epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

З мядовым спасам!

Суседу, што прыйшоў,

распавядаў пчаляр

Пра пасеку, пра мёд,

які пчаляр ён рэдкі:

— Мяне дык пчолы ведаюць у твар,

Я падглядаю іх,

без абароннай сеткі.

 

Я падыду да іх,

Спыніся ты ў баку,

Убачыш, што на вецер

не кідаю я словы.

З вулля́ й без дымара

дастану я мядку,

Тым больш, што сёння свята —

Спас мядовы.

 

Я з пчоламі на «ты»,

яны ж мяне на «вы»,

Трываюць, паважаюць,

не джаляць, працаўніцы.

Яны перада мной —

заўжды ніжэй травы,

Я падыду, яны — цішэй вадзіцы.

 

І ён пашыбаваў да першай жа сям’і,

Каб рамку мёду узяць,

як кажуць, ўзяткі — гладкі,

Каб пчолам паказаць,

галоўны хто ў вуллі,

Што ён вышэй самой пчалінай маткі.

 

Ледзь толькі ён узяўся

за века у вуллі,

Як замахаў рукамі пчаляр:

— Адстань! Во скула!

Бо ўзрушаныя пчолы

сярдзіта загулі,

Адна яго пад вока пеканула.

 

Пчаляр запрычытаў:

— Я гаспадар!

Я — свой!

Я — благадзецель ваш,

пчаляр законны!

Затым загаласіў бядак:

— Ай-яй! Ой-вой!

І плетануў штосілы, як шалёны.

 

Спыніўся ля суседа —

ўвесь твар агнём гарэў,

Гаспадара свайго «з павагай» паскусалі.

Пчаляр развёў рукамі:

— Няўжо я пастарэў?

Няўжо змяніўся знешне? Не пазналі!

 

Развітваючыся,

Пчаляр гукнуў услед

Свайму суседу:

— Прыйдзеш іншым часам!

На што і адгукнуўся

з усмешкаю сусед:

— Абавязкова! Так!

З мядовым Спасам!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.