epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Выключэнне

О не дай Бог,

Каб я радзіўся

Ў сучаснасці, з якой знаём.

Ні з кім я, пэўна б, не жаніўся,

Так і памёр бы бабылём.

 

Аб густу спрэчак не бывае,

Пра густ мы нечы — ні гу-гу.

Ўсё ж ён на лёсы уплывае,

На мой —

У першую чаргу.

 

Мне сёння густы вочы коляць,

Хоць не расплюшчвайся —

Мой Бог!

Гляджу я на дзяўчат,

На моладзь —

Каго б я ў жонкі выбраць мог?

 

Каго б я выбраць мог?

Нікога!

Хоць іх раскручвай на ўсе сто.

Яны не вабяць і старога

Сваёю штучнасцю.

Ніхто!

 

І мне сумуецца употай,

І я вяртаюся цішком

Да тых часоў,

Дзяўчат-пяшчоцін,

Прывабных —

Кроў — эх! — з малаком.

 

Глядзець на іх —

Не наглядзецца,

Так замілоўваюць душу.

І кожная пяшчоціць сэрца —

Той успамін, як скарб нашу.

 

Ёсць сёння моладзь —

Заглядзенне,

Хто упрыгожыць сумны баль.

І ўсё ж яны,

Як выключэнне

З агульных правілаў, на жаль.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.