epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Выток вірлівы

Паводка, крыгі на рацэ,

Туман запаланіў нізіну...

Ды і рака жыцця цячэ

Праз нашы лёсы безупыну.

 

Рака жыцця цячэ з вясны,

Адтуль яе выток вірлівы,

З той бесклапотнай стараны

Бярэ яна разбег шчаслівы.

 

І працякае той разбег

Праз лета, восень, снежань стылы.

Імклівасць — плыні абярэг,

Губляе паступова сілы.

 

Як бесклапотнае дзіця,

Яна цякла празрыстай сінню.

Крутнулася б рака жыцця

Да той вясны сваёю плынню.

 

Ды не пускаюць берагі —

Гады, што перашкоды чыняць.

І хутка лёду абцугі

Сустрэнуць плынь і —

сціснуць, спыняць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.