epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вір

Жыццёвы вір,

Аднойчы захапіўшы,

Не выпусціць,

Закруціць

У вяроўку —

Не зробіш пад яго

Падныр.

І двойчы

У адну «ваду»

Не ўлезці —

Не нарадзіцца

Зноўку.

 

*

Вір у вадзе

Тапельніка трымае

«Салдацікам».

І ён

«Стаіць».

Не дзенецца нідзе —

Трывае

І чакае.

Пакуль яго

У дошкі апрануць

І ён з абноўкаю сваёю

У шлях апошні

Пабрыдзе,

Як той Ісус,

Па вечнасці —

Вадзе.

 

*

Жыццёвы вір

Мудрэй

За вадзяны.

Ён увесь час

Мяняе нашы позы —

І яны

«Салдацікам»,

Толькі жывым бываюць,

І ў тры пагібелі

Нам спіны выгінаюць,

І — на лапаткі!

Дзякуй,

Без труны.

 

*

Бываюць, і нярэдка,

Экземпляры —

Вышэйстаячых цені.

Яны кладуцца,

Гнуцца,

Ледзь паспяваюць

Ачышчаць калені

Пасля пяску

Начальніцкай падлогі.

Стаяць салдацікам,

І зноў згінаюць ногі,

Пры гэтым

Паспяваюць

І лізнуць,

І на таварыша

Брахнуць.

Для іх жыццё

Не вір —

Ставок, цішэй балота,

Дзе бруд вакол

І сам — брыдота.

Затое — вось

Нага гаспадара,

Дзе можна ціха

Ці на ўра

Куснуць, брахнуць,

Пакорліва хвастом вільнуць.

 

*

А ёсць такія,

Хто не годзіць

Ні часу,

Ні спакусам,

Ні сабе.

Ляцяць яны вышэй,

Як вольны птах,

І шчырым беларусам

З-пад нябёсаў

Адважна прысвячаюць кожны ўзмах.

Яны на п’едэстал

Нярэдка

Узыходзяць

І гэтак жа

Нярэдка

«У абноўках»

Ідуць

Заўчасна

У апошні шлях.

 

*

Што да мяне —

Кароткая прадмоўка —

Героя не раблю

З сябе,

З свайго жыцця,

Хоць я ўладальнік

Слоў,

Паперы

І алоўка,

І мог без меры пачуцця

Пісаць партрэт

Анёлка.

За доўгае жыццё

Не раз:

І гнулі,

І ламалі праз калена,

Мянялі праўду на ману

І білі ў зубы,

І ў душу нязменна.

А вось пад зад —

Ні разу!

Бо не паказваў ім

Спіну.

А ці даваў я здачы?

Тут вельмі проста

Адказаць,

Адзначыць.

Яшчэ лягчэй рабіць,

Як Бог вучыў.

Цытую:

Улупілі па шчацэ —

Падстаў другую.

А вось душу

Складаней двойчы біць.

Таму душу

Не вытыркай

Дарма.

Раз стукнулі,

А для другога разу,

Другой душы

Няма.

І ўсё ж душу

Ад ран цяжэй пазбавіць,

Чым зубы.

І душа —

Нябачна, ды крывавіць.

 

*

Жыццёвы вір...

Даруйце

Трафарэтнасць гэту,

Не вельмі ўдалы

Вобраз.

Але ён —

Не толькі кожнага

Асобна,

І планету,

І ўсё жыццё на ёй,

І нас усіх —

На кон.

Гарыць зямля

Ад цэнтрабежнай сілы

Бяздумных нашых

Спраў,

Дзе безадказнасць —

Норма.

І плача таласцю

Сівая поўнач

Стылая,

І стынуць душы нашы —

Беззмястоўнасць форм.

А вір —

Не жарты,

Цёмных сілаў нетры

Зацягнуць,

Паглынуць...

Каго?

Мяне?

Зямлю?

Яшчэ штуршок наверх!

Яшчэ глыток паветра!

Ратуй мяне...

Ратуй, Бог, нас,—

Ратуй Зямлю —

Малю!

 

*

Нярэдка —

У жыццёвым

У віры —

Ўвесь рух падзей

Нагамі да гары.

Тады і лёсы —

Да гары нагамі.

І пад пагрозай

Будучыні лёс,

І крочым мы

Не напрамкі —

Наўскос,

І ужо не сонца

Яснае над намі,

А чорных хмар слата

І немата,

І ночы непрабуднай

Чарната...

Вір круціць

Ўсё і ўсіх —

Яго б спыніць,

Уратаваць планету.

Яго бы супакоіць,

Каб разбуральнасць гэту

У плынь стварэння

Пераўтварыць,

Каб словы

Вір,

Віхор,

Вайна —

Ніколі не ўжываць,

А лепш —

Зусім забыць.

2010


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.