epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

З Новым Годам!

Як мне абрыдлі

Думкі-зачухонцы,

Я прайграю ім —

З імі ў барацьбе.

Здаецца мне,

Што пахаваў я сонца

І заблудзіўся ў цемры —

У сабе.

 

Я бачу —

Сам сабе я перашкода,

І я сабе жадаю

Ў гэты дзень —

Апошні дзень

Мінаючага года,

Каб тут, у сёння,

Мой застаўся цень.

 

Каб без яго

Я ў новы год пракрочыў

Праз думак

Расцярэблены гушчар.

Каб жыць пачаў —

Ад навагодняй ночы

Да вечнай ночы

Ў сонечнасці мар.

 

Мне мала засталося

Й мала трэба —

Хачу я

Напярэдадні зімы,

Каб хлеб надзённы быў,

А ўжо да хлеба,

Каб вершаў

Нараджаліся тамы.

 

Каб танчылі

Ля елкі карагодам

Любоў,

Надзея,

Вера ў лепшы час.

Я шчыра ўсіх віншую

З Новым Годам

І зычу шчасця

Для сябе і вас!

31.ХІІ.2019



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.