epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

З мінулага ў мінулае

З мінулага мы, як адзін:

І самыя сучасныя,

І продкі з даўніх далячынь,

Й дачкі дачка, і сынаў сын,

Шчаслівыя й няшчасныя,

 

І навуковыя «вяршкі»,

І безнадзёгі — невукі,

Бамжы, паэты, мастакі

І людзі шчырыя, й дзялкі,

Й апошнія аплэвухі,

 

Ўсе ў новую далечыню,

Цераз штодзённе мулкае,

Праз плён, сяброўства і грызню,

Праз будучыні мітусню

Кіруемся ў мінулае.

 

Не вечны ён, жыцця запас,

Мы робімся ахвярамі.

У час, што будзе пасля нас,

Пакуль жывыя, многа раз

Мы залятаем марамі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.