epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Восень

У сэрцы храм узводзіў я,

У ім збіраў сяброў цікавых —

Вясну, каханне, салаўя

І маладых гадоў забавы.

 

Але гады — як лістапад,

Іх гоніць лёсу навальніца.

І азіраюся назад,

І жах бярэ — няўжо ўсё сніцца?

 

Тут столькі музыкі было!

Тут чуўся смех, віно лілося...

Чаму так хутка адгуло

І адспявала шматгалоссе?

 

Змоўк салавей, зшарэлі дні,

Ружовасць знікла без астатку.

З бязмежнасці, велічыні

Ператварыўся храм у хатку.

 

І вечнае ідзе на злом,

І для бязмежнасці ёсць мерка.

І ўжо насупраць за сталом,

За сабутэльніка — люстэрка.

 

Памылкі топяцца ў віне —

З пятлі грахоў ці будзе выйсце?..

А вецер часу кінуў мне

Пад ногі восеньскае лісце.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.