epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

З казкі ў казку

Усе казкі, як вядома, пачынаюцца прыкладна так: «Жыў-быў дзед ды баба і была ў іх курка раба...ці: было ў іх тры сыны — два разумныя, а трэці...» — і гэтак далей.

Наша ж казка пачынаецца наадварот:

Жыў-быў сын, дарослы сын, адкуль ён узяўся, ён і сам не ведаў, альбо рабіў выгляд, што не ведаў. Хутчэй за ўсё, ён не вельмі задумваўся, адкуль што бярэцца. Жыццё — яно поўнае спакусаў, смакаты ды розных уцехаў, а ці ж абавязкова ламаць галаву, адкуль усё гэта? Галоўнае, што яно ёсць — еш, пі, спажывай.

Але ў гэтага сына быў свой сын, які ўжо вучыўся ў першым класе і не толькі там вучыўся, а ўжо вывучыўся чытаць.

Узяў аднойчы гэты маленькі хлопчык, якога звалі Хвядоскам, у рукі кніжку казак, разгарнуў старонкі і, водзячы пальчыкам па надрукаванаму, пачаў уголас чытаць:

— Жылі сабе дзед ды баба і быў у іх сын...

— Хлопчык перапыніў чытанне і звярнуўся да бацькі:

— Тата, вось тут напісана пра дзеда і бабу, у якіх быў сын. Гэтаму сыну дзед і баба хто?

— Яны яму — бацька і маці.

— А я ў цябе хто? — спытаўся хлопчык.

— Як хто? Ты мне — сын,— адказаў бацька.

— А хто ты? — не сунімаўся малец.

— Я — твой тата! Што тут незразумелага? — ужо з нецярпеннем тлумачыў хлопчыку бацька.

— Не, не для мяне, хто ты! А для дзеда і бабы? — дапытваўся Хвядоска.

Яго бацька пачаў нервавацца:

— Для якога яшчэ дзеда і бабы? Гэта ж там, у тваёй казцы, дзед і баба, а тут ты, я і твая маці. Тут дзеда і бабы няма.

Хвядоска не адступаў:

— Але ж у казцы ёсць сын і ў яго — дзед і баба... Ну, яго бацька і маці. І ў нас ёсць я і ў мяне вы — мае тата і мама.

— Ну, дык і цудоўна! Нарэшце ты разабраўся сынок!

Хвядоска няўпэўнена працягваў:

— Я, тата, не зусім разабраўся...

— Ну, што яшчэ? — выказаў злосць бацька.

Хвядоска працягваў:

— Ёсць я і ў мяне ёсць ты і мама, і ёсць ты, а дзе твае мама і тата? Калі яны ёсць ў казцы, дык і ў жыцці павінны быць...

Хвядоскаў тата пачырванеў. Ён даўно забыўся на сваіх бацькоў. У жыцці яму шанцавала — была і ёсць камерцыя, грошы, машына і ўсё астатняе. Таму неяк неўпрыкмет ён аддаліўся ад бацькоў, яны падаліся непатрэбнымі і нават лішнімі. І дзе яны зараз — яму было не зусім цікава.

Хвядоскава пытанне вярнула бацьку да рэалій жыцця:

— Дык дзе, тата, твае дзед і баба ці, як ты казаў, бацька і маці? Мяне, я ведаю, бусел прынёс некалі да цябе і мамы, а цябе бусел прынёс да каго?

Бацька пачаў блытана тлумачыць:

— Разумееш, сынок, ішлі мы аднойчы па дарозе, ды раптоўна наляцеў моцны вецер, зрабілася цёмна, як ноччу. Безгаловіца параскідала нас — я вось апынуўся тут, а дзе дзеліся мае бацькі, невядома.

— А ці ж ты не шукаў іх? — страпянуўся хлопчык.

— Шукаў...але, як кажуць, шукай ветру ў полі...

— А яны мне, хто былі б, каб знайшліся? — працягваў хвалявацца Хвядоска.

— Вось табе яны і былі б дзедам і бабай.

— Я іх знайду! — запаліўся хлопчык,— як жа так — у казцы ёсць дзед і баба, а ў мяне няма!

— Не дурней, сынок! — заспакойваў бацька Хвядоску,— Дзе ты іх знойдзеш? Свет вялікі.

— Я перашукаю ўвесь свет! Я табе абяцаю! — усклікнуў Хвядоска і, выціраючы ўзмакрэлыя вочы, выйшаў з хаты.

Бацька ўзяў у рукі кніжку казак і незадаволена прамовіў:

— Пішуць жа ўсякую лухту, толькі нервы дзяцям псуюць... і іх бацькам...

Хвядоска не жартаваў. Ён выйшаў з хаты і накіраваўся за вёску, на самы высокі пагорак, дзе звычайна сустракаўся самы моцны вецер.

— Вецер! Вецер! — паклікаў ён,— Чуеш мяне, вецер? Ты ж тут, я цябе адчуваю! Адгукніся!

У посвісце ветра Хвядоску падалося:

— І я цябе чую і адчуваю тваю заклапочанасць.

— Скажы тады, калі ласка, вецер, куды ты занёс майго дзеда і бабу, бацькоў майго таты? Я іх шукаю! Тата сказаў, што ты іх разлучыў.

Зноў Хвядоску падалося:

— Я твайго бацьку добра ведаю. Ён носіцца па дарогах на сваім «Мерсэдэсе» хутчэй за мяне і псуе на хаду маю вопратку. Але гэта дробязь. Не дробязь тое, што ён схлусіў — я не чапаў яго бацькоў. Твой тата зрабіўся сляпым.

— Не! — крыкнуў Хвядоска,— гэта не пра майго тату! Мой тата не сляпы, ён усё бачыць!

— Ён толькі думае, што бачыць,— пасвістаў незадаволена вецер,— На самой справе, яго асляпіла нажыва, яе ён толькі і заўважае. А твае дзед і бабка, бацькі твайго таты, жывуць ажно за пяцьдзесят кіламетраў адсюль, у вёсцы Найда. Яны нават не ведаюць, што ў іх ёсць унук — ты Хвядоска. Далёка гэта — не дойдзеш!

— Дайду! — крыкнуў хлопчык,— Дзякуй табе, вецер! Ты сапраўдны мой сябар! — І Хвядоска пайшоў. Але пайшоў не ў далёкую вёску Найду, а дамоў, каб супакоіцца і асэнсаваць чутае. Яму было балюча і крыўдна, што яго тата, якога ён любіў, схлусіў яму, што ён адмовіўся ад сваіх бацькоў.

«Хіба ж я магу адмовіцца ад сваёй мамы і свайго таты?» — з болем думаў хлопчык.

Не, вырашыў ён, я нават не падам выгляду, што раскрыў гэту непрыемную тайну. Я не хачу нават думаць, што мой тата благі, я павінен нейкім чынам яму дапамагчы. Але як?

І Хвядоска прыдумаў. Наступным днём хлопчык шумна ўскочыў у хату, кінуўся тату на шыю і шчасліва зашчабятаў:

— Тата! Татачка родны! Я знайшоў тваіх маму і тату, маіх дзеда і бабу! Якое шчасце!

— Дзе? — разгубіўся бацька,— Як ты мог іх адшукаць? Жартуеш, сынок?

— Заводзь машыну, татка! — ажно свяціўся хлопчык,— Вецер занёс іх ажно ў вёску Найду. Едзем, татка, я хачу абняць сваіх, а не казачных, дзеда і бабу! Праўда, гэта здорава, татка?

Хвядосаву бацьку прыйшлося падыйграць сыну:

— Малайчынка, сынок! Едзем!

Праз паўгадзіны шчаслівы Хвядоска і яго тата ехалі ў «Мерсэдэсе» у накірунку далёкай вёскі, дзе іх чакала шчасл...

Так, шчаслівая сустрэча!

На пагорку Хвядоска звярнуўся да свайго бацькі:

— Крыху цішэй едзь, тата, бо ў ветра псуецца вопратка.

Бацька прамармытаў сабе пад нос:

— І хто іх прыдумвае, гэтыя казкі?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.