epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

З чым параўнаць?

З чым можна параўнаць

Расчараванне?

Адказ пытаннем

на пытанне: — Ў чым?

Балючае расчараванне

у каханні,

Калі ні слоўмі —

сэрцамі крычым.

 

Расчараванне ў сябры

больш балюча

І душы раніць,

і бянтэжыць нас,

Калі наш «сябар»

сябраваў выключна

Для дасягнення выгады —

На час.

 

Калі мінаюць

маладыя вёсны

І зімка не дае

далей ісці,

Балюча!

Ой балюча!

Невыносна!

З гадамі

Расчароўвацца ў жыцці.

 

Жыццё —

Ці маладому, ці старому

Наставіць процьму

шышак на ілбе.

Галоўны ж боль —

не дай Гасподзь нікому

Самім разачароўвацца ў сабе.

 

Дык з чым

Расчараванню параўнацца?

Самім з сабою,

як з бядой бядзе.

Жыццё на свеце,

ад свайго зачацця

З расчараваннем

Праз вякі ідзе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.