epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жах!

Які непрадказальны свет наш Боскі —

Народзіны, святочнасць, лёсаў здзек.

За дваццаць год пасыпаліся з вёскі

У іншы свет аж дзевяць чалавек.

 

У кожнай смерці ёсць свае прычыны,

Ды кожная аднолькава пячэ.

З тых дзевяці — старыя дзве жанчыны,

А вось астатнім, жыць бы й жыць яшчэ.

 

А вёсачка — людзей, як кот наплакаў,

І тых пад корань высякае штось.

Паўжменькі хатак, трошкі болей дачаў —

Такая арыфметыка ў нас, вось.

 

Тут памятую людныя гады я.

А сёння што? Бязлюддзе п’ём да дна?

Жанчыны ёсць у вёсцы маладыя

І хоць бы з іх цяжарная адна.

 

У нас памерла дзевяць. А наўкола?

У іншых вёсках, сёлах, гарадах?

Сучаснасці і будучыні кола

Сціскаецца — і вельмі хутка. Жах!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.