epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вулкан

Гарачай лаве цесна

глыбока у зямлі,

Яна бурліць,

шукае выйсце з нетраў.

Калі ўзлютуе жар,

зашкаліць ціск калі,

Гарачым выбухам

імкнецца у паветра.

 

Вулканаў подых — жах,

як кажуць, іскры з воч,

Зямля салют

ў свой гонар выкрасае.

Каб выбух не змяншаў

падземных хваляў моц,

Ці вытрымала б ціск

кара зямная.

 

Ў паэтаў, у ва ўсіх,

ў душы вулкан такі,

Не бачны ён

цікаўнымі вачыма,

А бачны ён тады,

калі не з-пад рукі,

А ў свет ляцяць з душы

гарачыя радкі,

Бо стрымліваць

іх націск немагчыма.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.