epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

З народзін

Насустрач неба мне імчыцца

І ветрык хмельны ўлегцы.

І толькі сонца, як на нітцы,

Вісіць на адным месцы.

 

Мае надзеі-абяцанкі

Заўжды са мной — напáру.

Я грудзі падстаўляю ранку

І коніка прышпару.

 

Сарока з сойкай ладзяць спрэчку —

О, як я сэрца цешу,

Як толькі ўбачу поле, рэчку,

За ёю — крылы лесу.

 

Усё у гэтым карагодзе

Знаёма і любіма.

Якое шчасце, што з народзін,

Са мной мая Радзіма.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.