epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Забытае «калісьці»

Мы — дзеці «самых лепшых» канстытуцый,

На практыцы — калючых, як асцё.

І мы ў палоне розных рэвалюцый

Змагаліся амаль усё жыццё.

 

Штось гартавала нас,

Штось гвалтавала,

А штосьці вельмі проста —

у расход.

І ўсё ж былі такія —

і не мала,

Хто прагнуў з «масаў»

адрадзіць «народ»...

 

Гэта — было...

Ды вастрыню былога

Не прытупіла мешаніна часу.

І сведчыць падазронасці аблога,

Што зноў народ

муціруюць у масу.

 

Гісторыя заўжды падкажа выйсце,

Як «аднавіць» яе —

рэцэпт стары,

Бо новае — забытае «калісьці»,

Яно было — гатовае бяры.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.