epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

За далягляд

Да далягляду — рукой падаць,

Я — да яго, ён — ад мяне.

Абрыс зямлі другі відаць —

Ўсё новы й новы, як у сне.

 

Хоць ведаю — не даганю

Я край зямлі і неба край,

Іду за ім насустрач дню,

Надзея ў сэрцы — не адчай.

 

Надзея новае пазнаць —

Людзей, краіны, свету храм.

І свой скептызм пераканаць,—

Адновішся ў новым сам.

 

— Я бачыў свет! — скажу тады,

Калі прайду зямлі абсяг

І вернуцца мае сляды

Сюды, адкуль пачаў свой шлях.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.