epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Задзіра-верабей

Быў Верабей — задзіра,

Сусвет такіх не бачыў.

То ён другому Вераб’ю «за дзякуй» накалпачыў,

То да Шпака прыстане, як смала,

То на Сініцу нечакана —

За проста так,

Наскочыць з-за вугла.

Ды нават Сойцы дастаецца

Ад гэтай мелюзгі.

Але ж у Сойкі ёсць мазгі,

Яна не звязваецца з Вераб’ём, смяецца:

— Ад прыставучасці тваёй, ад баламуцтва

Нідзе не дзецца.

І ад задзірасці не дзецца анідзе —

Ты б лепш ахоўваў Вераб’іху на гняздзе.

Але задзіра-Верабей

Ёй адчырыкаў, як заўсёды, бойка:

— Чы-рык! Ха-ха! Што бачу я!

Мяне — вы чулі? — Вераб’я,

Бязмозгла вучыць Сойка!..

А Кот, тым часам, ціха

З гнязда — хваць Вераб’іху...

_______

 

Чым вераб’ём скакаць

Паўсюдна, жвава,

Лепш бы заняцца справай.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.