epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вось так...

Хоць я і шмат зрабіў —

няма і знаку.

Нязробленага яшчэ больш — слата.

Я прыхінуў бяздомнага сабаку,

Я прытуліў бадзяжнага ката.

 

Лячыў, як мог, параненую птушку,

Якую хтось хацеў упаляваць.

А потым ледзь не плакаў у падушку,

Калі яе не змог уратаваць.

 

Я не адзін раблю дабро спрадвеку,

Бо боль чужы ва ўсіх душу кране...

А ноччу я чужому чалавеку

Ці адчыніў бы дзверы?...

Мусіць — не.

 

Я ў лесе згодзен і з ваўком спаткацца,

А з чалавекам?..

Боязна бяды.

Рабіць усім дабро —

святая праца,

Дабром за гэта плоцяць не заўжды.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.