epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

З першага крока

«Хтó мы?» — заўсёды у тэме.

Час, як вада праз пясок.

Хто, тое даўняе семя,

З якога і мой каласок?

 

Плынь старадаўніх паводак

Змыла стагоддзяў сляды.

Быў ён, далёкі мой продак,

«Быў» — для мяне назаўжды.

 

Быў — і праз тысячагоддзі

«Ёсць» і маё прарасло.

Час і знішчае, і родзіць,

Плодзіць дабро ён і зло.

 

Мой каласок і калоссе

Продкаў — рэальнасць ці сны?

Як мне дапяць удалося

Ў сёння з сівой даўніны?

 

Час той — далёка-далёка,

Там і жыцця першы ўзмах.

З самага першага крока

Распачынаецца шлях.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.