epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

За далягляд

Колькі жыву, душой не заставаўся дома,

Я вандраваў па творах — і сваіх, і не.

Ляжаць, пляваць у столь, мне гэта не знаёма,

А вось за далягляд ляцець прыемна мне.

 

Зірну за далягляд і бачу — вабіць новы.

І новы за спіной, далей лячу адтуль.

Як хочацца адкрыць краіну роднай мовы —

І ёсць яна, і не — і ёсць, і не... пакуль.

 

Над роднаю зямлёй нясу ў душы надзею,

Акрыленасць мая ад роднае зямлі.

Твае я, Беларусь, як сейбіт, словы сею,

Эх, трапілі б яны у сэрцы й прараслі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.