epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

З чым параўнаць?

З чым параўнаць непараўнальнае

Жыццё, падоранае нам,

Адзінае і унікальнае?

Тут кожны вырашае сам.

 

З успышкай асляпляльнай зорнаю?

З самааддачай маяка?

Альбо з навіслай хмарай чорнаю?

Ці з завываннем скразняка?

 

З пустой пасудзінай нязграбнаю?

Ці з мэтай, над якою німб?

Ці з непаўторнасцю прывабнаю?

Ці з узыходам на Алімп?

 

А параўноўваюць, як правіла,

Жыццё пасля жыцця заўжды —

Жыццё зняславіла?

Уславіла?

Пустыя? Плённыя гады?..



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.