epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Водаўстойлівая вош

— Слухай, сусед, ці не завялося ў маёй галаве што?

— Няўжо розум?!

— Ды не! Я думаю, што нейкая вош...

— Адкуль ёй узяцца?

— Халера яе ведае! Але ж грызе тыдзень нешта ў адным месцы. Дае й дае ў патыліцу.

— Хай бы жонка пашукала з грабеньчыкам.

— Шукала, але ці размінулася з ёй, ці помсціць мне за тую нашу з табой гулянку.

— Ой, браток! Лепей вош на патыліцы, чым баба ў хаце! Яшчэ невядома, хто мацней грызе...

— Яно-то так, але што ж мне рабіць з вошшу?

— А ты галаву мыў?

— А як жа, суседзе! І мыў, і соваў галаву ў цэбар — думаў, захлынецца. Дык не! Сам наглытаўся вады, ледзь аддыхаўся, а яна абсохла разам з валасамі і — зубамі ў патыліцу. Нейкая водаўстойлівая вош трапіла на маю галаву...

— А ці спрабаваў ты...

— Пасыпаў! І попелам пасыпаў, і глінай мазаў, размешанай з курыным памётам...

— Чуў я, браток, надта добра змагаецца з вошшу воцат, змешаны з газай і нягашанай вапнай. Памый гэтым галаву, і твая вош адкіне лапці, як міленькая!

— Цікава! Пра такую каву я не чуў! Дзякуй, сусед, за параду! Ой, дзякуй!..

Разышліся сусед і браток, каб кожнаму заняцца сваёй справай. Вечарам браток, употай ад сваёй жонкі, намяшаў «кавы» і за хлявом памыў галаву. Зашчымела патыліца, засвярбела, ажно слёзы з вачэй пырснулі на дзевятае бервяно.

— Нічога! — радаваўся браток.— Калі ўжо мне нясцерпна, ёй — яшчэ горш! Давыскалялася, падла!..

Зайшоў у хату браток і нырнуў пад коўдру да жонкі.

— Фу-у! Што там у цябе пад ручніком за смурод?! Не галава, а чорт ведае што! — ускочыла жонка з ложка.

— Раніцай пабачыш — буду як пераніцаваны!

Але раніцай абое жахнуліся — памытая вечарам галава блішчала, як люстэрка на сонцы. Аніводнай валасінкі не засталося! Тут ужо і праўда ніякая вош не схаваецца.

Калі глянула жонка на мужаву патыліцу, дзе яму ўвесь час свярбела,— пляснула ў далоні:

— Тут жа не вош! У цябе тут невялічкі струпок, які ты ўвесь час раздзіраў, а ён, загойваючыся, свярбеў з новай радасцю!

Кінуўся браток да суседа, адчыніў дзверы і крыкнуў з парога, бліснуўшы голай галавой:

— Ну, сусед! Калі сядзе на тваім языку скула, прыходзь да мяне — дам добрую параду, як ад яе пазбавіцца... разам з языком!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.