epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зацішша ў Закілішшы

Дыспут
Юшка
Сакалінае Вока
Скура мядзведзя
Пастка
Грышкавы пакуты


Дыспут

У жыцці падзей багата:

Захапленні, праца, святы,

Расставанні і сустрэчы —

Лёс такі наш чалавечы.

Але ў вёсцы Закілішша

Надышло ў жыцці зацішша.

Ну, вядома ж — лета, спёка,

Рыба залягла глыбока,

Не клюе, хоць плач, хоць енчы,

Хоць ты перад ёй укленчы.

Я прадоўжу меркаванні:

Рыба спіць, а паляванне

Забаронена на лета...

Вось усё складзіце гэта,

Ды яшчэ дадайце словы:

Закілішцы — рыбаловы,

І яны, як вы каханне,

Спяць і бачаць паляванне —

Атрымаеце разгадку

Блытаніны, дзе спачатку

Сказ пра тое, як зацішша

Заблукала ў Закілішша.

Не падумайце, што справы

Кінуць тут дзеля забавы,

Пойдуць толькі пасля працы

З вудай ці ружжом цягацца.

А ў зацішша без прычыны

Выйдуць дзецюкі, мужчыны

Проста так — дзяліцца чулым

І пацешыцца мінулым.

Тут пачуеш хлопцаў здольных

Нават з вёсак навакольных.

Сядзем мы ў цяньку, на выступ,

Пачынаем, нібы дыспут,

Успаміны, меркаванні.

Хто пра што — пра паляванне,

Не адно пачуеш слова

Ад калегі-рыбалова.

Вось і сёння селі колам

І над зборышчам вясёлым

Паплыло паволі слова —

Нашай Бацькаўшчыны мова.

Мне сказалі: — Будзеш першым!

Мы — працягнем і завершым.

Першы я ці хто — не дзіва,

Я пачаў расказ праўдзівы.

 

Юшка

Антык, Янак, Юзік, Франак

Пасля многіх абяцанак

На маю прыйшлі сядзібу:

— Запрашаем вудзіць рыбу!

Калі хочаш сёрбаць юшку,

Хоць на ноч пакінь падушку.

Каб не траціць час і словы,

Адказаў ім: — Я гатовы!

Я ўсяго сабраў патроху:

Груцы, сыру і гароху,

Бо на гэтыя прысмакі

Трапяць рыбы-небаракі.

І хоць гэта варыш-парыш,

Але ёсць чарвяк — апарыш.

Сам ён белы, круглы, дробны,

На гарошынку падобны.

І хоць ён прыемны воку,

А смурод чуваць здалёку.

Да яго ўсе рыбы ласы...

Трэба ўзяць кавалак мяса

І згнаіць яго — не есці,

Каб чарвей такіх завесці.

Потым — не страляй варону,

Рыбіна клюе з разгону.

 

*

Хутка сонейка садзіцца,

Вось і рэчка-чараўніца,

Вабіць, нібы стужка ўецца,

Рыбы ў ёй — кішыць, здаецца.

Мы — за вуды ды да рэчкі

І застылі, нібы свечкі.

Рыбаку (пачну гамонку)

Паплавок радней за жонку.

Ён яго пад куст падводзіць,

Ён з яго вачэй не зводзіць,

Сніць начамі, лашчыць, гладзіць,

Штосьці шэпча, нешта ладзіць.

Праўду баю ці хлусню я —

Жонка гэтак не хвалюе.

Але ціха! Жарты ў бокі!

Паплавок пайшоў у скокі,

Даў нырца пад куст кудлаты.

Хваць я! Ёсць... яршок смаркаты.

Ах ты, чортава знаходка!

Ну, нічога, будзе й плотка.

 

*

Села сонейка за лесам,

Мы скруцілі вуды-лесы,

Кожны падлічыў галовы,

І, гукаючы, як совы,

Адышлі ад рэчкі-стужкі,

Каб гарачай з’есці юшкі,

Антык — з рыбін лупіць кішкі,

Янак — ставіць міскі, лыжкі,

Юзік — бульбу абірае,

Франак — толькі назірае:

— Гэта,— кажа,— вашы справы,

А мае: дадаць прыправы,

Пасаліць, закінуць рысу,

Праглынеце з юшкай місу!

Вось агонь ужо гатовы,

Я — палю, цягаю дровы.

Кацялок, як вочка, поўны,

Франак ля яго — галоўны.

Нешта ўсыпе, штосьці ўкіне,

То апусціць, то падыме,

Паспрабуе, дзьмухне, цмокне...

Мой язык у слінках мокне,

Дый сябры мае чакаюць,

Толькі слінкі палыкаюць.

— Вось і ўсё! — зазначыў Франак.

— Дзякуй Богу! — крыкнуў Янак.—

Вернуць нос твае прыпраўкі.

— Э-э! Папросіце дабаўкі! —

Франак юшкай ганарыцца:

— Цукар з мёдам, не юшыца!

Мы хутчэй да майстра — кучай:

— Дай нам юшачкі пахучай!

Франак нас абсек:

— Без спешкі!

Час прыйшоў для галавешкі.—

Дастае з агню палена,

Боўць у юшку — толькі пена

Узнялася з дымам, з парай.

— Ну, падходзьце з сваёй тарай!

Да агню мы сунем міскі

І пустыя ліжам лыжкі.

Воўк у лесе аніводны

Так, як мы, не быў галодны.

Стала ціха ля агнішча,

Толькі ў цемры лыжка свішча,

Ад пасудзіны — да роту,

Кожны вурзгаў у ахвоту.

Бралі рыбу ў рот кусамі,

Ажно шморгалі насамі,

Жвалі, цмокалі, кракталі,

І тапталі, і тапталі.

— Што, вы ўсё жыццё не елі? —

Кажа Франак.— Ці знямелі?

Першым Юзік «выткнуў» слова:

— Юшку ты зварганіў клёва!

І таму маўчым у поце,

Бачыш, спраўна як малоцім?

Янак падтрымаў размову:

— Хіба ж будзе месца слову

Там, дзе смак і завіханне?

Але ёсць яшчэ пытанне:

Прасвятлі маю «даўбешку»,

Для чаго ты галавешку

Ткнуў у кацялок з размаху?

Франак хмыкнуў: — То ж для паху!

Там — цыбулька, бульба, рыбка —

Найгалоўнейшая скрыпка.

Потым перчык, ліст лаўровы —

Вельмі важныя галовы.

Рыс і морква — для аздобы,

Соль кладзеш і робіш спробы.

Што падсыплеш, што падкінеш,

А калі надыдзе фініш —

Галавешка робіць справу,

Каб дымком заправіць страву.

— Ну мастак! — Антось зазначыў.—

Бачыў шмат — такіх не бачыў!

— Чараўнік ты, Франак, нейкі! —

Я уставіў тры капейкі:

— Не навар, а проста казка!

Дай дабаўкі, калі ласка...

Змоўклі нашы ахі, охі,

Трэба ж прыдрамнуць хоць трохі,

Бо, як толькі прыйдзе ранак,

Зноў наварыць юшкі Франак,

А для новага навару

Трэба рыбак хоць бы пару.

 

*

Каля рэчкі — не на печы,

Холад скубці стаў за плечы,

Дрыжыкі пайшлі па целе,

Ўсталі мы, хоць спаць хацелі.

Ружавела ўжо на ўсходзе...

— Ну, сябры, валяцца годзе!

Сцёбнем вудай па вадзіцы,

Зловім рыбкі для юшыцы!

Вунь яна ў карчах гуляе,—

Франак нас усіх натхняе.

Мы, як дзеці-немаўляткі,

Паслухмяна — за манаткі,

Мы гатовы і ў балота,

Так юшыцы нам ахвота.

Мы да рэчкі бегчы рады,

Франак нам дае парады,

Хто для юшкі неабходны.

Мы ў адказ ківаем: — Згодны!

З Франакам не пабазарыш...

Але дзе я дзеў апарыш?

Што за трасца? Быў — і згінуў!

Можа, я ля рэчкі кінуў?

Злётаў — пуста. Я — да Янкі:

— Ты маёй не бачыў шклянкі?

У адказ мне Янка: — Братка!

Іх жа ўзяць у рукі гадка!

Я — да вогнішча, да сумкаў,

Пухне галава ад думкаў...

Падышоў з уловам Франак:

— Праз чарвей згубіў світанак?

— Так, згубіў, браточак Франка...

Ой, прабач! Дык вось жа шклянка! —

Маё сэрца жах кранае:

— А чаму яна пустая?!

Франак шклянку ўзяў у рукі:

— Што за жарты? Што за штукі?

І раптоўна з гэтай шклянкай

Шась — да кацялка маланкай.

Зірк на дно — і стаў зялёны,

Шась назад, нібы шалёны.

Я здзівіўся — што за танцы?

Ажно ў гэткай самай шклянцы

Франак рыс дастаў... Мой Божа!

Ёлкі-палкі!.. Быць не можа!..

— Што ты ўсыпаў замест рысу?

Даць бы шклянкай табе ў пысу!

— Пераблытаў... цемра ночы...

Франак скардзіцца, мармоча.

Да катла цяпер я шаснуў,

Глянуў і ў далоні пляснуў;

Мой апарыш разварыўся...

— Каб ты, Франак, праваліўся!

Чым ты нас карміў? — я плюнуў.

— Гэта ты чарвей падсунуў!

Франак раптам агрызнуўся.

Антык з Янакам вярнуўся:

— Што за спрэчкі? Што за крыкі?

— Гэты повар наш «вялікі»

Накарміў нас чарвякамі,—

Выдаў я.— Зірніце самі!

Во, на дне, магу саскрэбці,

Можа, хочаце даесці?

Антык сіні стаў, як пляма,

Рвала Янака таксама,

Ды і Юзік тузаў жылы.

Я змагаўся з усёй сілы,

Тузгачам я не таварыш,

Як-ніяк — а мой апарыш.

Ну а повар як? Вядома!..

Ён уцёк, зашыўся дома...

 

Сакалінае Вока

— Расказаць я меў нагоду

Пра такую вось прыгоду,

Што была ў нас каля рэчкі.

А цяпер адкінем спрэчкі,

Хай раскажа паляўнічы

Пра выпадак маляўнічы.—

Я пры гэтым глянуў коса

На лупатага Фядоса,

Бо яго даўно, з намёкам,

Звалі Сакаліным Вокам.

Што ж, магчыма, хто і верыць,

Што страляў ён птушку, звера,

Гэта ўжо другая справа,

Але іншае цікава:

Слых паміж людзьмі вядзецца,

Што Фядоска спаць кладзецца

З сваёй жонкай-маладзіцай

(Тут няма чаму дзівіцца).

Гэта ж — найсвятая справа,

Ля Фядоса жонка — справа,

Ну а злева — дубальтоўка,

Бескурковая абноўка.

Ён з двухстволкай — неразлучны,

Шанаваў яе выключна.

Словам, у сваім абліччы

Жыў і спаў, як паляўнічы.

Але ёсць на свеце ліха.

І аднойчы ноччу ціхай,

Калі сон вакол павіснуў,

На курок Фядос націснуў.

Сам не мог назваць прычыну:

Ці то ён прысніў дзічыну,

Ці то стрэльбу, а не жонку

Абдымаць палез спрасонку.

Грымнуў стрэл, нібы з гарматы,

Ажно пер’е на ўсю хату,

Разляцелася з падушкі,

Нібы з велізарнай птушкі.

Жонка ў лямант — і пад ложак,

А Фядос ніяк не можа

Зразумець у хваляванні —

Спіць ён ці на паляванні.

Натапырыў пільна вуха,

Бачыць — з пер’я завіруха

Круціцца — не бачна неба.

Э-э! Знайсці падранак трэба!

Пэўна, гусь, бо пер’я многа...

Ён укленчыў на падлогу

І давай шукаць здабычу.

Раптам чуе — нехта кліча,

Гэта ж голас жонкі, Моці.

— Што ты робіш на балоце? —

Закрычаў сярдзіта Федзя:

— Збіты гусь зашыўся недзе!

Лепш ідзі гатуй прыправы,

Няма часу для забавы.

Сапсуеш мне паляванне!

А з-пад ложка: — Во каранне!

Во сустрэлася мне гора! —

Жонка са слязьмі гаворыць.—

Каб з ламачынай сваёю

Больш у хату — ні нагою!..

Мо было калісьці гэта,

Не раскрыў Фядос сакрэту,

Толькі праўду кажуць людзі:

— Дыму без агню — не будзе...

Але мы сышлі са сцежкі.

Чуеце? Прыціхлі смешкі,

Нібы згасла папяроса,

Слухаюць усе Фядоса.

 

Скура мядзведзя

Вёска наша, Караваі,

Мае азярцо на ўскраі.

Ну а там, дзе ёсць вадзіца,

Грэшна качкам не вадзіцца.

Дзікіх качак там — як гною,

Цесна ў небе ім, як рою.

Не прамажаш халастымі,

Гора з качкамі мне тымі —

Так абрыдлі — няма спасу,

Ажно верне ўжо ад мяса,

Ды ідзеш туды міжволі,

Паляванне — горш няволі.

Чым сядзець у хаце-норцы,

Лепей на вячэрняй зорцы

Акунуцца ў хваляванні,

Растварыцца ў паляванні.

Я схапіў ружжо з ахвотай

І — на купіну ў балота.

Тут не месца гульням, жартам!

Галавой кручу з азартам,

Ажно стаў каўнер дыміцца,

Шыя пачала таміцца.

Камары даліся ў знакі,

Як шалёныя сабакі.

А «аздобілі» ўсё гэта

Жабы, крыкам на паўсвету.

А вось качкі — як памерлі.

— Ах, каб вас ваўкі пажэрлі

І не выплюнулі косці! —

Кіпячуся я ад злосці.

Злосць — для справы перашкода...

Але вось — узнагарода!

Качар пікірнуў з-пад неба,

А яго ж на мушку трэба!

Зноў азарт я адчуваю,

Ледзь стваламі паспяваю

За яго няспынным лётам

Над вадою, над балотам.

Толькі ён крутнецца ўправа —

Я за ім стваламі жвава.

Ён уніз, улева, прама,

Ён за куст — ствалы таксама,

Не спынялі гэту гонку,

Пальнуў я яму ўдагонку.

Пальнуў... і самлеў ад жуду...

Век я памятаваць буду,

Як з куста раптоўна (дзе — што?)

Зараўло страшэнна нешта.

— Ну, аджыў сваё ты, Федзя!

Пэўна, трапіў у мядзведзя.

А мядзведзю — шрот птушыны,

Як укус той камарыны.—

Кінуў стрэльбу і трасуся.

— Выратуй, святы Ісусе!

Не рабі ўдавой Матрону! —

Малю неба, як ікону.

Бог пачуў, прыслаў падмогу.

Дзякуй Богу! Дзякуй Богу!

Там, дзе роў страшэнны нечы,

Чую гоман чалавечы.

А галоўка думку цэдзіць:

— Гуртам збораем мядзведзя!

Але як не памыліцца,

Мясам каб не абдзяліцца?

Трохі дам ім за падмогу,

Скуру ж — кіну на падлогу,

Хай па ёй ступае Моця —

Мрою, седзячы ў балоце.

А ў самога слінкі ў роце,

Бо здагадкаў — цэлы шэраг.

Я за стрэльбу — і на бераг,

Абмінаю куст лазовы,

А за ім — стаіць... карова

І раве з апошняй сілы,

А людзей тут — Божа мілы!

Матка Свента! Тут суседзі...

— Вось ён! Вось! Зладзюга Федзя! —

Да мяне аднавяскоўцы:

— Што ты смаліш па кароўцы?

Лазіш тут з раскрытым ротам,

Ты ж ёй вочы выбіў шротам!

Адняло мне раптам мову...

— Падкруціў жа чорт карову,

Лепей здохла б яна ўчора,

Сёння не было б мне гора! —

Выйшла ўперад (твар суровы)

Гаспадыня той каровы —

Кілашыха — баба-звяга:

— Ах ты, без мазгоў туляга!

Неданосак! — і за грудзі.

Я зароў: — Ратуйце, людзі!

Я раву, раве карова,

Але баба Кілашова

Нас заткнула ў адно месца:

— Хопіць! Не раві нарэшце!

Ты страляў — усім вядома,

На, вядзі яе дадому,

А ўзамен — сваю карову,

І закончым тут размову.

Я стаю самотны, ціхі,

Бо карову Кілашыхі

Ад казы адрозніць цяжка.

Гэта ж вам не наша Машка,

У якой — пад неба рогі,

Вымя — распірае ногі,

Зад шырэй, чым кузаў МАЗа,

Ледзь падымецца, як ляжа...

Але што рабіць? Што толку

Слёзы ліць? Я — за двухстволку,

За жывёліну сляпую

І па вёсцы з ёй шыбую,

Страх маю душу калоціць...

Буду так тлумачыць Моці,

Як прыйду з сляпой да хаты:

— Гэта качар вінаваты...

Мы сядзелі нерухома,

А Фядос сказаў са стомай:

— Вось такія во прыгоды,

Стрэл адзін, а колькі шкоды.

— Ну а Моця як?

— Што Моця!

Языком сабе малоце.

Языком не вернеш Машку.—

І Фядос глынуў зацяжку.

— Але, хлопцы, што за справа?

Вось што вельмі мне цікава:

Ад яды ці выпадкова,

А аслеплая карова

Малака дае па горла...

— Дык яна ж трыбух напёрла!

Ёй цяпер любое смачна,

Пырнік ці сівец — не бачна.

На бычкоў не косіць вокам,

Думкамі ад іх далёка.

Аддзялі цябе ад Моці —

Хутка вырасце жывоцік,—

Так Фядосу мы тлумачым,

Ён згаджаецца, мы бачым,

І збянтэжана гавора:

— Многа малака — не гора,

Але вось у чым турботы —

Малако дае са шротам...

 

Пастка

Тут паставіць можна кропку,

Але раптам чуем Сцёпку

(Значыцца, не кропка — коска):

— Горай мне было, Фядоска!

Ты б майго глынуў хоць частку,

Стрэліў я — папаў... у пастку.

І твая, Фядос, прадмова,

І мая — ну слова ў слова.

Ты аблегчыў мне задачу,

Я галоўнае адзначу,

З таго месца пачну, Федзя,

Як пачуў ты роў мядзведзя...

Садануў і я праз голле,

Аж аглухла наваколле

Пасля стрэлу, праз імгненне.

Крык стаіць — няма цярпення!

А раве, брат, не карова,

А дачушка Міхасёва.

Гэта дзеўка-маладзіца

Выгнулася над вадзіцай

І палошча ў ёй бялізну,

Загаліўшы сваю «трызну».

Быў туман над рэчкай слабы,

Не пазнаў я, хлопцы, бабы.

Нешта... шэра-чорна-бела...

Я й не сніў, што гэта цела,

Думаў, плюхаюцца гусі,

Ляснуў я — прабач Ісусе! —

Голас чуецца Пракопа:

— Не з таго ты ляснуў, Сцёпа!

Ты жыўём лавіў бы гуску...

— Гэта будзе на закуску! —

Абарваў Сцяпан параду.

— Кінуў я сваю засаду,

За сабой цягну «ламанку»

І — да беднага «падранку».

Падышоў, нібы да пекла,—

Добра ёй задок пасекла...

Я ж мазіла, што ўжо скажаш?

А вось тут дык не прамажаш.

Крыкі чуючы, галоскі,

Наляцелі людзі з вёскі.

З імі Міхася прыпёрла,

Ён схапіў мяне за горла:

— Ты каго бярэш на мушку?

Ты ж мне сапсаваў дачушку!

А калі прабіў ёй штосьці?

Што тады? — крычыць у злосці.

Я і ляпнуў: — Мо праверым? —

Стаў Міхась страшней за звера.

— Як праверыць?! Ты, глумленнік!

Ці ў турме згніеш, як венік,

Ці бяры яе за жонку

І прыпынім тут гамонку! —

Я з апошнім і згадзіўся,

І з падстрэленай жаніўся.

Але ў нас (усе вы сведкі)

Родзяцца рабыя дзеткі.

Пэўна, шрот дасціпны гэны

Падпсаваў у жонкі гены...

 

Грышкавы пакуты

Зноў гучаць без перашкоды

Жарты, рогат, як заўсёды.

— Вашы «трызны», вашы качкі —

Дробязі, бо лёс рыбацкі

Толькі жах і гора дорыць,:—

З жарам Грышка нам гаворыць.

— Вашы жахі ўсе — гулянка.

Ажаніўся ж ты, Сцяпанка,

І аддаў сябе малодцы...

Ты ўяві — плыву я ў лодцы

Малады, ды не жанаты,

Ды мужчынскасцю багаты.

Спінінг кідаю паволі

Прама ў горла... горкай долі.

Трапіла блясна у глотку

Шчупаку, памерам з лодку.

Ён у вір як даў без стомы,

Я ў ваду, як куль саломы,

Наглытаўся з перапуду,

Век вады хацець не буду.

Я назад, у лодку, лезці,

Ды заблытаўся у лесцы,

Рукі, ногі, як у сетцы,

Бачу я — шчупак нясецца

Проста на мяне, як куля.

Хваць! Ажно трашчыць кашуля!

Хваць за рукі! Хваць за лыткі!

Скуру рве, як вучань сшыткі.

Абскубаў маё ўсё цела

Гэты дурань звар’яцелы.

Апрытомнеў я ў бальніцы,

Ды няма ўжо з чым жаніцца...

— Жах знайшлі!.. Кароўкі!.. Штучкі!

Ясь ускочыў, як з калючкі.

— Вось са мной было здарэнне!

— Хопіць! — супыніў нас Веня,

Полудзень астыне ў печы...

— Да сустрэчы!

— Да сустрэчы!

1991


1991

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.