epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вынік

Мы, дайшоўшы да мэты,

Зноў задумку-ідэю народзім,

Зноў завершым пачатую дзейнасць —

Хвалі клопатаў, спраў, як прыбой.

Ці падводзім мы вынік сваім намаганням?

Падводзім!

То пісьмова, то ў думках,

Перад часам адказныя,

Перад сабой.

 

Прадзіраемся мы

Праз гушчар нашых спраў, праз уцехі,

Не губляемся кропляй

Ў бязмежнасці, з назваю «час».

Бо, падводзячы вынік,

Астаўляем здзяйсненні, як вехі —

Штосьці з намі знікае,

А штосьці жыве пасля нас.

 

Набліжаецца лёсу мяжа

Прадказальна ды неспадзявана.

Мэты — недзе ў мінулым,

Надзеі — як прывіды, быццам туман.

Ці падводзім мы вынік жыцця?

Не, бо думкаю цешымся: — Рана!

Вынік — кропка ў жыцці,

Шматкроп’е — наш самападман:

 

— Мы яшчэ пажывём!

Мы яшчэ наварочаем спраў!

Пагутарым!

Мы яшчэ...

О, як цяжка прыняць: мы «ужо» —

Назаўжды!

Мы ужо — у мінулым...

Нават мары свае

Безнадзейнасцю хмарым:

Мы ужо — да мінулых часоў грамады,

Мы ужо — ў нікуды.

 

Лёс мой — тысяча лёсаў,

Даволі звычайны і зрэбны,

Ні шаўковы, ні тлусты,

Усё ж — на плаву ні на дне.

Хтосьці скрывіцца кісла з пытаннем:

— Каму ён патрэбны,

Гэты вынік жыцця твой?

Адказ мой упэўнены:

— Мне!

 

Мне мой вынік жыцця —

Ні падлікі пустыя, ні гукі.

Перад продкамі я, перад Богам,

І перад сумленнем трымаю адказ.

Справаздача дазволіць —

Ці скласці заслужана рукі,

Ці ў труне павярнуцца ад жаху —

Дарэмна патрачаны час!

 

І хоць час яшчэ церпіць,

Не дыхае восень марозна,

Й супакойвае нешта:

— Не спяшайся, апошні радок не пішы!

Вынік вынікаў свой

Завяршыць лепей рана, чым позна,

Ўсё расставіць на месцы свае,

Быццам чыста прыбраць у душы.

 

Жыць адным толькі днём —

Значыць праіснаваць безназоўна.

Вынік спраў і жыцця —

Нашых кропелькаў-лёсаў мільён.

Гістарычна мы звязаны ўсе,

Радаводам мы звязаны кроўна,

Узаемазалежныя мы,

Пераемственнасць мы — я, ты, ён.

 

Мы падводзілі вынікі

Справам жыццёвым —

Прылюдна і строга.

Мы публічна прымалі і поспех,

І лёсу удар.

А чаму ля апошняй мяжы

У душу не пускаем нікога? —

Вынік вынікаў — тайная споведзь,

Кожны сам для сябе —

І суддзя, і святар.

 

Ледзь не кожны публічна —

Не інакш, як духоўны асілак.

Але ёсць яшчэ ўласнае «я»,

Ад якога не дзецца нідзе.

Ад яго не схаваеш

Ні шматлікіх грахоў, ні памылак —

Наша скрытае «я»

За публічным няўсыпна ідзе.

 

Наш нябачны двайнік —

Нашы цуглі і наша ікона,

Без якіх лёсу шлях

На ўвесь рост не удасца прайсці,

Хто губляў двайніка,

Той ўзносіў сябе улюбёна,

А, па-сутнасці, хутка,

Бясследна губляўся яшчэ пры жыцці.

 

Мы прывыклі адвеку —

Зноў спяшацца і зноў мітусіцца.

А жыццё?..

Гонім думку,

Што колісь расстанемся з ім.

Вынік вынікаў — мой самасуд,

Будзе мне ачышчальнай крыніцай,

Будзе мне пакаяннем маім,

Блаславеннем маім.

 

Шмат навокал падзей,

Несупынна жыццё карагодзіць,

Круціць лёс мой, а значыць,

Я апошні акорд не дайграў.

Вынік вынікаў мне,

Сапраўды, яшчэ рана падводзіць:

— Мы яшчэ пагутарым!

Мы яшчэ наварочаем спраў!

2013


2013

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.