epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

За лепшы год

Апошні дзень сыходзячага года...

Што выказаць — падзяку ці праклён?

Усё ў яго актыве — плён і шкода,

І ўсё ж нашкодзіў значна болей ён.

 

Для нас, жывых, ён год жыцця — і гэта,

Дарунак важкі — дзякуй табе, Бог.

Хто мэты меў, таго крыліла мэта,

Хто — з плеч у печ, што ж, кожны жыў, як мог.

 

Але ж ёсць рай і пекла, Бог і чэрці,

Ён, лёсу шлях, складаны, не прамы.

Для многіх гэты год стаў годам смерці,

Заўчаснай смерці — памятаем мы.

 

Наперадзе — начныя пасядзелкі,

Ўсіх з Новым годам! — тост, як нейкі код.

Я вып’ю не шампанскага, гарэлкі,

За мёртвых, за жывых, за лепшы год.

31.XII.2020

21.10



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.