epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Восень на носе

Пахне бульбоўнiкам — восень на носе,

Выскачка кроп запалонiў гарод.

Лета прыцiшыла рознагалоссе

I адыходзiць надоўга — на год.

 

Быццам нябачны, нячутны гадзiннiк

Круцiць i днi, i надвор’е, i нас.

Восень на носе — падводзiцца вынiк:

Плённа цi марна патрачаны час.

Восень — вяселлi, дакопкi, дажынкi,

Пот хлебароба на цёплай раллi...

Падае выспелы яблык з галiнкi —

Цяжка i глуха ў далонi зямлi.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.