epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

З першым юбілеем!

У старыя-старадаўнія часы, у старым-старадаўнім лесе жыў сярод іншых звяроў, не стары, але таксама старадаўні Воўк. Драпежнік — ён і ёсць драпежнік ва ўсе часы. Таму і тады, калі адбыліся гэтыя падзеі, Воўк быў заўсёды гатовы з’есці каго-небудзь слабейшага за сябе. Але бываюць слабейшыя, затое разумнейшыя за Ваўка, таму іх не так ужо і проста зрабіць сваёй ежай.

Штосьці падобнае адбылося сонечнай раніцай у той старадаўні час, у тым старадаўнім лесе.

Заяц, у якога сёння быў дзень нараджэння, весела выкрочваў па лесе і гэтак жа весела спяваў. А лес, як вядома, цішыню любіць. Ды і ворагаў у Зайца не пералічыць — ледзь не за кожным дрэвам. Але ў такім узросце — а Зайцу споўніўся год, і гэты быў першы яго юбілей,— дык вось, у такім узросце здаецца, што ўсе вакол твае сябры — і Сонейка свеціць для цябе, і птушачкі спяваюць толькі для цябе. Як тут утрымацца і самому не заспяваць?

А ў гэтым старым-старадаўнім лесе ў Зайца і сапраўды было шмат сяброў — і Вожыкі, і Барсучкі, і Птушачкі, і Жучкі, і ўсе Матылькі.

І ўсё ж самым лепшым Зайцавым сябрам быў — не паверыце хто! — быў Дзяцел. Здавалася б, што можа быць агульнага між Зайцам і Дзятлам, але існавала між імі нейкая параднёнасць душамі. А для сапраўднага сяброўства большага і не трэба.

Імя ў гэтага Дзятла было даволі дзіўнае. Дакладней, іх у яго было два. Для кагосьці ён быў Стома, хтосьці зваў яго Лаг. Вось і называлі яго то Стома, то Лаг.

Зайцу ж падабаліся абодва, таму ён называў свайго сябра Стома-то-Лаг.

Дык вось, ідзе сабе Зайчык па старадаўнім лесе і весела спявае. А паколькі лес любіць цішыню, а спевы прывабліваюць ворагаў, дык і Зайцава песня разбудзіла Ваўка, які прыгрэўся пад кустом на сонейку і нават пахрапваў.

Воўк прадзёр вочы і бачыць, што сняданак сам просіцца да яго ў рот. Ён раптоўна, як з-пад зямлі, вырас перад пяюном.

— Цудоўна спяваеш, Вушасцік! А добрая песня будзе для сняданка замест прыправы. Ды і табе весялей паміраць будзе. Спявай, спявай!

— Як гэта, паміраць? — не зразумеў Заяц.— У мяне сёння дзень нараджэння! У такі дзень, дзядзечка, не паміраюць, а нараджаюцца. Вось так!

— А тваё вось так, мы зробім не так! — вышчарыўся Воўк.— Я проста цябе з’ем разам з тваёй песенкай.

Заяц зазірнуў у раскрытую Воўчую пашчу і запярэчыў:

— Не, дзядзечка Воўк, вы мяне з’есці не зможаце, каб і моцна хацелі.

— Чаму гэта? — здзівіўся Воўк.

Заяц папрасіў:

— Раскрыйце, калі ласка, шырэй пашчу.

— Ну, раскрыў... І што?

— О-ё-ёечкі! — жахнуўся Заяц.— У вас жа карыес! Калі вы апошні раз чысцілі зубы. Гэта ж жах!

Воўк напалохаўся. Слова «карыес» ён чуў упершыню і яно сапраўды нагнала на яго і жаху, і страху, і панікі.

— Што такое карыес? — дрыготкім голасам спытаў шэры.— Першы раз чую. Няўжо штосьці больш страшнае, чым костка ў горле?

— Ды ваша костка — дробязь! — тлумачыць Заяц.— У вашай пашчы ўсе іклы: і жоўтыя, і хворыя, і кволыя, і — фу-у-у — смярдзючыя. Доўга вы, дзядзечка, не працягнеце...

Тут трэба ўдакладніць, што ў тыя старыя-старадаўнія часы ў Ваўка і ва ўсіх драпежнікаў было, як і ў людзей, ажно па трыццаць два зубы. Уяўляеце пашчу Ваўка ці Мядзведзя, утырканую, як парканам, вострымі ікламі. Страх — лепш не бачыць такога... Кракадзіл пазайздросціў бы.

А між тым Воўк пакратаў лапай свае іклы і войкнуў:

— Сапраўды, баліць! А як жа ратавацца ад гэтага... як яго, карыеса?

Заяц тлумачыць:

— Вось я іду запрашаць на свой дзень нараджэння лепшага сябра Стома-то-Лага, ён сваёй дзюбай вылечвае наш лес, нават дубы ратуе ад усякай напасці, таму, думаю, што і вашым зубам дасць рады.

— Што ж, хадзем да твайго Стома-то-Лага,— без ахвоты згадзіўся Воўк.

Варона, падчас сустрэчы і размовы Воўка і Зайца, сядзела на дрэве і ўсё чула. Яна, як шалёная паляцела па лесе з крыкам: «Кар-р-рыес! Кар-р-рыес! Ратуйцеся!» Яна называла імя то Стома, то Лага, як выратавацеля ад карыеса.

Усе драпежнікі, хто часцяком сілкаваўся мясам і ніколі не чысціў зубы, пацягнуліся з усіх куткоў старадаўняга лесу да дзятла. Хутка ля пакояў, дзе ён жыў, сабраліся ўсе драпежныя звяры.

Першым ад Стома-то-Лага выскачыў Воўк і кінуўся да крыніцы, каб у люстэрку вады абгледзець сваю пашчу. Ён спачатку жахліва завыў, бо замест трыццаці двух іклаў, у роце засталося па дзве іклы сперадзі і некалькі іклаў у куце роту. Астатнія, падгнілыя, доктар Стома-то-Лаг выдаліў, каб уратаваць Ваўка ад поўнай бяззубасці.

Раптам Воўк адчуў палёгку ў роце і перастаў выць.

Тое ж самае адбылося і з астатнімі драпежнікамі, якіх, як Ваўка, вылечыў Дзяцел.

З тых старых-старадаўніх часоў і да нашых дзён, ва ўсіх драпежнікаў і нават у хатніх жывёл, такіх, як сабака ці кот, у роце засталіся толькі пярэднія і кутнія іклы.

Хто ведае, каб усе яны своечасова чысцілі зубы, магчыма, і сёння іх пашчы былі б узброеныя трыццаццю двума ікламі.

А вось Варона і ў нашы часы працягвае лётаць і папярэджваць тых, хто не чысціць зубы: « Кар-р-рыес! Кар-р-рыес!»

Не выключана, што ад таго старадаўняга Дзятла Стома-то-Лага і пайшла назва сучаснага зубнога доктара — стаматолаг.

Напрыканцы казкі нам толькі застаецца сказаць колішняму разумнаму і вясёламу Зайцу:

— З днём нараджэння! З першым юбілеем!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.