epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вёска-вёсачка

Лес міражыць сіняй даллю,

Аблачынкі ў небе чыстым,

Як дзяўчаты на Купалле,

Карагодзяць з гарманістам.

 

Пастушок з рагатым статкам

Тоне ў кіпені зялёнай.

Клён кляняткам-немаўляткам

Напявае штосьці кронай.

 

Тут майго наіву ранне,

Мой світанак блазнюкоўскі,

Горыч першага кахання,

Душы продкаў, дом бацькоўскі.

 

Спалучэнне былі й казкі

З сінню неба, з чорным долам —

Вось яна, жыцця закваска

З падсалодай, з перасолам.

 

Дні лістаюцца запоем,

Ночы — з казачнымі снамі,

Вечар пахне сырадоем,

Ранак пульхнымі блінамі.

 

Вёска, вёсачка, калыска!

Як ты блізка і далёка.

Памяццю хілюся нізка,

Сэрцам — узнясу высока.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.