epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ветлівы Дымок

Гром быў злосным і пільным сабакам. Гаспадары спалі спакойна, бо ведалі, што ніводзін злодзей нават носа ні ткне на двор. Гром трымаў парадак на сядзібе гаспадароў не адзін, а са сваім, яшчэ зусім маленькім сыночкам Дымком.

Так атрымалася, што маці Дымка, Ласка, сяброўка яго таты, ахоўвала двор і надворныя пабудовы на суседняй сядзібе, дзе і жыла. І Ласка «гаспадарыла» па-суседску не адна, а са сваёю маленькаю дачушкай Мілкай, якая, як вы ўжо здагадаліся, даводзілася роднай сястрой Дымку.

А падзяліць іх і гэткім чынам разлучыць Дымка з Мілкай, людзі былі вымушаны — не трымаць жа цэлую псарню на адным двары.

Ды і разлучаны яны былі больш умоўна, чым натуральна, бо штодня яны па-суседску перабрэхваліся, а сабачае перабрэхванне можна смела параўнаць з чалавечым перакрыкваннем. Вось чаму Гром і Ласка, а таксама іх дзеці, праз сваё «перакрыкванне», добра ведалі ўсе сабачыя навіны і, між іншым, кожны дзень не забываліся пацікавіцца пра здароўе адно аднаго і гаспадароў.

Але... Існавала адно «але», якое псавала настрой Грому. Дымок быў поўнай яго процілегласцю — ціхі, сціплы, ветлівы.

Гаспадары ставіліся да гэтага даволі спакойна і адносілі такую выхаванасць Дымка да яго блазнюковага ўзросту.

Было яшчэ адно «але», якое нервавала Грома. Маленькі Дымок, як лічыў яго грозны тата, перайшоў увогуле межы дазволенага — ён ссябраваўся з усімі катамі і кацянятамі, якія завітвалі на ахоўваемую сабакамі тэрыторыю. Гром задаў бы катам «чосу», але ён, у адрозненні ад Дымка, быў пасаджаны на ланцуг.

— Ды які ты сабака! — гыркаў ён на свайго сынка.— Катоў трэба шарсціць і ганяць так, каб аж іскры ляцелі з-пад іх лап!

— Татачка, яны такія ласкавыя і прыгожыя! — апраўдваўся Дымок.— Яны так цікава расказваюць пра свае кацячыя паходжанні.

— Якія ў іх могуць быць паходжанні? — не адступаў Гром.— Адзін толькі крык па начах...

Паколькі каты гуляюць у асноўным ноччу, дык і Дымок употай ад свайго таты, начамі збягаў са двара, каб пры поўні пасядзець і памарыць з адным з сваіх каткоў-сяброў.

Неяк такой ноччу, вяртаючыся з «самаволкі», Дымок заўважыў, як два незнаёмцы спрабуюць ціхенька ададраць дошкі з тыльнага боку варыўні, нябачнага і недасягальнага для яго таты.

Дымок ведаў, што ў будынку варыўні гаспадары захоўваюць вяндлёныя кумпякі, самаробныя каўбасы і іншую смакату, таму злодзеі спадзяваліся паласавацца чужым дабром.

Дымок падбег да незнаёмцаў ззаду і хацеў штосілы забрахаць на іх, але, паколькі ён быў вельмі добры і ветлівы, брэх у яго не атрымаўся — мусіць, не дазволіла сабачае сумленне брахаць на людзей. Замест брэху, ён ціха, каб не напалохаць незнаёмцаў, сказаў:

— Не аддзірайце, калі ласка, дошкі. Так рабіць сорамна.

Злодзеі разгублена пераглянуліся, затым зірнулі зверху ўніз:

— Гэта ты, шмакадзяўка, сказаў?

— Сказаў я, але я не шмакадзяўка, а Дымок, сын майго таты Грома,— ветліва завіхляў хвосцікам сабачка.— Я не хачу ўздымаць шум і клікаць на дапамогу свайго тату. Таму, будзьце людзьмі і пакіньце ў спакоі дошкі.

Адзін з злодзеяў злосна параіў сябру, які стаяў бліжэй да Дымка:

— Ды пні ты яго нагой пад адно месца, каб праз плот пераляцеў! Чытае тут лекцыі нам, шчанё!

Але сябар не пнуў нагой сабачку, а, падумаўшы, сказаў:

— І сапраўды не будзем паднімаць шум і еньк... Пайшлі адсюль! Бывай, «ваўкадаў».

Дымок яшчэ крыху пастаяў на сваім «рубяжы абароны», назіраючы, як знікаюць у цемры незнаёмцы, затым ціхенька падаўся да сваёй будкі. Але тут яго чакалі непрыемнасці — пільны Гром заўважыў адсутнасць «гулёні» і з грозным выглядам чакаў яго вяртання.

— Дзе цябе носіць нялёгкая? — напусціўся на сына бацька.— Замест таго, каб ахоўваць сон нашых гаспадароў і іхняе дабро, ты цягаешся няведама дзе і з кім! Адлупцаваць бы цябе, ды не хочацца ўздымаць шум.

— Не трэба, тата, шуму... — ціха папрасіў гулёня.

— Які ты сабака! — працягваў злавацца Гром.— Толькі што, адзін дымок, а агню няма!..

Прайшло некалькі дзён. Дымок сядзеў ля варотцаў і грэўся на сонейку. Ён нічога не сказаў тату пра начное здарэнне, бо ведаў, што атрымае ад яго нахлабучку за несабачыя паводзіны.

Раптам бачыць, як міма па вуліцы ідуць двое. Сэрца ў Дымка ёкнула — гэта былі тыя начныя шукальнікі лёгкай нажывы, жыхары гэтай жа вёскі. Убачыўшы Дымка, мужчыны паскорылі хаду.

— А я вас пазнаў! — ветліва завіхляў хвосцікам Дымок.— Пазнаў, але нікому не скажу. А чаму — вы ведаеце самі...

Мужчыны пачырванелі да вушэй і, як мага хутчэй, падаліся прэч, нібы шкадлівыя дзеці.

Дымок, каб мог, засмяяўся б, але смяяцца ён пакуль не вывучыўся. Затое за спінай пачуў грозны татаў голас:

— Зноў ты з некім размаўляеш! Калі ўжо ты пачнеш брахаць?

Нечакана для сябе, Дымок усміхнуўся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.