epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Выдумшчык

— Я хоць роду мужыцкага, хоць семя маё, як кажуць, на гнаі прарасло, а паняцце маю пытляванае. Не ведаю, якое яно было, колішняе дваранства, а сялянства маіх продкаў — караністае і ўчэпістае, прышчэпленае да адвечнай кемлівасці...

Дзед Кузьма зрабіў глыбокую зацяжку, выпусціў праз нос дым і важна абвёў поглядам прысутных.

Прысутныя, старыя бабы-адзіноты, аднагодкі Кузьмы, сядзелі на лаўцы пад векавой ліпай абапал апошняга ў вёсцы дзеда і пагаджаліся з ім, думаючы кожная пра сваё.

— Так... так... вядома... А як жа...

Кузьма зноў зацягнуўся і працягваў:

— Я ў сваім жыцці памыліўся толькі адзін раз, акрамя таго, што ажаніўся. Пасеяў тытунь не ў добрую пару — трэба было пад поўню, а я ткнуў у зямлю на сходзе маладзіка і змушаны быў курыць яго, нібыта траву: ні табе моцы, ні смаку. Дый то гэта было дзесяткаў шэсць ад майго дваццацігоддзя.

Дзед зноў зацягнуўся і смачна крактануў:

— А гэты вочы выядае да патыліцы, прадзірае нутранку да пятаў. Забыўся, як камары выглядаюць: дохнуць за вярсту ад мяне...

Старыя бабы пагаджаліся:

— Так... так... вядома... А як жа...

— Мая нябожчыца Параска,— дзед перахрысціўся,— царства ёй паднябеснае, казала: «Ты, Кузьма, мяне перажывеш, бо твая галава нічым не перагружана...» Яна, мая ластаўка, мела на ўвазе тое, што, акрамя розуму, нічога лішняга Бог у маю галаву не паклаў.

— Так... так... вядома... А як жа...— чулася з двух бакоў.

— Учора,— дзед пусціў дым з носа,— злавіў у Кабаковым віры шчупака. Вочы — па яблыку, клыкі — як у твае, Стэфка, сучкі. Валтузіў мяне паўдня — ледзь рукі не павырываў, сцярвец...

Дзед ляснуў даланёй па лысіне:

— Камары разляталіся! — зацягнуўся і казаў далей: — Дык вось — шчупак. Распароў я яму пуза і войкнуў: цалюсенькі гусак ляжаў ля паветранага пузыра ў прамой кішцы. Цэленькі, як ёсць, толькі пер’е абслізла. Абмыў я яго, пасаліў і, як ёсць, у печ, да агню. Такая смаката — не мог ад’есціся. Праўда, крыху цінай аддаваў. А шчупака я пасаліў у кубёлку і ў склеп — на зіму паставіў...

Бабы, хоць ведалі, што Кузьма ніколі не займаўся рыбалкай, ківалі галовамі:

— Так... так... вядома... А як жа...

Дзеду, па праўдзе кажучы, абрыдла штодзённая лагоднасць баб, хацелася здзіўлення, пытанняў, зацікаўленасці. Нават ката, калі яго штодня гладзіць ад галавы да хваста, заванітуе ад салодзенькай пяшчотнасці: яму сяды-тады трэба і поўсць уздыбіць, і раз’юшыцца, каб аж блохі пырснулі ва ўсе бакі.

Дзед скасавурыўся на слухачак — ніякіх эмоцый. Можа, ім расказаць, што знайшоў у лесе калоду пчол і мёду назапасіў цэлую кадушку? Не! Лепей — дзве кадушкі!.. А хоць сабе і тры — іх і гэта не кране, будуць такаць ды пагаджацца. Порхаўкі старыя!

У Кузьмы ад такіх думак нават цыгарка патухла.

«Ха-а! — весела падумаў ён, ад чаго з цыгаркі пайшоў дым.— Я вас прапяку наскрозь, чортава семя!»

— Э-хе-хе...— абыякава выдыхнуў ён.— Што я ўсё пра тытунь ды пра шчупака? Якая гэта дробязь у параўнанні... Я ж зусім забыўся...

Кузьма загадкава цмокнуў языком і змоўк. Старыя пераглянуліся.

— А што не дробязь? — спыталася адна з іх.

Кузьма моўчкі зацягваўся і выпускаў дым праз нос.

— Кузьма, ну што?! — ледзь не ў адзін голас запыталіся бабы.

Кузьма таямніча прыклаў пажаўцелы палец да сівых вусоў:

— Толькі ж глядзіце — нікому! — І зноў нетаропка зацягнуўся.

— Ну што? Што? Не цягні ката за хвост! Хутчэй! — перабівалі адна адну бабы.

— Жанюся! — секануў Кузьма.

— Во-о-ой! — цяпер ужо ў адзін голас усклікнулі слухачкі.— Здурнеў! З кім? Брахун! А хто яна? Хто?! Зноў цягнеш ката за хвост!

Кузьма за свой доўгі век добра вывучыў жаночыя слабасці, таму сцяміў, што трапіў у самы яблычак. Ён нядбайна ўстаў з лаўкі і прамовіў:

— Яшчэ не вырашыў, хто яна... Яшчэ выбіраю... Ну, бывайце, ластаўкі! — І падаўся хісткай хадой да сваёй, гэткай, як і сам, старой, хаты... Дзед плячамі адчуваў зацікаўленасць «ластавак» да сваёй асобы, і гэта надавала сілы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.