epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

За калючым дротам

Ох і надакучыла ж Павэлку жыць у чалавеканенавісніцкім асяроддзі, сярод агрызання і гырканіны. Ступіш крок — зловіш мацюка, яшчэ крок — схопіш ліхтар пад вока.

Непрыкметна ён і сам ашчэрыўся на ўвесь свет. Падыдзе чалавек прыкурыць ці папытацца што, а ўсё Павэлкава нутро — на дыбы, сківіцы сціскаюцца, ажно зубы патрэскваюць, як дрэвы на марозе, погляд — нібы той калючы дрот.

Мітусяцца людзі, шмат іх вакол, а кожны — сам па сабе, кожны — за сваім «калючым дротам». Схапіся за сэрца, паваліся — ніхто не падыдзе, не зверне нават увагі.

— Хопіць! — рашуча сказаў сабе Павэлак.— Буду сеяць дабрыню вакол сябе!

Бачыць ён, ідзе насустрач цяжарная жанчына, жывот, як кажуць, ажно на нос лезе. Гэта ж сёння такая рэдкасць — быццам мужчыны перавяліся.

Замілаваўся Павэлак, сэрца яго размякла, вочы памакрэлі. Падышоў ён да жанчыны і з цеплынёй кажа, паказваючы на яе жывот:

— Няхай Божачка дае шчасце вашаму будучаму дзіцятку! А вам — лёгка разрадзіцца!..

Жанчына ажно пазелянела, ажно падскочыла:

— Якому дзіцятку?! Дурань! Паглядзець бы на фігуру тваёй лярвы — пэўна, калода калодай! Пад’ялдычнік чортаў!..

Павэлак уціснуў галаву ў плечы і падаўся далей ад гэтага ляманту.

— Во ўліп! Як гэта я памыліўся? Замест прыемнасці абразіў чалавека.

З падпсаваным настроем пайшоў ён далей сярод мітуслівасці і адгароджанасці чалавека ад чалавека. Бачыць, наперадзе жанчына нясе дзве сумкі, ды такія цяжкія, што ногі ў яе заплятаюцца ў вузел, рукі адрываюцца. Паставіла яна сваю ношу на зямлю, ледзь спіну выпрастала, пот з вачэй не паспявае адгортваць — адпачывае.

Шкада зрабілася Павэлку беднай жанчыны, зноў размякла яго сэрца. Падскочыў ён да незнаёмкі і — хоп за сумкі:

— Ці ж для вас такі груз, мая вы харошая! Я ж вам памагу!

— А для каго гэты груз? Для цябе? Пастаў сумкі, зладзюга! — зараўла жанчына.— Людзі! Дапамажыце!

Імгненна сабраўся натоўп.

Павэлак ад нечаканасці збялеў, слова вымавіць не можа.

— У міліцыю яго!

— Гэта ж трэба — сярод яснага дня! — пачуліся галасы.

— Я ж хацеў дапамагчы... Я ж пашкадаваў жанчыну...— замармытаў Павэлак.

— Пашкадаваў воўк цяля!

— Жывуць вось такія прайдзісветы за чужы мазоль!

— Рукі адсекчы яму трэба! — загуло з усіх бакоў.

Напалоханы Павэлак даўся галавой у людскую сцяну, збіў з ног некалькі чалавек і, як у жахлівым сне, папёр праз нейкія двары, пераскокваючы праз жалезныя загарадкі, пераганяючы і людзей, і машыны. Спыніўся толькі тады, калі зусім заняло дыханне і пацямнела ў вачах.

— Што гэта за дзень такі? — сягаў ён, выціраючы з губы павіслую сліну.— Во памог дык памог жанчыне! Лепей бы яна ногі павыкручвала, несучы тыя сумкі!

Каб крыху падняць сапсаваны настрой, дастаў цыгарэту, але закурыць не ўдалося, бо ў час «спрынту» згубіў запалкі.

Крутнуўшы галавой, Павэлак убачыў голеную патыліцу хлопца, які густа дыміў цыгаркай.

Павэлак крануў за плячо курца і ветліва спытаўся:

— Ці не дасі ты мне, хлапчына, прыкурыць?

«Хлапчына» паволі павярнуўся да просьбіта і...

— Дзе ты, казёл смярдзючы, бачыш хлапчыну?! Вочы павылазілі, ці што? Ану хіляй адсюль па халадку!

Павэлак збянтэжыўся:

— Гэта ты ззаду... а спераду...

— Я і ззаду, і спераду дзяўчына, магу паказаць! — гыркнула дымам у твар Павэлку тое, што і ззаду, і спераду не было падобнае ні да хлапчыны, ні да дзяўчыны.

— Ой! Не трэба паказваць! — замахаў рукамі Павэлак і зноў, уціснуўшы галаву ў плечы, «пахіляў па халадку».

— Не-е! Досыць дабрыні! Сею адно, а вырастае чорт ведае што! Дамоў і толькі дамоў! На людзей не гляджу! Ні з кім не вітаюся! Я — сам па сабе, яны — самі па сабе!..

Хмурна было на душы ў Павэлка, зноў адчуў ён вакол сябе калючы дрот, сківіцы яго сціснуліся, нутро ашчэрылася.

Але, ідучы скверам, убачыў падлеткаў, якія сілкаваліся гарэлкай, закусваючы цыгарэтным дымам. Не вытрымала Павэлкава душа, прыпыніўся ён:

— Хлопчыкі, хлопчыкі!.. Што ж вы робіце! Яна ж вам пашкодзіць!..

— Гляньце! — загаманілі падпітыя падлеткі.— Яшчэ прыпёрся нахлебнік! Толькі турнулі аднаго, а тут другі ў рот зазірае! Ну што, дзядзечка, пачастуем і цябе, каб не лез да чужога стала на халяву!

І ўсыпалі яны Павэлку столькі, што ледзь дамоў данёс.

Дома, убачыўшы на мужу сінякі, усхадзілася жонка, і калючы дрот яе нервовасці счапіўся з Павэлкавым калючым дротам штодзённай гырканіны, намотваючы далей клубок жыццёвай неўладкаванасці.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.