдзей пайшоў па вёсцы, пайшоў пагутарыць ды «праветрыць вока», а сам хоць і гутарыў, а распытваў ды хоць што выведваў. З дзедам лёгка дзяліліся чутым і бачаным, бо ён не выклікаў ніякай насцярожанасці ў суразмоўцаў.

Калі Аўдзей падклыпаў да Лявона Камляка, які стаяў ля плоту сваёй хаты, той таксама на дзеда амаль не звярнуў увагі. Дзед Аўдзей пачаў гаворку здалёк:

— Здароў будзь, Лявон.

— Здароў дзед.

— Дай, калі ласка прыкурыць, запалкі забыўся дома,— звярнуўся стары да субяседніка.

Лявон дрыготкай рукой падаў дзеду запалкі.

Дзед прыкурыў і пажартаваў:

— У цябе, браток, рукі трасуцца, быццам ты курэй краў.

Лявон нервова зрэагаваў:

— Нічога я не краў! Дурыш галаву.

— А пра свінню Ганніну чуў? — і дзед пільна паглядзеў у вочы Лявону.

— А я тут пры чым?

— Дзед адказаў пытаннем на пытанне:

— Хіба ж я сказаў, што ты да гэтага маеш дачыненне?

— Вось што, дзед,— зноў нервова прамовіў Лявон,— прыкурыў — і тупай адсюль. Вечарэе, а мне трэба яшчэ ў лес скокнуць, ды палена прынесці, няма ўжо чым печ паліць.

— Ну, скакай сабе, скакай,— пагадзіўся Аўдзей,— дзякуй за запалкі.

І дзед паціху паклыпаў прэч, разважаючы: «Можа, і не ён... Але ўсё гаварыць пра тое, што я размаўляў са злодзеем. Па-першае, нервова рэагаваў на слова «красці», па-другое, хто ж напрыцемку ідзе ў лес па нейкае там палена? І галоўнае — пашчапаныя дровы ляжаць у яго на двары... Не, тут штосьці не тое... Трэба ціхенька зірнуць, куды ён падасца».

І дзед Аўдзей, зайшоўшы на суседні ад Лявона двор да свайго аднагодкі Хведзі, размаўляючы з ім, пільна «зірнуў» услед Лявону, які накіраваўся ў бок Рэпішча.

Гэтае урочышча Рэпішча, паросшае густым хмызняком і пакручанае калдобінамі ды аўрагамі, знаходзілася ў баку ад усіх дарог і не прываблівала адвеку людзей ні грыбамі, ні ягадамі, бо яны там не раслі.

Вярнуўшыся дамоў, дзед Аўдзей даклаў сваёй бабе:

— Заўтра ж ранічкай, кіруюся на Рэпішча.

— Чаго? — усхадзілася старая.— Ногі там павыкручваеш.

Дзед зноў жа задумліва тлумачыць:

— След Ганнінага парсюка буду шукаць там...

— Парсюка-а-а? — выцягнула шыю старая,— Ён што, збег ад яе? Дык яго не ўкралі?

Дзед, ужо не задумліва, а рашуча параіў:

— Пачакай да заўтра! Больш пакуль нічога не магу табе сказаць.

Старая пакрыўдзілася:

— Растрывожыў маю зацікаўленасць і загадваеш чагосьці чакаць да заўтра. Я ж спаць не буду.

— Сказаў да заўтра, значыцца да заўтра! — заключыў дзед і адвярнуўся ад жонкі.

 

*

 

Як хутка мяняе час і маршчыны наша аблічча. І толькі з дня ў дзень, з году ў год гледзячы на сябе ў люстэрка, мы амаль не заўважаем катастрафічных змен нашай знешнасці і ўсё «думкай багацеем», што мы не дужа і старэем, што такімі, ці амаль такімі мы былі і дзесяць гадоў таму. Зірнуў бы чалавек на сябе праз тыя ж дзесяць гадоў знянацку, без люстэркавай «тэрапіі» — напалохаўся б і жахнуўся: — А хто гэта?!

Гэтак жа хутка, а, магчыма, і шмат хутчэй мяняецца ўсё ў прыродзе. Вярні, пайшоўшага з жыцця нашага колішняга продку на сцяжыны яго маладосці, ён здзівіцца:

— А дзе я? — хаця на гэтых сцяжынах, у гэтых лясах-пералесках, калісьці адчуваў сябе, як рыбіна ў вадзе.

Менавіта гэта адчуў дзед Аўдзей, апынуўшыся на Рэпішчы. Яму здавалася, што не так даўно быў тут, але, падумаўшы, зразумеў, што ад таго «не так даўно» мінула дваццаць, а, магчыма, і больш гадоў. Гэты час лес, асабліва маладняк, «не спаў у шапку», а змагаўся за месца пад сонцам. Усё настолькі змянілася, што стары, на ўсякі выпадак азірнуўся, каб запомніць, у якім баку вёска.

Тут дзед Аўдзей відавочна разгубіўся, бо і сам сабе не мог адказаць, для чаго ён тут.

— А-а,— замармытаў ён,— я ж шукаю свежаніну ад Ганнінага парсюка... Ну і дурноціна ж я стары! І чаму я ўбіў у сваю галаву, што менавіта тут Лявон схаваў яе? Ды мала чаго чалавек кіраваўся ўчора вечарам сюды. А калі ён увогуле Богу душой не вінаваты? Э-хэ-хэ...

Пакруціўся дзед па ямінах ды гушчары, паторкаўся на ўсе бакі і вырашыў ісці дамоў, да жонкі, выслухоўваць яе зубаскальства. Праўда, суцяшаў сябе тым, што сапраўднага «зубаскальства» не атрымаецца, бо ў старой для зубаскальства не хапала шмат зубоў.

«Што ж, следчага з мяне не атрымалася,— сумна падумаў Аўдзей.— Ды і куды тут можна схаваць сала з мясам? У зямлю не закапаеш, пад дрэва не пакладзеш... Пачакай! А, напрыклад, куды б я, каб, не давядзі Бог, быў злодзеем, схаваў бы гэты скарб?»

Дзед азірнуўся і убачыў крыху збоку стары, пакручаны часам дуб. За сваё доўгае жыццё ў вёсцы, стары памятае, як падчас навальніц, маланкі чамусьці кіравалі свае вогненныя джалы на гэта дрэва. І рабілі гэта не адзін раз. Таму да гэтага пакручанага і пакалечанага дуба мясцовыя жыхары не любілі падыходзіць — Богам праклятае месца.

— А што, калі мне падысці! — зашаптаў дзед Аўдзей.— Неба чыстае, навальніцы няма.

І стары, кульгаючы праз калдобіны, наблізіўся да параненага і аджыўшага свой век волата.

Ён ужо адзелянеў і толькі зеўрыў сваімі вялізнымі дупламі ды распоратым маланкамі ствалом.

Дзед, перад тым, як дакрануцца да калісьці велічнага дрэва, крыху здрэйфіў і перахрысціўся.

— Ратуй, Матка Насвенчая! — прашаптаў Аўдзей і зрабіў спробу зазірнуць у растрэснуты ствол, але крыху не хапіла дзедава росту, каб ушчаміць галаву туды, дзе было шырэй. Давялося старому, які ўжо прытаміўся ад хады па ўсякіх няроўнасцях ды гушчары, падкочваць камень, на які можна будзе стаць.

Зрабіўшы сабе такую падстаўку, «следчы» зазірнуў ў высахлую пустэчу дубава «страўніка» і ахнуў. Там ляжалі да паловы напоўненыя нечым мяхі. Чым яны былі напоўненыя дзед Аўдзей адразу здагадаўся, бо мяхі стракацілі чырвонымі плямамі, якія маглі

з’явіцца толькі ад крыві.

— Вось, Ганначка, дзе твой парсючок апынуўся! — усклікнуў узрушаны стары.— Ай ды я!

Ён ліхаманкава адкаціў камень і, разумеючы, што свежына доўга тут ляжаць не будзе, паклыпаў краем лесу, каб пазбегчы чужых вачэй, да сваёй хаты.

Баба Малання «згарала» ад нецярпення, таму да дзеда кінулася, як сапраўдная маланка.

— Што? Што на Рэпішчы?! Што знайшоў?

Дзед плюхнуўся на лаву і асмягла засіпеў:

— Дай вады... Дух заняло. Калені трасуцца...

Аддыхаўшыся, ён расказаў усё жонцы і спытаўся:

— Што рабіць далей?

— Бяжы хуценька да ўчастковага! Арыштоўваць трэба Лявона! — замітусілася «Маланка».

— Астынь! — спыніў яе дзед.— Яшчэ невядома, чыя гэта работа. Трэба злавіць злодзея на месцы, калі будзе забіраць свежаніну. Гэта — галоўнае. А як сказаць участковаму, што я рассакрэціў гэты тайнік? Ён пры пагонах і вучоны — не знайшоў, а я, такі разумны, буду разумнейшы за яго. Не! Так нельга! Людзі будуць яму ў спіну пахіхікваць.

— А што рабіць? — цяпер ужо запыталася старая,— Можа б які ліст чыркануць ды падкінуць яму.

Дзед скрывіўся:

— Пакуль будзем чыркаць ды падкідваць, не будзе ні злодзея, ні сала. Патрэбен тонкі падыход...

— Ну, я не ведаю...— развяла рукамі баба.

Дзед Аўдзей падумаў і падняўся з лавы:

— Вось што. Пайду я да участковага і скажу яму, што бачыў вешчы сон. І распавяду яму ўсё, што ведаю. Усё, да драбніц. Скажу, што мне ўсё прыснілася... І яшчэ скажу, што за доўгае маё жыццё ці... маё спаннё, усе мае сны спраўджваліся. Ну як?

— Ой, не ведаю,— зноў развяла рукамі старая,— Рабі, як лічыш неабходным. Але, калі ісці, трэба ісці зараз жа — час не церпіць.

 

*

 

Іван Гуровіч сядзеў у кабінеце і праз сілу разглядаў розныя паперы, сэнс якіх захінаў сабой Ганнін парсюк.

Хоць не выходзь з кабінета на вуліцу,— уздыхаў ён — людзі чакаюць ад мяне рэзультату, а мне няма чым пахваліцца... Вось тут і ўся павага.

Раптам хтосьці нерашуча пастукаўся ў дзверы.

— Заходзьце! — гукнуў участковы.

Прыадчыніліся дзверы і паказалася галава старога чалавека, якая нясмела выдыхнула:

— Дазвольце.

— Заходзьце! Я ж сказаў заходзьце! — устаў насустрач старому Іван.— Праходзьце і сядайце.

Дзед Аўдзей сціпла сеў на крайчык стула і ўздыхнуў.

— Я вас слухаю.— Мякка, бачачы такую сціпласць, прамовіў Гуровіч.— Якое ў вас пытанне?.. Прабачце, не ведаю, як вас зваць, я чалавек новы і мала каго ведаю. Мяне завуць Іван Ілліч, а вас?

— Мяне завуць Аўдзей... э-э... прабачце, мы не прывучаныя па бацьку, таму лепш завіце мяне, як і ўсе — дзед Аўдзей.

— Добра, шаноўны дзед Аўдзей. Рады пазнаёміцца і слухаю вас.

І хоць у такім узросце, кажуць, што людзі ўжо не чырванеюць, дзед Аўдзей густа пачырванеў і блытана пачаў.

— Ведаеце, таварыш начальнік...

— Пастойце, шаноўны дзед Аўдзей. Я — Іван Ілліч, можна Іван, без таварыш начальнік.

— Добра, таварыш... Добра Іван Іл... Ат, лепш скажу так, сынок: бачыў я вешчы сон...

— Які? — перапытаў Гуровіч.

Дзед яшчэ больш пачырванеў:

— Бачыў я вешчы сон... Прысніўся мне Ганнін парсюк...

— Ды і мне ён не дае жыцця, гэты парсюк! — пажаліўся участковы.— А тое, што вам, шаноўны дзед Аўдзей, ён прысніўся, дык гэта ад таго, што вы, як сумленны чалавек, блізка прынялі гэта да сэрца.

Стары выдыхнуў:

— Не тое, сынок. Не тое. Выслухай мяне...

Мне прыснілася, што парсюка, пэўна, з падзельнікамі ўкраў Іван Камляк...

— Толькі не ён! — перапыніў дзедавы развагі Іван,— Толькі не ён! І вось чаму. Я, калі абыходзіў па вёсцы людзей, распытваючы іх наконт крадзяжу, гэты Камляк (добра памятаю яго, бо ён прадставіўся мне), дык вось гэты Камляк сказаў, што яго, як нідзе не працуючага і слабага да гарэлкі могуць першага падазраваць у злачынстве, таму завёў мяне і ў хату, і ў варыўню, і ў кладоўку, дзе паказаў пустыя цэбры і вуглы. «Я чысты перад законам!» — заявіў ён.

— Цяпер,— рашуча заявіў стары,— пасля таго, што пачуў, я ўпэўнены ў праўдзе майго сну! Дык вось, мне прыснілася, што гэты Камляк, зноў жа, пэўна, не адзін, разабралі гэтага парсюка, паклалі сала ды мяса па мяхах і схавалі да пары ў старым дубе на Рэпішчы.

— Мілы чалавек! — з цеплынёй сказаў Гуровіч.— Мілы дзед Аўдзей, калі я пачну раскрываць злачынствы, спасылаючыся на нечыя сны, мяне адразу ж зволяць з працы. Мяне ж куры засмяюць.

Дзед настойваў на сваім:

— Пра тое, што я сніў, будуць ведаць толькі два чалавекі — ты, сынок, і я.

— І што, па-вашаму, я павінен рабіць? — не для таго, каб сапраўды штосьці рабіць, а каб супакоіць старога, спытаўся ўчастковы.

— Мне прыснілася ўсё ад пачатку да канца! — узбадзёрыўся дзед Аўдзей,— У сне было так: ты, сынок, вечарам засядзеш ля таго дуба і будзеш чакаць. Прыйдуць злодзеі за салам, выцягнуць яго з дуплістага дуба, а ты іх — хваць!

Дзед усхвалявана працягваў:

— Ты ж, сынок, зазірні ў тое дупло і ўбачыш, што сон мой вешчы.

Участковы ўсміхнуўся:

— Ну а вы, шаноўны дзед Аўдзей, туды зазіралі?

— Я? Не! У мяне і паўнамоцтваў такіх няма. Каб я зазіраў, я б адразу напісаў афіцыйную заяву.

Участковы выдыхнуў:

— Лепш бы вы напісалі заяву, а так, не ведаю, што і рабіць, нейкая містыка... Ды і дзе тое Рэпішча, дзе той дуб? Смех ды і толькі.

Стары ажывіўся:

— Час яшчэ ёсць, вечар далёка. Калі трэба, я пакажу і Рэпішча, і дуб. Пакажу той дуб здалёку, а там ты ўжо сам разбярэшся.

— Добра,— стомлена згадзіўся Гуровіч.— Паважаючы вашу старасць, згаджаюся. Але — нікому ні слова, бо сораму не абярэшся.

 

*

 

Іван Гуровіч не стаў чакаць вечара, каб, паводле дзедава вешчага сну, ладзіць засаду ля нейкага там дуба. Ён са сваім павадыром, дзедам Аўдзеем, непрыкметна нырнулі ў бліжэйшы ад дзедавай сядзібы лазнічок, адкуль, зноў жа непрыкметна падаліся ў бок Рэпішча.

Не даходзячы да гэтага, як сказаў стары, чортава месца, дзед Аўдзей спыніўся, аддыхаўся і выдыхнуў:

— Усё... Далей не пайду. Боязна мне туды хадзіць, ды і прытаміўся я. Ву-у-унь, бачыш, сынок, над хмызняком узвышаецца дуб, яго я і бачыў у сне. Кіруйся да яго адзін і, дай Бог, каб мой вешчы сон спраўдзіў.

І яны падаліся ў розныя бакі. Дзед — дахаты, а Іван... ён і сам не ведаў, што робіць і чаго ідзе па пустых сцежках.

 

*

 

Васіль Васільевіч, старшыня сельсавету, толькі што вярнуўся з абеду і, улічваючы тое, што сёння прыёмны дзень грамадзян, рыхтаваўся да прыёму наведвальнікаў.

Раптам у кабінет уварваўся узрушаны і збялелы участковы інспектар, які з парогу кінуў:

— Васіль Васільевіч, трэба дапамога! — пасля чаго стомлена плюхнуўся на стул ля старшыньскага стала.

— Што здарылася, Іван Ілліч? Якая дапамога табе патрэбна?

— Знайшоў я сала! Свежыну ад таго Ганнінага парсюка. Хутчэй за ўсё — ад яго.

І ён падрабязна расказаў, што на Рэпішчы, у старым дупляністым дубе некім схованыя мяхі з салам і мясам.

Старшыня сельсавету ўдакладніў:

— Дык табе што, дапамагчы перанесці ці перавезці знойдзенае? Так?

Гуровіч запальна патлумачыў:

— Не! Мне трэба два-тры маладыя, надзейныя хлопцы, якія б дапамаглі мне затрымаць вечарам злачынцу ці злачынцаў.

— Якім чынам? — не разумеў старшыня.

— Вечарам, а вечар ужо хутка, бо ў кастрычніку дні вунь якія кароткія, дык вось сёння вечарам я хачу арганізаваць ля таго дуба засаду, і аднаму мне боязна. Боязна не за сябе. Баюся, што злачынец можа быць не адзін, а два ці тры,— аднаму мне не даць рады, разбягуцца.

Старшыня ўстаў з-за стала:

— А як гэта ты так хутка выйшаў на след злодзеяў? Прайшло усяго два дні, як адбылося злачынства.

— Гэта — прафесійная тайна,— туманна адказаў участковы.

— Ну, у твае тайны я не лезу, а дапамога табе будзе. Ёсць актывісты, якія ў далейшым будуць надзейнай падмогай тваім прафесійным тайнам.

 

*

 

Слых пра тое, што малады участковы інспектар Іван Гуровіч не толькі выкрыў злачынцаў, але і затрымаў Лявона Камляка з двума сваімі саўдзельнікамі, імгненна абляцеў усё, населенае людзьмі наваколле.

А саўдзельнікамі аказаліся гэткія ж як і Камляк безпрацоўныя забулдоны з суседняй вёскі.

Яны, баючыся вобыскаў, не сталі рызыкаваць і разносіць кожны сваю частку па хатах, а да лепшага часу схавалі здабычу у дубе. І хоць было на двары холадна і нават заляталі «белыя мухі», змоўшчыкі для надзейнасці пасыпалі свежыну соллю.

Так што баба Ганна, пасля ўсіх пратакольных працэдур, атрымала свайго разабранага парсюка ў належным стане.

Яна, узрушаная і шчаслівая, бегала па вёсцы і ўсім, каго сустракала трызвоніла:

— Ай ды ўчастковы! Ай ды малайчына! Такі маладзенькі, а які хваткі!

Не кажучы пра тое, што самому Івану Гуровічу ў кабінеце ледзь не цалавала рукі.

— Буду Богу маліцца за вас, Іван Ілліч! Вы ж мяне вярнулі да жыцця! Дай Бог вам харошую жоначку!

— А калі пападзецца благая? — пажартаваў Іван.

— Не пападзецца! Я ж буду за вас маліцца, ды і няма ў нашай вёсцы благіх дзяўчат.

Дзед Аўдзей, у адказ на шчаслівы лямант шчаслівай Ганны толькі загадкава ўсміхаўся.

Загадкава ён усміхаўся і пасля таго, як аднойчы вечарам завітаў у яго хату «хваткі» участковы.

— Дык як будзем тлумачыць ваш вешчы сон, шаноўны дзед Аўдзей? — спытаў ён.

Стары схітрыў:

— Ведаеш, сынок, вешчыя сны я сніць сню, а вось разгадваць іх няўмею. Можа, ты, Малання, здольная на гэта?

— Не, і мне Бог не даў такой здольнасці.— адбілася старая.

Гуровіч шчыра паціснуў дзеду руку:

— Не важна, сон гэта быў ці не сон. а ў выніку вы мне дужа дапамаглі. Дзякуй вам, шаноўны дзед Аўдзей, і вам, шаноўная баба Малання.

— А мне за што? — схамянулася старая.

— А вам дзякуй за такога вешчага дзеда Аўдзея!

 

*

 

Хто з маладых спецыялістаў,— хоць міліцыянер, хоць інжынер, хоць кіраўнік любога ўзроўню, хоць слесар ці даярка не сутыкаўся з непазбежным перыядам, які называецца «адсутнасцю вопыту». Нават за плугам хадзіць не адразу атрымліваецца, каса і тая напачатку, ледзь не пасля кожнага замаху ўторкваецца носікам у зямлю.

А тут — работа з людзьмі! Ды каб з людзьмі сумленнымі, працавітымі, адкрытымі і шчырымі.

Не, участковы інспектар міліцыі вымушаны, вобразна кажучы, уласнымі чыстымі рукамі выграбаць з жыццёвага асяродка бруд і смецце, даючы магчымасць менавіта сумленным, адкрытым і працавітым людзям жыць паўнацэнным жыццём, без крымінальнага бруду і смецця.

Пэўна, лёс невыпадкова «падкінуў свінню» Івану Гуровічу, каб той, на пачатку свайго складанага прафесійнага шляху, хоць не ўсё, а многае зразумеў. Каб усвядоміў, што без глыбокага роздуму, без усебаковага аналізу сітуацыі, без ведання людзей і без іх падтрымкі — прафесійны шлях будзе ўхабістым і звілістым.

Паразважаўшы, ён здагадаўся, што дзеў Аўдзей пашкадаваў яго прафесійнае самалюбства і, нейкім чынам разблытаўшы тое злачынства, прыплёў прыгожую байку пра вешчы сон.

 

*

 

Час няспынна імкнецца наперад. Ды так спяшаецца, быццам баіцца не паспець да чагосьці вельмі важнага, што чакае яго наперадзе. Магчыма, каб час ведаў, што наперадзе яго — адна бясконцасць, ён бы не імчаў так хутка, і наша жыццё не пралятала б так імкліва і амаль непрыкметна.

Вось і Іван Гуровіч, як кажуць не паспеў міргнуць, як мінуў год яго «бязвопытнага перыяду». За гэты год, пасля таго незабыўнага «свінства», шмат чаго рознага і заблытанага давялося яму памацаць уласнымі рукамі, выграбаючы з жыцця на сметнік часу і крымінальны бруд, і адміністрацыйна забароненае смецце.

Быў, напрыклад, крадзеж з мясцовай крамы гарэлкі і грашовай выручкі. І хоць расследаваннем гэтага злачынства займаліся аператыўнікі раённага крымінальнага вышуку, без участковага нават яны наўрад ці выкрылі б злачынцаў, бо ён, Іван Гуровіч, ужо не блага ведаў мясцовых «намінантаў», і яго парады хутка навялі на след злодзеяў.

Разблытваў ён і крадзеж калгаснага збожжа з тока, і крадзяжы рознай бытавой тэхнікі з хат, найбольш «прасунутых» жыхароў. Паднімаў не раз, нават ноччу, навакольных жыхароў для пошуку ў лясах ягадных і грыбных блукацеляў — асабліва дзяцей.

І шмат іншай штодзённай, амаль нябачнай работы даводзілася выконваць яму.

Цяпер, ідучы па вёсцы і вітаючыся ці размаўляючы з людзьмі, Гуровіч з задавальненнем адзначаў для сябе, што ў вачах людзей, за рэдкім выключэннем, не было насцярожанасці, абыякавасці, а ўсё больш — павага.

 

*

 

Апошні месяц восені, лістапад, выдаўся ў гэтым годзе даволі сярдзіты. Выпаў першы снег. І хоць кажуць, што першы снег доўга не затрымаецца, што гэта яшчэ не зіма, а снег упарта не хацеў падпарадкоўвацца адвечным прыкметам. І да таго ён заўпарціўся, што выпаў і другі, і трэці снег — і стала зразумела, што ад зімы не адкруціцца.

Над стрэхамі хат пачалі дружна ўздымацца белавата-шызыя дымы. Гэта коміны, як тыя заядлыя курцы, у ахвотку дымілі, дачакаўшыся свайго часу. Што і казаць, сапраўдная казка «Ноч перад калядамі».

Дарэчы, і да саміх Калядаў было рукой падаць — праз нейкі, крыху больш, чым месяц — любімае ўсімі свята Новы Год, а там, праз тыдзень — і раство Хрыстова.

Тут, хоць і крыху запознена, трэба сказаць, што цэнтр калгасу — гэта не зусім вёска. Дакладней — зусім не вёска, а мястэчка, у якім, як нам ужо вядома, ёсць і сельскі савет, і крама, і школа, а пры ёй — бібліятэка і нават клуб, які з гонарам называлі сельскім домам культуры.

І назву гэтага мястэчка мела даволі ганарыстую — Першацвецце. І хоць, кажуць, назва не корміць і не поіць, а душы мясцовых жыхароў ўсё ж грэла.

Асобым гонарам людзей, асабліва тых, хто адносіў сябе да вернікаў, была драўляная, даволі сталага веку царква.

Для маладога Івана Гуровіча, яго першая пасада была таксама своеасаблівым першацветам, яго першавыпрабаваннем. І яго душу грэла думка, што яго службовы «першацвет» прарастае і набывае моцы тут, у мястэчку Першацвецце.

 

*

 

Раніцай першага снежня, у кабінет да Гуровіча, ускочыў настаяцель мясцовай царквы, айцец Мікалай. Вось гэта «ускочыў» здзівіла і насцярожыла участковага, бо айцец Мікалай уяўляў сабой заўсёды, нягледзячы на малады узрост, спакой і паважнасць. Зараз жа святара немагчыма было пазнаць, настолькі ён быў узрушаны і ўсхваляваны.

— Я да вас, сын мой! — пачаў ён дрыготкім голасам,— Да вас, як да заступніка, як да службовай асобы. Дапамажыце, дзеля ўсіх святых!

Іван мякка ўзяў святара за руку і пасадзіў яго на стул.

— Сядзьце, айцец Мікалай. Супакойцеся. Што здарылася?

Айцец Мікалай ускочыў са стула:

— Адбылося святатацтва! Адбылося блюзнерства! Ноччу нейкія нехрысці выдзерлі прабой на дзвярах і ўварваліся ў царкву. Замахнуліся на святое!

Устаў з свайго месца і Гуровіч.

— Супакойцеся, святы айцец. Што, на ваш погляд, цэннае ўзялі злодзеі?

— Цэннае! Ды у святым храме ўсё намоленае верай многіх пакаленняў! Усё цэннае!

— А больш канкрэтна можна? — удакладніў Гуровіч.

— Больш канкрэтна не бывае! — узняў угару рукі святар,— Хтосьці ведаў, што красці! Укралі ўсяго адну ікону...

— Усяго адну? — з нейкай палёгкай перапытаў участковы, ад чаго айцец Мікалай выбухнуў эмоцыямі, як той вулкан:

— Адну! Адну, затое якую! Святая выява Маці Божай! Ікона — уяўляеце? — шаснаццатага стагоддзя! Яна — наша заступніца, наша — і кожнага з нас паасобку! Яна, гэта выява, ва ўсіх сусветных каталогах і рэестрах. Адбыўся крадзеж веку! Ды што я кажу, веку гэта — крадзеж сусвету!

Цяпер ужо і Гуровіч адчуў увесь маштаб здарэння. Ён ліхаманкава пракруціў у галаве ўсе варыянты сваіх дзеянняў. Цяпер ужо рашуча загадаў святару:

— Так, айцец Мікалай! Сядзьце, калі ласка і пакуль памаўчыце.

Затым зняў тэлефонную трубку і патэлефанаваў начальніку раённага аддзелу міліцыі.

Даклаўшы начальніку тое, што было яму вядома, і штосьці выслухаўшы, пацвердзіў:

— Будзе выканана! Да вашага прыезду арганізую ахову месца здарэння і, па магчымасці, зраблю ўсё, каб захаваць сляды.

Паклаўшы трубку, звярнуўся да святара:

— Акрамя вас, ніхто сёння не заходзіў у царкву?

— Ніхто!

— Тады хутчэй кіруемся да святога Храму.

Па дарозе айцец Мікалай без перадыху пераконваў участковага ў тым, што знікла бясцэнная ікона, што адбылося злачынства сусветнага маштабу, што ў вернікаў адабралі іх адвечную заступніцу, а напаследак спытаўся:

— А ты, сын мой, веруеш ці не?

Гуровіч крыху збянтэжыўся:

— Я... пакуль у царкву не хаджу...

— Пакуль...— уздыхнуў святар,— атрымліваецца, «як трывога, дык да Бога». Так?

— Не зразумеў,— прызнаўся Іван.

— А што тут разумець? Пакуль малады, ды здаровы, ды ўсё ў жыцці ладна-складна, навошта Бог. Памыляюцца, сын мой, тыя, хто так лічыць. Наперад закінеш — ззадзі як знойдзеш. Усё ладна ды складна не само сабой. Усе мы пад Богам і ўсё з Божае ласкі.

Айцец Мікалай вымушаны быў спыніць сваю пропаведзь, бо падышлі да царквы. Пачынаўся снег — снежань адпавядаў свайму названню. Сляды, якія вялі ў царкву і з яе, пакуль былі відаць не слаба, але дзе чыі?

— Айцец Мікалай, вы тут залішне натапталі. Дзе, пакажыце, вашы сляды.

— Навошта? — здзівіўся святар.

— Я пытаюся, якія сляды вашы? — больш настойліва запытаў Гуровіч.

Святар уважліва паглядзеў адбітыя на снезе сляды, чамусьці паспрабаваў зазірнуць на сваю падэшву, затым паказаў:

— Мой след вось гэты.

— А гэтыя, другія, чые? — нерваваўся участковы,— Раніцай былі толькі яны?

— Яны.— Згадзіўся святы айцец.

— Тады дайце мне хуценька якую-небудзь фанеру ці кавалак кардону. Толькі хутка, бо пачынаецца снег, трэба да прыезду экспертаў захаваць след.

Калі след быў закрыты кардонам, Гуровіч цягануў за рукаў расы святара:

— У царкву пакуль нельга.

— Мне нельга? — падкінуўся айцец Мікалай,— Мне, настаяцелю гэтага прыходу?

— Пакуль нікому нельга, нават вам, шаноўны айцец Мікалай,— мякка азваўся участковы,— Калі хочаце, каб ікону знайшлі, у царкву не заходзьце, ды і тут, ля ўваходу менш тапчыцеся.

 

*

 

Аператыўная група на чале з самім начальнікам раённай міліцыі прыбыла хутка. Але і яны пастаялі ля ўваходу ў царкву, распыталі збольшага святара і звярнуліся да Гуровіча.

— Паехалі, Іван Ілліч, да цябе ў кабінет, сёе-тое абмазгуем і будзем чакаць падмогу з вобласці, куды я, улічваючы рэзананснасць злачынства, адразу ж даклаў. Тут ахову я пакіну, а эксперт-крыміналіст зробіць гіпсавы адбітак абутку злачынца. Дарэчы, малайчына, што накрыў след, снег астатнія сляды ўжо зацерушыў.

Аператыўна-следчая група з абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў прыехала толькі праз тры гадзіны, бо адлегласць ад Мінску да Першацвецця не малая, ды і зіма — не разгонішся.

Аператыўнікі пільна агледзелі месца здарэння — уваход у царкву, замок, затым алтар і месца, дзе знаходзілася такая цэнная ікона, але ні адпячаткаў пальцаў, ніякіх рэчавых доказаў не выявілі. Так што, акрамя гіпсавай падэшвы магчымага злодзея, нічога ў аператыўнікаў не было.

— Каго вы, Іван Ілліч, можаце падазраваць? — спытаў у ўчастковага старшы абласнік.

— Не ведаю...— шчыра адказаў Гуровіч,— Крадзеж такі спецыфічны, што адразу адказаць немагчыма.

— А нам адразу і не трэба — працягваў аператыўнік — твой участак, твае тут людзі, і на цябе ў нас уся надзея.

Затым звярнуўся да святара:

— А вы што скажаце, Мікалай... прабачце, не ведаю, як вас па бацьку.

— Мікалай Фаміч я.

— А вы што думаеце, Мікалай Фаміч?

Святар перахрысціўся:

— Усё ў руках Божых!

Аператыўнік зноў звярнуўся да Гуровіча:

— Ну вось, Іван Ілліч, як бачыш, усё ў тваіх руках. Дзейнічай і трымай нас у курсе. Пры неабходнасці дапаможам і мы, і раён.

 

*

 

Дзед Аўдзей са сваёй Маланняй, як шчырыя вернікі, горача перажывалі страту сваёй заступніцы. Сваёй яны лічылі яшчэ і таму, што маладымі вянчаліся ў гэтай царкве, перад гэтай іконай.

Сваёй іконку лічылі і таму, што падчас вайны, калі дзед Аўдзей, тады яшчэ далёка не дзед, ваяваў з захопнікамі на фронце, бабка Малання, тады таксама далёка не бабка, а маладая жанчына, закруціла гэты абразок у ручнікі і схавала пад застрэшкам склепа, куды, спадзявалася, немцы, з-за непрыгляднасці таго склепа, не сунуць носу.

Вяскоўцы тады хавалі хто дзе, астатнія, менш каштоўныя, але не менш дарагія сэрцу іконы і розныя царкоўныя рэчы.

Цяпер, страціўшы «сваю» ікону, старыя дужа гаравалі.

Дзед горка ўсміхнуўся:

— Эх, прысніўся б мне сапраўды вешчы сон!

Старая таксама горка ўздыхнула:

— Гэта ж трэба, паквапіўся нехта на святое. Каб у яго рукі паадсыхалі, даруй Божа...

— Не паадсыхаюць,— уздыхнуў і дзед.

— Чаму не паадсыхаюць? — схамянулася Малання,— Бог, ён усё бачыць.

— Эх ты, святая прастата,— азваўся стары,— Вунь колькі злодзеяў на зямлі, паўсвету абакралі, і ўсе з рукамі, і на чужым горы, чужых слязах квітнеюць. Чамусьці Бог іх не карае.

— Пакарае! — запалілася баба,— Не на гэтым свеце, дык на тым. Стануць яны на страшным судзе перад Богам! Стануць! Вось там і высветліцца, хто ўкраў нашу іконку.

Дзед перахрысціўся:

— Твае б словы ды Богу ў вушы!

 

*

 

Іван Гуровіч пасля гэтага царкоўнага крадзяжу, па-сапраўднаму адчуў словы песні «служба дні і ночы». Крадзеж каштоўнай іконы, раскрыццё гэтага злачынства знаходзілася на кантролі аж у міністэрстве унутраных спраў. Рэспубліканскі Камітэт па справах рэлігіі «церабіў» міністэрства, міністэрства падганяла вобласць, абласная міліцыя ціснула на раённы аддзел, а самым крайнім аказаўся ўчастковы міліцыянер.

Ды і што маглі зрабіць вышэйстаячы інстанцыі? Яны праз мытню перакрылі каналы вывазу іконы за мяжу, зарыентавалі ўсе вакзалы, аэрапорты, рынкі збыту, усіх антыквараў. Але праз мытню ўмудраюцца правозіць вунь якія габарытныя грузы без неабходных дакументаў. А тут невялічкая ікона, памерам нейкіх 30х40 см. Ды яна, магчыма, даўно ўжо далёка за мяжой у багатых калекцыянераў. Адзін Бог і ведае, дзе яна.

Але вышэйшае начальства дапінала не Бога, а Івана Гуровіча, а ў яго, як і ў таго начальства — аніякіх зачэпак.

Хлопец схуднеў, знерваваўся — ні спаць, ні есці не мог. Ён, як цень, хадзіў па мястэчку, прыглядваўся, прыслухоўваўся.

На адной з вуліц звярнуў ўвагу на даволі пахілую, нежылую хату. Было відаць, што ў ёй шмат гадоў ніхто не жыве. Нават шыльда з надпісам «прадаецца» выцвіла і ледзь трымалася на адным цвіку.

Яе, гэту хату Іван бачыў не аднойчы, і сёння звярнуў увагу на яе толькі таму, што, як яму падалося, след дзіка аднекуль крутнуў да ганку гэтай развалюхі. След упрыцірку ля самага ганку віхлянуў і пакрочыў далей, закручваючы бліжэй да дарогі.

След на снезе адбіваўся не вельмі выразны, ды Іван, не будучы паляўнічым, не лічыў сябе спецыялістам па слядах, але ўсё ж ён быў упэўнены, што гэта капыты дзіка.

— Ого! — прамармытаў ён сабе пад нос,— Дзік настолькі пасмялеў, што ноччу шпацыруе нават па населеным пункту.

Але дзівіцца не было асабліва ад чаго. Нярэдка ласі ці тыя ж дзікі завітваюць і ў буйныя гарады.

Збіраўся Іван прывесці да гэтага следу знаёмага мясцовага паляўнічага, каб і той падзівіўся, але ноччу паваліў густы снег і «з’еў» той след.

Работа ўчастковага інспектара, як правіла пачынаецца зранку, але гэта работа з рознымі паперамі ці ў прыёмныя дні — з грамадзянамі. Сапраўдная ж, «жывая» работа захоплівала Гуровіча з вечару і да позняй ночы.

Вяртаўся ён адной ноччу з рэйду па навакольных вёсках дамоў на калгасным УАЗіку і выпадкова, на хаду ўбачыў на той жа вуліцы, ля той жа хаты-развалюхі постаць чалавека.

«Ды мала хто ходзіць»,— падумаў ён, а шафёру заўважыў:

— Ты бачыў, Міхась, у вокнах ні агеньчыка, а адзін паўночнік месіць снег?

Шафёр адгукнуўся:

— Хтосьці ад дзеўкі вяртаецца. Справа маладая...

— Мы ж з табой тожа маладыя,— усміхнуўся Іван.

Шафёр таксама ўсміхнуўся.

— Вы — пры справе, а я — пры вас. Нам не да дзяўчат.

Але раніцай штосьці штурханула Гуровіча наведацца да той старой хаты, дзе бачыў начнога прамінатара.

Не падыходзячы да будынку, з дарогі заўважыў тыя ж сляды дзіка. Дзіва! Бачыў чалавека, ясна памятае адкуль і куды кіраваўся той незнаёмец, але на снезе засталіся не сляды чалавека, а ўсё таго ж таямнічага дзіка. Яшчэ большае здзіўленне выклікала тое, што след, зноў жа, упрыцірку наблізіўся да ганку, і зноў крутнуў да дарогі. Але на гэты раз было бачна, што на дошках ганку засталося крыху снегу, быццам той дзік патаптаўся па дошках.

Гуровіч не ведаў, што і думаць, але зкумекаў, што тут штосьці вельмі падазронае.

— Чалавек з капытамі дзіка! — шаптаў ён,— Што тут да чаго? Красці ў гэтай хаце, пэўна ж, няма чаго, вунь і вокны зеўраць чарнатой без шкла, замок вісіць, як кажуць, для красы. Але ж кагосьці гэта хата вабіць. А каго і для чаго?

Каб не прыцягваць увагі, ён, хуценька падаўся да сябе ў кабінет і ўглыбіўся ў роздум. Трэба нейкім чынам праверыць, што там у сярэдзіне хаты. Але як? Гэта ж не лета, а калі можна было б, не пакідаючы слядоў, наблізіцца да той развалюхі і абследаваць яе. Зараз, зімой, толькі наблізься да ганку — і спалохаеш «дзіка». Іван выкручвай звіліны сваіх мазгоў, але нічога прымальнага не прыдумаў.

Нечакана ў кабінет зайшоў старшыня сельсавета.

— Што ты, Іван Ілліч, сядзіш насупіўшыся, як той хамяк? Што, як казаў класік «дела одолели, дела»?

Гуровіч узрадаваўся гэтаму візіту:

— Ой, як добра, што вы зайшлі, Васіль Васільевіч! Тут такі рэбус, што галава трашчыць.

І ён падрабязна расказаў старшыні пра незвычайнага дзіка і пра яго зацікаўленасць да старой хаты.

— Як бы нам, не ўздымаючы шуму, праверыць тую хату? — закончыў пытаннем участковы.

Васіль Васільевіч пачаў гаворку з інфармацыі:

— Гаспадары той хаты даўно пайшлі з жыцця, радні ніякай не засталося і яна, як ты кажаш, развалюха, перайшла на баланс сельсавета. Гэта мы на ўсякі выпадак павесілі шыльду «прадаецца», але пакупнікі так і не знайшліся. Ўсё збіраліся знесці яе ды пусціць на дровы, але ўсё не даходзілі рукі.

Іван зноў задаў той ж пытанне:

— Дык як бы нам яе, не уздымаючы шуму, праверыць гэту хату ўсярэдзіне. Там штосьці ёсць, але што?

— Ты кажаш, не ўздымаючы шуміхі? — перапытаў старшыня,— Не наслядзіўшы, у тую хату не патрапіш. Трэба, браце Іване, менавіта падняць шум. Заўтра з раніцы мае людзі, быццам бы між іншым, пусцяць слых у некалькіх хатах па розных вуліцах, што нарэшце знайшоўся пакупнік, і гэты «маёнтак» збіраюцца ці пераводзіць кудысьці, ці рамантаваць. Пад выглядам пакупніка пашлем кагосьці ў хату, быццам для азнакамлення.

— Пашлем не кагосьці,— запаліўся Іван,— а я патэлефаную ў раённы крымінальны вышук, няхай прыедуць на легкавушцы ў цывільным аператыўнікі, возьмуць для адводу вачэй з сабой адну-дзве жанчыны і прафесійна зробяць вобыск. Ты, як старшыня сельсавета, і гаспадар хаты будзеш іхнім павадыром, а я, каб нікога не спалохаць — туды ні нагой.

— Цудоўна! — падтрымаў ідэю Васіль Васільевіч.

*

 

У сельскай мясцовасці слых — самы надзейны інтэрнэт. Таму, сусед суседу, суседка суседцы, і гэтак далей па «інтэрнэтнаму» ланцужку, перадавалі навіну, што знайшоўся нейкі «дурань» купіць тую гнілую хату.

А «пакупнікі», два мужчыны і дзве жанчыны, у суправадджэнні старшыні сельсавета, нарэшце адчынілі запаветныя дзверы таямнічага будынку. Адразу ж, на падлозе, пад куфрам, сярод смецця і рознага хламу, знайшлі штосьці закручанае ў белую тканіну. Раскруцілі — і ахнулі. Гэта была, украдзеная з царквы, старадаўняя ікона Маці Божай, якую ўжо і не марылі адшукаць і ўбачыць. Тайнік быў надзейны і, каб ўсё гэта адбывалася летам ці восенню, а не зімой, хутчэй за ўсё цэнны скарб знік бы бясследна. І толькі сляды «дзіка» на снезе вывелі сышчыкаў да бясцэннай рэлігійнай выявы.

Аператыўнікі зразумелі, што выносіць на белы свет ікону пакуль не варта, таму хуценька паклалі яе на месца і, як ні ў чым не бывала, выйшлі на вуліцу. Хадзілі, аглядалі вуглы, вокны, вялі «торг» з старшынёй сельсавету і чакалі. Чакалі, калі ж на жыўца клюне «дзік».

Доўга чакаць не давялося. Прыкладна праз гадзіну да хаты і «пакупнікоў» хуценька падыйшоў малады чалавек, які ўсхвалявана спытаўся:

— Хто з вас купляе гэту хату?

Адна з жанчын, таксама аператыўніца, нядбала адказала:

— Я купляю... Па-сутнасці я яшчэ прыцэньваюся і аглядаю яе.— І сама спыталася: — А вы што, хочаце больш заплаціць?

Хлопец карцінна прыклаў рукі да грудзей:

— Не, я не пакупнік. Разумееце, тут калісьці жылі блізкія мне людзі, радня, і я прашу у вас дазволу забраць мне з хаты партрэт майго далёкага сваяка. Вам ён што? А для мяне — гэта родная кроў. Дык дазволіце?

Гэтага аператыўнікі толькі і чакалі.

Жанчына, яна ж «пакупніца» сардэчна сказала:

— Я разумею вашы кроўныя пачуцці. Заходзьце і бярыце ўсё, што дорага вашаму сэрцу.

Шчаслівы хлопец кінуўся ў хату.

Васіль Васільевіч ціхенька выдыхнуў:

— Я ж яго ведаю. Ніколі б не падумаў, што ў такіх прыстойных бацькоў гэткі сын.

Праз хвіліну хлопец, з белым скруткам выйшаў з хаты. Ён трыумфаваў:

— Вось толькі гэту дробязь і забіраю. Дзякуй вам!

Але перад ім стаў мужчына ў цывільным:

— Я — оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку. Пакажыце, калі ласка, што ў вас у руках.

Хлопец запнуўся:

— Гэта... гэта... разумееце...

Аператыўнік падазваў дваіх чалавек, якія стаялі крыху ўбаку:

— Прашу вас, панятыя, падысці сюды. А цяпер,— звярнуўся да хлопца,— сваімі рукамі раскруціце і пакажыце ўсім нам свайго сваяка.

— Гэта ікона, грамадзянін інспектар,— выдыхнуў выкрыты злачынца.

 

*

 

Да ражства Хрыстова заставалася усяго дзесяць дзён. Гэтае свята абяцала быць у гэтым годзе асаблівым. Вярнулася святыня, вярнулася заступніца — і айцец Мікалай, і ўвесь прыход былі на незвычайным духоўным уздыме.

Івану Гуровічу было датэрмінова прысвоена званне старшы лейтэнант міліцыі. Гэта яго прафесійная пільнасць выкрыла злачынцу, які, здавалася б, безпамылкова прыдумаў варыянт з драўлянымі капытамі дзіка, якія прывязваў да абутку. Гэта ён сапраўды хваткі участковы, падарыў людзям веру ў няўхільную сілу закона.

Дзед Аўдзей, сустрэўшы Гуровіча, пакланіўся яму да зямлі:

— Дзякуй табе, сынок, за службу! Дзякуй ад усіх людзей! І як гэта ты так хутка разблытаў гэткі складаны клубок?

Іван шчыра ўсміхнуўся:

— А мне, шаноўны дзед Аўдзей, прысніўся вешчы сон.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.