epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Волік

Вясной ацялілася Карова. Яна пяшчотна лізала сваё дзіцятка, якое ляжала і пакуль не магло падняцца на ножкі, такія яны былі зусім кволенькія.

Але час хутка робіць справу для жывёліных дзяцей. Яны, у адрозненні ад нашых дзетак, растуць і сталеюць даволі хутка.

Вось і цялятка, дакладней, Бычэчак, праз некалькі дзён падняўся на свае ножкі і, між ласаваннем цёпленькім малачком з мамінага вымя, спрабаваў ужо скубці траву. Яшчэ праз нейкі час, любімым заняткам нованароджанага было прагульванне ля хлява пад ласкавым вясеннім сонейкам.

Бычэчка вельмі цешыла тое, што акрамя мамы Каровы, яго любілі ўсе астатнія — і Гаспадыня з Гаспадаром, і іх малыя дзеткі, і іншыя жыхары гаспадарскай сядзібы.

А гэтых «іншых» было нямала. Гэта — і цява Служык, і каток Кеша, і пеўнік Кукарэка, не кажучы пра Курачак і залётных Верабейчыкаў.

Чамусьці больш за ўсіх хінуўся да Бычэчка пеўнік. Ён яшчэ надосвітку заскокваў на жэрдачку над Бычэчкам і бадзёра спяваў:

Ку-ка-рэ —

Ку-ка-рэ-ку!

Шмат я бачыў на вяку...

Мама Карова прасіла пеўніка:

— Спяваў бы ты, Кукарэка, дзесь у другім месцы, ты ж спаць не даеш майму сыночку... Вось, ён ужо і прачнуўся з тваёй такой ласкі.

Але пеўнік бадзёра адказваў:

— А хіба вы не ведаеце, што сваімі спевамі я буджу Сонейка? Не праспяваю я — і не пачнецца раніца.

Бычэчак прасіў сваю маму:

— Мамачка, няхай пеўнік спявае. Мне вельмі падабаюцца яго спевы!

Ішлі дні. Спачатку Бычэчак мала звяртаў увагі на сэнс пеўнікавай песні — ну спявае і спявае. Усе суседскія пеўні надосвітку спяваюць — што тут асаблівага. Але потым яго зацікавілі словы: «Шмат я бачыў на вяку...»

— Скажы, Кукарэка, што такое ты бачыў на сваім вяку? Ты, пэўна, шмат ведаеш таго, чаго не ведаю я.

Пеўнік скокнуў з жэрдачкі і сумна сказаў:

— Не варта было б мне табе гэта казаць, але я вельмі палюбіў цябе і цяпер вагаюся, што мне рабіць? Не скажу, значыць, не папярэджу цябе, скажу — не ўратую, а толькі засмучу... А як дапамагчы — не ведаю.

— Ты пра што? — занепакоіўся Бычэчак.— У чым ты шукаеш дапамогу мне, Кукарэчка? Кажы!

Пеўнік сумна ўздыхнуў:

— Ведаеш, Волік, каб ты нарадзіўся цялушачкай, ну, дзяўчынай, у цябе быў бы шанц на жыццё. Цябе, магчыма, планавалі б пакінуць, як будучую карміцельку-карову... А бычэчкаў... я бачыў гэта не адзін год, гадуюць, страшна сказаць, на мяса...

— На мяса! — жахнуўся Волька.— Няўжо можна есці яшчэ што-небудзь акрамя малачка і травы? Навошта?

Пеўнік падтрымаў сябра:

— І я хачу, каб усе на зямлі елі штосьці такое... зерне, траву, моркву, капусту, адным словам, расліннае. Каб не нішчылі нічыё жыццё. Але, на жаль, так не атрымліваецца...

— Што ж мне рабіць, Кукарэкачка? Парай, як ратавацца?

— Не ведаю,— апусціў дзюбу пеўнік.— Не ведаю, дружа...

Заплакаў Бычэчак, якому пеўнік даў імя Волік, і як сцямнела развітаўся з пеўнікам і ўпотай ад мамы, падаўся прэч са двара, куды вочы глядзелі.

Гаспадары не ведалі, што і думаць, куды падзяваўся Волік.

— Які ён быў ласкавы і разумененькі! — выцірала ўзмакрэлыя вочы Гаспадыня.

— А які прыгожанькі! — уздыхаў Гаспадар.— У яго між вочак на лбе красавалася белая зорачка, а вочы вельмі рэдкага колеру — блакітныя, як валошкі...

А між тым, Волік, карыстаючыся тым, што лета толькі пачыналася, не галадаў і не замярзаў на прыродзе. Ён хутка рос і не менш хутка дужэў. Яго галаву ўжо ўпрыгожвалі даволі прыкметныя рогі.

Волік вельмі сумаваў і па маме, і па ўсіх сваіх сябрах, але паспеў прызвычаіцца да вольнага жыцця і не збіраўся вяртацца на гаспадарчую сядзібу.

У дадатак да ўсяго, матухна-Прырода падказала яму, што неабходна рыхтавацца да зімовых маразоў, таму Волік пачаў паступова абрастаць поўсцю, быццам апранаць цёплае адзенне.

Прайшло амаль паўгода. Надыходзілі халады. Гаспадар запрэг каня і, узяўшы сякеру, паехаў у лес, каб прывезці дровы.

Нагледзеўшы некалькі сухіх хваінак, Гаспадар злез з калёс і пачаў аглядаць дрэвы, прыкідваючы, у які бок валіць, каб не завіслі.

Раптам ён пачуў за спінай трэск галля і з жахам заўважыў мацёрага Мядзведзя, які пагрозліва набліжаўся. Конь падняўся на дыбы, трывожна заіржаў і, як шалёны, паімчаў прэч.

Гаспадар пахаладзеў — на калёсах засталася сякера, апошняя надзея на абарону.

А Мядзведзь наблізіўся і падняўся на заднія лапы. Гаспадар некалі чытаў, што гэта — верная прымета таго, што Мядзведзь настроен рашуча і агрэсіўна. Звычайна Мядзведзь на людзей не нападае. Адбываецца такое толькі тады, калі лахматы жыхар лесу мала назапасіў тлушчу для зімовай спячкі. Галодны мядзведзь — злосны і непрадказальны.

Чамусьці гэта ўсё ўспомнілася Гаспадару, але палёгкі не прынесла і ён падрыхтаваўся да самага горшага, бо Мядзведзь узняў угару пярэднія кіпцюрыстыя лапы, раскрыў ікластую пашчу і страшэнна зароў.

Раптам з другога боку таксама ламаючы голле, нехта выскачыў...

Гаспадар акамянеў і, як пад гіпнозам назіраў, як той нехта рынуўся на Мядзведзя, і збіў яго з лап на спіну.

Мядзведзь, нягледзячы на клышаногасць, спрытна ўскочыў на ўсе чатыры лапы і кінуўся на свайго ворага. Завязалася барацьба не на жыццё, а на смерць. Кроў і поўсць разляталіся далёка ў бакі. Немагчыма было зразумець, хто напаў на Мядзведзя і хто перамагае.

Гаспадару падалося, што яго абаронца Лось, але таго, што Лось можа напасці на Мядзведзя, нават прысніць немагчыма. Звычайна, хоць і рэдка, адбываецца наадварот.

Нарэшце Мядзведзь вырваўся з гэтага смяротнага клубка і даўся на ўцёкі.

На месцы ж застаўся... не, не Лось і ніхто іншы, а не зусім сталы, затое пераканаўча-моцны Бык. Бакі яго і шыя былі акрываўлены, дзе-нідзе вісела абадраная скура, ён хістаўся і цяжка дыхаў.

— Бы-ы-ык?.. Адкуль ты? — не стрымаўся Гаспадар.— Я і не ведаў, што ў нашых лясах існуюць дзікія быкі!

А Бык, тым часам, аддыхаўся і, храмаючы, накіраваўся да аслупянелага Гаспадара, які напружыўся, баючыся агрэсіі, цяпер ужо з боку свайго выратавацеля.

Бык падышоў і прыхінуўся лбом да грудзей Гаспадара, пры гэтым неяк жаласліва рыкнуў, потым падняў галаву і зазірнуў чалавеку ў вочы.

Толькі цяпер Гаспадар заўважыў на лбе між вачэй жывёлы белую зорачку! А вочы! Яны былі блакітныя, як валошкі!

— Бычэчак! Ты? — радасна ўскрыкнуў Гаспадар.— Родны Бычэчак! Гэта ты ўратаваў мне жыццё! Дзякуй табе і прабач! Хадзем дадому, родненькі! Мы прытулім цябе, залечым твае раны і ніколі не пакрыўдзім. Жыві з намі да старасці.

Волік усё зразумеў і з яго блакітных вачэй скаціліся слёзы ўдзячнасці. Ён зноў зазірнуў у вочы Гаспадару і ціхенька падаўся ў лес.

— Куды ты, Бычэчак? Куды ты, родненькі? Вярніся! — крычаў расчулены Гаспадар.

Але Волік, не азіраючыся аддаляўся і знік у гушчары...

Даўно гэта было... Так даўно, што сёння ніхто нават не скажа, дзе і калі адбылася гісторыя з Волікам. Яна згубілася сярод мноства іншых гісторый і падзей, якія, як у калейдаскопе, мяняюцца ў нашым жыцці.

Таксама невядома, звязана гэта гісторыя ці не з тым, што здавён-даўна ў нашых лясах жывуць сапраўдныя дзікія быкі — Зубры. Адкуль яны? Не выключана, што гэтыя магутныя Волаты — нашчадкі даўно забытага Воліка.

Забытага? Не! У вёсцы кожную раніцу можна пачуць прызыўны спевы Пеўніка, які ўсё кліча і кліча свайго сябра:

Ку-ка-рэ —

Ку-ка-рэ-ку-у!

Я сумую па дружку-у!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.