epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вось гэта талент!

Перад спектаклем рэжысёр

Звярнуўся да свайго Атэла:

— Ты дай фантазіі прастор,

Сыграй Атэлу дзёрзка, смела.

 

Ён быў тыран,

Быў антыпод,

Напніся, падтрымай Шэкспіра,

Каб крытыкі запхнулі рот,

Каб ажно млеў

Глядач-прыдзіра.

 

Калі на сцэне не ігра,

А гістарычныя прыгоды,

Тады спектаклі на «ура»

І успрымаюцца заўсёды.

 

Характар маўра пакажы,

Як ён лютуе падазрона,

Хай па-сапраўднаму дрыжыць

Перад табою Дэздэмона.

 

Запомні!

Гэта твой дэбют

Уразіш —

Быць табе народным.

Ну, ты усё уцяміў? Гут?

Акцёр прамовіў ціха:

— Згодны.

 

І вось спектакля

Йдзе прагляд —

Пасля пытанняў і адказаў,

На Дэздэмону,

Як вар’ят,

Уссеў Атэла чарнамазы.

 

І так у ролю

Ўжыўся ён,

І так пачаў

Душыць актрысу,

Што у яе душа ўжо вон,

Атэлу ж цягнуць за кулісы.

 

Ён, хоць у гледачоў кумір,

Яго міліцыя скруціла...

Шкада, не ведае Шэкспір,

Якая ў яго творах сіла.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.