epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жахлівы маскарад

Я нясу, як гару на плячах,

Перажыты скамечаны час.

Што з табой, чалавек? У застылых вачах

На пытанне шукаю адказ.

 

Аб сустрэчныя твары людзей

Позірк б’ецца, як птах аб сцяну.

Што мне трэба зрабіць? За вяртанне надзей

Заплачу я любую цану.

 

Калі трэба, жыццём заплачу,

Толькі б з багны пракласці масты...

Твары-маскі вакол — мільгаціць уваччу,

Шчыльна сціснуты зубы, раты.

 

Дзе мне, дзе апынуцца дало?

Жах бязлітасна сэрца дзяўбе.

Тут я раптам зірнуў у вітрыннае шкло

І адскочыў — убачыў сябе.

 

Тая ж маска і сціснуты рот,

Той жа погляд халодных вачэй.

Я спужаўся сябе, горкі выступіў пот,

Я пабег ад вітрыны хутчэй.

 

Выгляд мой страху ў сэрца нагнаў,

Жах папоўз па касцях, хоць крычы.

Божа мілы! Людцы! Я ж сябе не пазнаў,

Думка б’е бізуном: — Уцячы!

 

— Уцячы? Што ты, шкоднік-дзіця?

Ці злачынец — стваральнік бяды?

Уцячы ад каго? Ад сябе? Ад жыцця?

Ад уласнага лёсу? Куды?

 

Стой, браток! Не дурней без пары!

Звар’яцелы свой бег супыні!

Скінь з сябе гэту мёртвую маску, здзяры,

Рот расцісні, паветра глыні!

 

Можа, ты гэта толькі прысніў?

Можа, маскі вакол — міражы?

Мой унутраны голас мяне супыніў

Ля вар’яцтва, на самай мяжы...

 

*

Сэрцы радуе час веснавы,

Разамлела пад сонцам ралля.

Дзесь у небе жаўрук, як званочак жывы,—

Развіталася з снегам зямля.

 

О жаданы, хвалюючы час!

Час пачуццяў, надзей, адкрыцця,

Час вяртання жыцця і кахання да нас

І вяртання ўсяго да жыцця.

 

Так і хочацца ўсюды паспець,

З небам, з ветрыкам, з сонцам дружыць.

Проста хочацца крылаў і хочацца пець,

І смяяцца, і марыць, і жыць.

 

Прачынаецца разам з зарой

Мноства спраў, спадзяванняў, падзей.

І натхнёнасць душы, і цудоўны настрой,

Галасы самых розных людзей.

 

Тых людзей — поту й працы сыноў,

Што калісьці жылі ды былі...

Вунь стаяць... Як гаворыцца, родная кроў —

Дзед з унукам на цёплай раллі.

 

Іx paзвагу-paзмову лаўлю

Праз сцяну доўгіх год, праз вякі:

— Глянь, унучак, як сонейка лашчыць зямлю,

Карагод завялі ручайкі!

 

Адыходзіць зямелька ад сну.

Чуеш? Дыхае, мроіць, жыве!

Пойдуць плуг з бараной па зямлі-дзірвану,

Нібы грэбеньчык па галаве.

 

Многа бачыў я розных праяў...

A вось тут, дзе з табой мы стаім,

Я, маленькі хлапчук, нібы ўчора стаяў

На зямлі гэтай з дзедам сваім.

 

Ён таксама вучыў паважаць

Нашу маці-зямлю — Божы дар:

Хто ўзарэ і пасее, той будзе і жаць,

Той і з хлебам, і той — гаспадар.

 

— Ой, дзядуля, а я ж не ару

І не сею пакуль што, не жну.

— Ты, унучак, сваю прычакаеш пару,

Ты жыцця сустракаеш вясну.

 

Сёння ты — як вада ручайка,

Станеш рэчкай, надыдзе твой дзень...

Хлопчык крылы адчуў, у вачах хлапчука

Гонар бліснуў, як сонца прамень.

 

— Ну, чаго, галубок мой, прыціх? —

Дзед ласкава смяецца.— Смялей!

Справы бацькавы, дзедавы, продкаў усіх

Заўтра ты будзеш несці далей.

 

— А скажы мне, дзядулька, калі

Можна сеяць? Як згадваеш ты? —

Дзед з пашанай набраў у далоні зямлі...

А тлумачыць не меў магаты.

 

Атрымаў наш дзядок па руках:

— А, абжыўся! Пусціў карані! —

Апынуўся стары ажно на Салаўках,

А адтуль не вяртаюцца людзі ў шаўках,

А адтуль, хай хоць слёзы цякуць па шчаках,

Роднай хаты не ўбачыш агні.

 

Спаць унучак не можа, дрыжыць,

Нібы сэрца сціскае лядок:

— Мамка, татка! А як без дзядочка нам жыць?

Ці ж у чым вінаваты дзядок?

 

Зноў не спіць ён, «скажы» ды «скажы»:

— Хто кароўку забраў і свіней? —

Уздыхаюць бацькі: — Спі, сыночак, ляжы,

Кажуць, раніца — ночы відней.

 

Толькі раніца — тая ж сцяна.

І бацькі ўжо шукаюць адказ:

За якія грахі ад цямна да цямна

Гоняць іх кожны дзень у калгас?

 

Задарма воз для некага пхнеш,

Хоць бы сонца зірнула з-за хмар.

Ты арэш у калгасе, і сееш, і жнеш,

А ці ж ты на зямлі гаспадар?

 

— Слухай, жонка, гарыць хай яно!

Заўтра з хаты пайду на зары.

Трэба брата праведаць, не бачыў даўно,

У дарогу што-небудзь збяры.

 

Як там горад пры бальшавіках?

Гляну вокам, як брат мой жыве...

Бедны брат — атрымаў, толькі не па руках,

А мудрэй нават — па галаве.

 

Меў ён краму, уласны дамок,

Гандляваў, працаваў з году ў год...

— А, папаўся, ад’еўся, гандляр-крывасмок! —

І, як кажуць, пусцілі ў расход.

 

І вярнуўся вясковец «з гасцей»,

Горкіх думак прынёс цэлы рой:

— Недзе бацька прапаў — ні касцей, ні вясцей,

Недзе брат у зямельцы сырой.

 

Гора ж — новае гора вядзе.

Ноччу зноў прыляцеў «варанок»,

Зноў пытанне, як нож: — Мама! Татка наш дзе?

І чаму ён так доўга да нас не ідзе? —

 

І скрозь слёзы адказ: — Спі, сынок...

Чалавек стаў, прабачце за грэх,

Як чарвяк нейкі — быў і няма.

Сталі песні сціхаць, зніклі жарты і смех —

Што ты лёс наш? Турма — не турма?

 

Дык няўжо ні з таго ні з сяго

Засцілаюцца вочы слязьмі?

Сталі людзі баяцца адзін аднаго —

Жарты? Ворагі ёсць між людзьмі!?

 

Хтосьці знікне. І згубіцца след.

Як тут дыбам не ўстаць валасам?

Вораг — родная маці, і брат, і сусед,

Вораг — бацька, і жонка, і сам.

 

Кожны ў маску хаваў свой пагляд,

Каб не бачылі твару, душы.

Закруціўся жахлівы кашмар-маскарад

Ў гарадах, у вясковай глушы.

 

*

Хутка час робіць справу сваю

Сыпе дні, нібы дождж па страсе:

Стаў унучак мужчынам і мае сям’ю,

Крылы зломлены — крыж свой нясе.

 

Ён пакінуў зямельку, дзе рос,

Дзе згубіў бацьку, дзеда свайго,

Дзе ярма акрамя, акрамя думак-слёз

He чакае нішто ўжо яго.

 

Сэрца страціла радасць, спакой,

Нібы нейкай атруты хапіў.

Да каменнай і чаднай душы гарадской

Рунь вясковай душы прышчапіў.

 

Камень з парасткам — дрэнны гібрыд,

І не гораду, і не сялу.

He, не грэе сялян гарадскі краявід,

Ён вяскоўцам — як клетка арлу.

 

Ды такіх бедакоў не злічыць,

Горад ім і не люб, і чужы.

Вось і наш, хоць смяецца, а вока блішчыць

Ад нявысахлай смуты-слязы.

 

— Нібы звязаны, спутаны я,—

Думка точыць, як шашаль кару,—

Хата — праца, а вечарам... праца — сям’я,—

Вось ланцуг мой, на ім і памру.

 

Але ў жонкі «ланцуг» быў даўжэй —

Крамы ёсць, а прадуктаў няма.

He накорміць сям’ю — цягнуць пасак тужэй

Муж, і дзеткі яе, і сама.

 

Вось язык на плячо і кладзе,

І па крамах — знайсці б што, купіць.

І праходзіць у пошуках час, у нудзе,

У нервовасці сэрца кіпіць.

 

Сумкі цягне дамоў на гарбе,

Але ледзь пераступіць парог:

— Дзе ўжо чэрці так доўга насілі цябе?

А яна, ледзь жывая, бароніць сябе:

— Харч шукала, каб ты хоць не здох!

 

Ад нялюдскіх жыццёвых умоў

Сваркі ў сем’ях часцей і часцей.

Топчуць сэрцы, пачуцці, знішчаюць любоў,

Раняць, жорстка калечаць дзяцей.

 

He адно пакаленне прайшло

Праз сячкарню бяздушша, хлусні.

He гарыць, не бывае ў магіле святло,

Як спакою няма ў мітусні.

 

Мы ад песняў прыйшлі да нуды,

Чорны сум нашы душы распяў,

Нашы вёскі знямелі, маўчаць гарады,

Дзе вы чулі, каб хтосьці спяваў?

 

Хто злачынству аддаў увесь час,

Хто на «белага» скочыў каня.

Нас пакінула годнасць, і погляд наш згас,

І павага з пяшчотаю збеглі ад нас,

Знікла з нашай душы дабрыня.

 

Але ёсць і больш жудасны жах —

Абыякавасць п’ем мы да дна.

У душы, у мазгах, у вачах, у вушах

І, што горай, у сэрцы яна.

 

Гляньце б’юць чатырох аднаго,

А зявакі стаяць, як слупы.

Кожны ціхенька думае — што мне з таго,

Я — глухі. Я — нямы. Я — сляпы.

 

Мы ў такім асяроддзі жылі,

Нам дзяўблі: — Ты — дурны, ты — нямы.

Нашы маскі даўно ўжо да нас прыраслі,

Мы забыліся нават — хто мы.

 

Сном душы разбураем сям’ю,

Ад мінулага вернем свой нос.

Здратавалі ушчэнт самабытнасць сваю,

Роднай мовы знявечылі лёс.

 

Жах з дзіцячых глядзіць вачанят,

Нас наведвае жорсткасць ваўкоў.

Маці кідае, душыць дзяцей-немаўлят,

Дзеці б’юць, забіваюць бацькоў.

 

Ці ж то грэх — са смяшком на губе

Кішкі брата падняць на ражон?..

Кожны сам па сабе. Кожны сам за сябе —

«Карнавал» набірае разгон.

 

*

Колькі розных тут масак! Ого!

Белых, жоўтых, худых, як шкілет.

Ну, на тое і баль. Я — удзельнік яго,

Маска — мой запрашальны білет.

 

Я змірыўся — свой выгляд цярплю,

Ля люстэрка магу не крычаць.

Я на твар свой гляджу, як на тую зямлю,

На якой запусцення пячаць.

 

Ну а што на астатніх відаць?

Хто ты, маска? А тая? А той?

Хоць бы гук у адказ. Паспрабую ўгадаць —

Вунь іх колькі, снуюць пехатой.

 

Гэта хто? Абтрапаны каўнер,

Плечы згорблены, погляд патух.

Як яго не пазнаць? Гэта — пенсіянер,

Ён, як кажуць, загнаны ў катух.

 

Сілы, мары аддаў, маладосць,

He шкадуючы нават крыві.

І цяпер яму ў старасці кінулі косць,

Сказ кароткі — як хочаш жыві.

 

Сёння старасць у нас не ў цане,

Ды і цэны даюць ёй пад дых.

Ці кусаюць яны? He кусаюцца, не,

А грызуць, асабліва старых.

 

Ён жыве адным днём: з плеч — у печ,

Ён ідзе, ледзь нагамі дзяўбе,

Пажылы чалавек — як нікчэмная рэч.

Хай хоць Бог падтрымае цябе...

 

Вунь ляціць, аж паветра сячэ...

Гэту маску не ў сілах забыць,

Бо язык на плячы, пот па твары цячэ:

З працы ў краму,— знайсці б што, купіць...

 

Гэта маска хавае ад нас

Маці, жонку, дачку ці сястру.

У доўгіх чэргах марнуюць здароўе і час —

І на кухню, як крот у нару.

 

Дзе ўжо ім захаваць прыгажосць

І паходку лябёдкі-красы?

Лёс таксама ім кінуў нядолю, як косць,

Без пары пабяліў валасы...

 

Сам да маскі наступнай іду,

Бо крануцца не можа яна.

А яна аплявала сваю бараду

І рыкае мне ў твар: — Па-шо-шоў! Ду-ду-ду!

Ды каціся адсюль, ажно на...

 

Чым і як гэты вірус стрымаць?

Захварэлі малы і стары.

Нашы вушы апухлі ад «маць-перамаць»,

І працягвае п’янка жыццё нам ламаць,

Лезе лаянка ў хаты, двары.

 

Вось і гэты сумленне адпіў,

Гуж сямейны цягнуў — ды не дуж.

Чалавечую годнасць у п’янках тапіў,

Ён жа бацька дзяцей, нейчы муж.

 

Ён уломіцца ў дзверы, як жах,

Ён расправіцца хутка з сям’ёй.

Будуць дзеці і жонка стаяць «на вушах»

Аж да раніцы ў хаце сваёй.

 

Але я на яго й за яго.

Хто з маленства ў ім годнасць ляпіў?

І які ён браў прыклад тады і з каго?

Ці ў юнацтве чытаў ён Шэкспіра, Гюго?

Багдановіча, Пушкіна сніў?

 

Ці за ручку вадзілі туды,

Дзе Чайкоўскі ці Моцарт гучаў?

Сярод «маць-перамаць» ён праводзіў гады,

Гэту страшную школу канчаў.

 

П’яны мат, п’яны крык, п’яны свіст

Хопіць слухаць, разявіўшы рот.

Вунь ідзе, як зжаўцелы асінавы ліст,

Нехта хворы, падцяўшы жывот.

 

Лепей погляд яго не лавіць,

Колькі ў ім безнадзейнай тугі.

Hі здароўе вярнуць, ні яго аднавіць,

Hі падтрымкі знайсці, ані лекаў купіць —

Плаціць ён за Чарнобыль даўгі.

 

Я стамляцца пачаў пакрысе,

Але сам усміхнуўся мой рот,

Погляд мой — на цяжарнай жанчынцы-красе,

Што ў сабе па зямлі цуд вялікі нясе,

Там, пад сэрцам, не маска, а плод.

 

Там працяг вас, людцы, і мяне,

Там жыццё — дай Бог крылы яму!

Але твар у жанчыны — як цень на сцяне,

Замест погляду — крыўда. Чаму?

 

Заклапочанасць дзе ёй схаваць?

Днём хвалюецца, ноччу прысніць:

Чым дзіцятка карміць, чым яго спавіваць,

Ад Чарнобыля як бараніць?

 

Вось чаму, мае родныя, вас

Сустракаем радзей і радзей...

Колькі ты надрапежнічаў, жудасны час!

Ненароджана колькі людзей!

 

І смярцей стала больш, чым радзін,

Хто ўратуе жыццё на зямлі?

Два памруць, а народзіцца толькі адзін —

Гэта што? Мы знікаць пачалі?

 

Як балюча каціцца ніжэй,

Але неяк пачуў ад мужчын:

— Ва ўсім свеце нічога няма прыгажэй,

Чым цяжарнасць чароўных жанчын...

 

Розум ёсць, мужыкі! Малайцы!

Грудзьмі ўперад пара, не бачком...

Ой, каго напаткаў я, святыя айцы!

Сам злачынец — і позірк ваўком.

 

Але стой! Не злавіў за руку,

Слова «злодзей» пакуль не кажы.

Можа, й трэба павесіць яго на суку,

Ды спачатку злаві, дакажы.

 

А ваўком мы глядзім ледзь не ўсе,

І спрасонку — ад нас хоць крычы.

А злачынец такую ўжо маску нясе,

Вунь усмешка, як сонца ўначы.

 

Гэта маска — для многіх сіло:

— Вы культурны, як цэлы Парыж;

Ай, з якім чалавекам сустрэцца дало;

Вы ж такі гаварлівы, а ўсім заняло...—

І трапляюць у пастку, як мыш.

 

Зноў драпежнік жыве да пары

Ў сціплай масцы з прыветлівых слоў.

Ён знянацку пакажа свае кіпцюры,

З-пад якіх цякуць слёзы і кроў.

 

Як вяроўцы не віцца, а ёй,—

Чуеш маска? — надыдзе канец!

Хто жадае крыві — захлынецца крывёй,

А праклёны цяжэй за свінец.

 

Спіш ты добра — упэўнены я,

Ты ж стаміўся, вярнуўся з «начной».

Уяві на хвілінку, што маці твая

Над тваёю галосіць труной.

 

Ты не хочаш! Матулі шкада?

Ці сябе? Ты ж такі малады.

A ў матуляў другіх ці ж не слёзы? Вада?

Што табе да тых слёз, да бяды?

 

Ці задумаўся ты хоць на грош,

Што бяда можа выбраць пару,

І такога ж злачынца ці куля, ці нож

Тваю маці заб’е ці сястру.

 

Ці такія ж, як ты, па чарзе

Будуць гвалціць дачушку тваю...

Хай сумленне цябе да магілы грызе

За адну толькі думку: — Заб’ю!..

 

Што, плюеш на сумленне? Хлусня!

У сумлення амністый няма...

Ну, злачынец, прабач — вунь ідзе дзіцяня,

He падман, а наіўнасць сама.

 

Падыду да яго, падбягу,

Можа, гутарку з ім распачну.

Адагрэюся сэрцам, развею тугу,

Захварэлай душой адпачну.

 

Ўсё! Змагацца не маю больш сіл,

Лез я ўверх — апынуўся на дне.

У дзіцяці не твар, а начны небасхіл,

Як у кожнага з вас ці ў мяне.

 

Нашы ж горкія думкі нясе

Праз нядолю, нястачу, кашмар;

Заклапочанасць вочы дзіцячыя ссе,

Нібы клешч, як галодны камар.

 

Дзе рухомасць і прага забаў?

Дзе на шчочках румянец зары?

Хто дзяцінства яго пакалечыў, украў?

Хто састарыў яго без пары?

 

Ці ж бяздушнасць — маленству радня?

Ранак сціснуты грудамі хмар.

А не будзе світанку, не будзе і дня,

Будзе змрок над усім уладар...

 

А вакол мяне маскі снуюць,

Хто цішэй, хто праскочыць жыўцом.

Тут дзяўчынкі-падлеткі, што кураць і п’юць,

І ля іх юнакі са шпрыцом.

 

Заўтра ім па жыцці класці след,

Яны ж сёння атручваюць кроў.

І каго яны потым народзяць на свет?

Нездаровых, без рук, без галоў.

 

Хоць бы скончыўся жах-карнавал,

Трацім марна свой час мы — шкада.

Калі ёсць карабель — быць павінен штурвал,

Калі баль — недзе ёсць тамада.

 

Як жыве ён? Як мы ці танней?

Ці на версе мо плечы прыгрэў.

Кажуць, ён на трыбуне любіў быць раней,

А цяпер злез з яе — пахітрэў.

 

Усё мяняецца — праўда, мана,

Час бясконцы цячэ, як вада.

А стаяла ж на плошчы людская сцяна,

Крык ляцеў: — Тамада! Тамада!

 

Не скажу ані я, ані вы,

Колькі прыказка гэта жыве:

Кажуць людзі, што рыба гніе з галавы,

Во хлусня дык хлусня! Гэта ж хвост ледзь жывы,

Што рухомасць дае галаве.

 

Што рабіць нам, папаўшы ў бяду?

Жыць у ёй ці адужаць яе?

Ці мяняцца самім? Ці мяняць тамаду?

Незаменных жа не існуе...

 

Хух! Стаміўся ў гайданцы-хадзьбе!

Мітусня мне абрыдла да слёз.

Кожны сам па сабе. Кожны сам за сябе.

Кожны з нас пад сябе ў гэтым смецці грабе

І — ні з месца агульны наш воз.

 

*

Можа, надта ўжо я? Чорны снег...

Чорны ранак... Нямыя раты...

Але ж ёсць сляпы зрок, замурованы смех

І душа пад ільдом глухаты.

 

А ад чуласці, ад дабрыні,

Ад пяшчоты, павагі — шматкі.

Як жа хочацца крыкнуць: — Вярні ўсё! Вярні!

Толькі хто нас пачуе, браткі?

 

Нам жа трэба ўсяго — сабой стаць,

Ад бяздушша праветрыць дамы.

Як ніхто, мы ж умелі сустрэць, прывітаць,

Абагрэць. Ці ж забыліся мы?

 

Круціць нас мітусні калаўрот —

І свядомасць, і думкі растрос.

Чорту лысаму верылі, гледзячы ў рот,

І цыруем, цыруем свой лёс.

 

Час уз’юшыўся, Бог барані,

Заюрыў, як свіння на гукі,

Ломіць дрэва жыцця, аж трашчаць карані.

Скінем маскі! Наеліся, досыць грызні,

Беларусы, мае землякі!

1991


1991

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.