epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Водар надзеі

Гады прыгнечваюць. Яны

Не дазваляюць нам фарсіць...

Што б выцыганіць у вясны?

Што б у яе мне папрасіць?

 

Я выгляд сіраты зрабіў,

Прашу: — Калі магчымасць ёсць,

Вярні мне тое, што згубіў,

Вярні, вясна, мне маладосць.—

 

Вясна і вухам не вядзе,

Я зноў, як кажуць, на бабах.

Узрост мой і далей брыдзе,

Як і дагэтуль — ох ды ах.

 

— Тады хоць сілы мне вярні!

Я зноў крычу у твар вясне.

Яна, як і раней — ні-ні,

Ні сіл, ні маладосці мне.

 

Бязвыйсце гнула да зямлі

Маю спіну, маю душу.

— Ты хоць надзею мне пашлі!

Я ў маладой вясны прашу.

 

І дзіва! Я — памаладзеў,

Бадзёрасці адчуў прыліў.

Я ачуняў і неўспадзеў

Надзеі водар піў і піў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.