epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вінаватыя самі

Вунь жонка з мужам —

маладыя крочаць,

Рука ў руцэ,

відаць, душа з душой.

Аб нечым размаўляюць —

вочы ў вочы,

Усмешак, слоў вясёлых

цэлы рой.

 

Вось так ручай крынічны

ранак будзіць,

Бяжыць насустрач

ветліваму дню,

Пакуль яго што-небудзь

не забрудзіць,

Не ператворыць

плынь у гарчыню.

 

А вунь ідуць другія —

муж і жонка,

Сярэдніх год —

між імі ўжо скразняк.

Адгаманіла іхняя гамонка —

Яна спытае штось,

ён — «не» ці «так».

 

Ці ён праз паўгадзіны

родзіць слова,

Яна яму ў адказ —

ні бэ ні мэ.

Ён, каб спыніць

увогуле размову,

З трох літараў ёй кіне «камплімэ».

 

А ім жа будзе, пэўна,

год па сорак,

І шмат гадоў

наперадзе яшчэ,

А ў душы

зазірае надвячорак

Й жыцця ручай

забруджаны цячэ.

 

Што робіць час

непрадказальны з намі?

На звод вядзе

жыцця вялікі цуд.

І, пэўна,

вінаватыя мы самі,

Што ў чысціні пачуццяў

плодзім бруд.

 

А вунь старыя —

іх падзеі трэслі,

Ламалі іх, яны ж —

рука ў руцэ.

Яны каханне

праз гады пранеслі,

Жыцця іх рэчка

чыстая цячэ.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.