epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Волаты Белавежскай пушчы

Зубр, якога звалі Волат, паволі ішоў па Белавежская пушчы, лянотна памахваў хвастом, адганяючы мух, і ціхенька сам сабе скардзіўся:

— Сумна... Сумна жыць і нікога не баяцца. Ваўкі і тыя абыходзяць мяне. Я такі дужы, а каму я магу паказаць сваю моц, калі роўнага мне няма?

І зубр падчапіў рогамі бервяно, якое ляжала на яго шляху, і з лёгкасцю зашпурнуў далёка ад сябе, быццам гэта была запалка, а не паваленая сасна.

— А я дык усіх баюся. Мне дзень і ноч страшна. Як я вам зайздрошчу, дзядзечка зубр. Вы такі магутны, Волат!

Зубр азірнуўся і ўбачыў зайца, які баязліва скакаў крыху збоку ад яго, і таксама скардзіўся на свой лёс.

— Не ведаю, пра што ты гаворыш,— здзівіўся зубр.— Што гэта такое «страшна»?

— А гэта, дзядзечка Волат, калі баішся нават уласнага ценю, калі подых ветру наганяе жах, калі...

— Ты, вушасты, перабольшваеш,— перарваў заячыя развагі Волат.— Цень... вецер... хіба ж гэта ворагі?

Гэтым часам зубр і заяц праміналі дзве маладыя асінкі, якія асцярожна зашапталіся:

— Ціха ты! Не дрыжы сваім лісцем, не прываблівай увагу!

— Як я магу не дрыжаць, калі вунь скача сам Заяц, ён умомант можа абгрызці нашу кару, тады мы прапалі,— адказала шэптам другая асінка.

Зубр усміхнуўся:

— Ну вось, баязліўчык, і цябе хтосьці баіцца. Асінкі нават увагі на мяне не звярнулі, а перад табой закалаціліся, як асінавы ліст. Для іх ты — волат.

Заяц апраўдваўся:

— Гэта я зімой, бывае, і пагрызу асінавую карыцу. Але голад вымушае мяне гэта рабіць. Ды і тое, я стараюся грызці паваленыя ветрам асіны.

Раптам зубр, які падчас размовы з зайцам, глядзеў больш убок, чым уперад, ударыўся лбом у дрэва. Звычайна дрэвы паважліва расхіналіся перад гаспадаром Белавежскай пушчы альбо гнуліся ці зусім ламаліся, а гэта дрэва нават не пахіснулася. Зубр уважліва агледзеў нечаканую перашкоду на сваім шляху.

— Ты хто?

Дрэва з гонарам адказала:

— Я — Волат! Дуб Волат!

— О-о! Дык мы цёзкі! — усклікнуў зубр.— Я таксама Волат!.. А вось я зараз праверу, які ты Волат.

І зубр, адышоўшы, набраў разгон і штомоцы ўдарыў лбом па ствале дуба. Волату-зубру падалося, што ў яго з вачэй паляцелі іскры,— у галаве загуло, ногі падагнуліся. А волат-дуб, як стаяў, так і працягваў стаяць, не варухнуўшы нават сваім раскідзістым голлем.

— Ого! — заматаў галавой зубр.— Ды ты сапраўды Волат! Я — самы дужы ў Белавежскай пушчы, а цябе нават скрануць не змог. Цяпер я бачу, што ты самы дужы і ніхто цябе не паваліць.

— Ты памыляешся, цёзка,— сумна прашапацеў лісцем Волат-дуб.— Ёсць той, каму пад сілу мяне знішчыць.

— Хто гэта? — усклікнуў зубр.— Чалавек?

— Не, чалавек у Белавежскай пушчы — наш сябар. Ён нас ахоўвае...

— Дык хто гэта? Няўжо ёсць у нашай пушчы той, хто больш дужы, чым я? — захваляваўся зубр.

— Я не буду называць яго, каб не наклікаць бяду, бо баюся нават аднаго яго імя. Бывай, цёзка!

— Бывай! — разгублена адказаў Волат-зубр і пайшоў шукаць таго, хто, аказваецца, больш дужы, чым ён.

Зубр успомніў пра зайца і хацеў запытацца ў яго, можа, ён ведае, хто гэты асілак, якога баіцца непахісны Волат-дуб, але зайца ўжо побач не было.

Шмат часу прайшло, пакуль зубр выхадзіў усю пушчу і ўздоўж, і ўпоперак, але дужэйшага за сябе не знайшоў. Вяртаўся ён да Волата-дуба, каб сказаць яму, што той памыляецца і дарэмна некага баіцца. Калі ўжо яму, зубру, не пад сілу зваліць такога Волата, як дуб, дык жыць ён можа і надалей упэўнена і спакойна.

Але, падышоўшы да таго месца, дзе колісь узвышаўся над усімі сваёй кронай магутны дуб, убачыў яго ляжачым на зямлі, без лістоты і амаль без кары.

— Хто?! Хто гэта зрабіў? — закрычаў у адчаі Волат-зубр.— Дзе той асілак, які паваліў такога Волата?

— Я тут! — прапішчала штосьці ці хтосьці.

— Дзе тут? Я цябе не бачу! — узрушана спытаўся ўсхваляваны зубр.

— Ды тут я! Пад самым тваім носам... Прабач, пад самай тваёй пысай. Вось я, на ствале дуба.

Волат-зубр уважліва агледзеў мёртвы ствол свайго цёзкі і заўважыў на ім маленькага жучка.

— Гэта ты? — здзівіўся зубр.— Няўжо гэта цябе баяўся Волат-дуб?

— Мяне! — самазадаволена адказаў жучок.

— А хто ты?

— Я — жук-караед. Мне варта толькі залезці пад кару дрэва, і жыць таму дрэву застанецца мала. Мае лічыны свідруюць яго наскрозь, ператвараючы ў труху. Мяне баяцца тут усе дрэвы!

— А я нікога не баюся! — з гонарам усклікнуў Волат-зубр.— Нікога!

— Не надта ты пахваляйся,— празумдзеў жук.— Над кожным волатам ёсць свой волат.

Раптам зубр з жахам ускрыкнуў:

— Вой! Во-ой! Ай, пеканула, як агнём! — і, падняўшы хвост, кінуўся ў ратавальны гушчар, а над ім пераможна гудзеў авадзень-крывасмок.

— Ха-ха-ха! — зарагатаў жук-караед.— такі вялікі, а не ведае, што ў жыцці кожны некага баіцца...

Але ту караед сцішыў голас і баязліва завойкаў, убачыўшы падыходзячых людзей:

— О-ё-ё! Трэба хуценька хавацца!

Да паваленага дуба падыйшлі два лесніка і заклапочана загаманілі:

— Ну вось, чаго баяліся, тое і адбываецца... Зноў нашэсце жукоў-караедаў. Трэба тэрмінова ратаваць дрэвы.

Зубр, які схаваўся ў цяністым гушчары, пачуў чалавечую гаворку і здзівіўся:

— Людзі,якіх я лічыў уладарамі прыроды, баяцца нейкіх там жучкоў. А я, смешна сказаць, аказваецца, баюся аваднёў! Відаць, праўду казаў той караед, што над кожным волатам ёсць свой волат.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.