epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

З паслязімняга выраю

Гляну ўверх,

У блакітнае неба без дна,

Пагляджу на бакі —

лес ажыўшы пяе.

З паслязімняга выраю

марай вясна

Прыляцела да нас —

тут радзіма яе.

 

Тут Радзіма адзіная —

ваша й мая,

З ёй нікому, ніколі

нас не разлучыць.

Песня песняў усіх

земляка-салаўя

Толькі тут,

На Радзіме адзінай гучыць.

 

Кроплі шчырасці слёз

пацяклі па шчацэ —

Тут нябесная сінь,

тут бяроз родных бель.

Я сваіх намаганняў

сініцу ў руцэ

Не трымаю — ляці!

Бачыш, вунь журавель!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.