epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ветразь адзінокі

Пад белым ветразем надзеі

Плыву ў паданні, казкі, міфы.

І мары — сонечныя феі,

Кіруюць, абмінаюць рыфы.

 

Чужая недабразычлівасць

І зайздрасць чорная чужая,

Як плынь падводная. Зласліва

Плысці далей перашкаджае.

 

Гудуць чужых намераў хвалі.

Недасягальнае міражыць.

І лёс штодня кладзе на шалі

Дабро і зло — што пераважыць?

 

Цунамяць тут зямлі разломы,

Вятры тут раздзімаюць шчокі...

Дык вось адкуль радок вядомы:

«Бялее ветразь адзінокі...»


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.