epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Водар успамінаў

О лецейка пара,

Часоў малечых дні,

Я помню да драбніц

Ваш водар, сколь жыву.

Мы шумнай табалой,

Між гуляў, бегатні,

Аддыхацца, гуртом

Валіліся ў траву.

 

Мы ўсе, да носу нос,

Нібыта сонца круг,

Нагамі круг шырэй,

Нібыта сонца промні.

Насупраць — кожны сябар,

І збоку кожны друг,

А там, дзе «нос да носу» —

Наш дыспут непрытомны.

 

І кожны ў гамане —

Мудрэй за мудрацоў,

Ўжо праз хвіліну мы

Не адчувалі стомы.

Травінка у зубах

У кожнага з мальцоў,

Сцяблінкі кожнай смак

Быў кожнаму знаёмы.

 

І тых травінак пах,

І тых сцяблінак смак,

У памяці душы

Знаёмы назаўсёды.

Адкінуўшы гады,

Эх, сёння б легчы так

З травінкай у зубах,

Пасля жыццёвай стомы.

 

І ўсё ж я рызыкнуць

Рашыў на схіле год,

Кульнуўся на траву,

Нібы малец, з размаху.

Мне муліла зямля,

Мне замінаў жывот,

Сцяблінка у зубах —

Ні смаку і ні паху.

 

Прыемна ўсё ў пару,

Ўсё добра да пары —

І гулі басанож,

І тонкі смак сцяблінаў.

Я памятую вас,

Мальцы, мае сябры,

Я ў сэрцы вас нашу

І водар успамінаў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.