epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Загадка

Восы, калі пырнуць ім у гняздо палкай, напэўна, менш гулі б, як гула вёска Ціхі Гай. Кожны з яе жыхароў меў асабісты погляд на праблему планавай тэлефанізацыі сваіх дамоў. Меркаванняў было шмат. Яны супярэчылі адно аднаму, паўтараліся, сутыкаліся, перакрэсліваліся і, нарэшце, зблытваліся ў тугі клубок, разблытаць які было немагчыма. І ўсё ж галоўны тэзіс вылучаўся з гэтага шматгалосся намаганнямі Рыгора Ласуна, які больш за ўсіх распінаўся:

— На якога ражна ў кожнай хаце тэлефон? Каб выклікаць доктара ці разбудзіць пажарнікаў, досыць аднаго тэлефона на вёску!.. Ім што?! Толькі грошы з людзей здзёрці! Каму я буду тэлефанаваць? Жонцы ў хлеў ці сабаку ў будку? І без таго сядзім дома, уткнуўшыся носам у тэлевізар, а цяпер зусім перастанем сустракацца...

І хоць вёска гула, а справа рабілася — вяскоўцаў падцягвалі да ўзроўню горада.

Ішоў час. Людзі прывыклі да «цывілізацыі пад носам», вывучылі нумары сваіх і суседскіх тэлефонаў і сапраўды пачалі радзей сустракацца. Прыцісне вясковец да вуха тэлефонную трубку і набірае нумар другога вяскоўца, які праз дарогу. Сядуць ля расчыненых вокнаў і, хоць бачаць адзін аднаго, галёкаюць у трубку. Другое, «вольнае» вуха чуе суседа нават лепш, чым тое, што «на дроце». Атрымлівалася як у тым кіно: «Ахапкін, вазьмі трубку...»

Аднаго разу, вечарам, калі Рыгорава жонка пайшла даіць карову, у хаце зазваніў тэлефон. Ласун незадаволена адарваўся ад тэледэтэктыва, запляваў акурак і ўзяў трубку.

— Але-е!.. Але-е!.. Я слухаю! — гукнуў у трубку гаспадар.

У трубцы штосьці трашчала, быццам ламалі сухое галлё.

— Але-е!.. Хата Ласуна ля тэлефона! — паўтарыў Рыгор.

У трубцы сярод трэску сухога галля пачуўся прыцішаны жаночы голас:

— Рыгор, ты?

— Я! Хто ж яшчэ?!

Жаночы голас таямніча працягваў:

— Рыгорка, давай убачымся! Прыспела сустрэцца...

— Што паспела? — не зразумеў Ласун.— Шум, трэск — нічога не разабраць!..

— Рыгорка, дурны, я цябе кахаю! — вылятала разам з траскатнёй проста ў вуха Рыгору. А паколькі траскатні вылятала больш, чым слоў, Ласун ніяк не мог уцяміць: што паспела і хто каго кахае.

— Хто ў трубцы? — крыкнуў Рыгор.

— Дурань! Рыгорка! Заўтра вечарам прыходзь да рэчкі, дзе кладка...

— Чаго? Хто гэта?

— Там убачыш, чаго і хто гэта,— праспяваў жаночы голас.— Я цябе прылашчу незямной ласкаю...

Рыгор пачасаў вольнай рукой патыліцу, падцягнуў штаны. Голас у трубцы быў быццам знаёмы, але вылушчыць яго з траскатні і распазнаць Рыгор ніяк не мог.

— І ўсё ж, хто гэта-а? — перапытаў ён.

— Убачыш — самлееш,— праспявала ў трубцы,— а самлееш — на жонку забудзешся!

У Рыгора сперла дыханне. Ён і не сніў, што ў такім узросце патрэбен некаму пазарэз.

— А як я цябе пазнаю? — сіпла спытаўся Ласун.

Тут да яго вуха даляцела з тэлевізара: «...не забудзьцеся пра пароль, інакш — правал!»

Ласун схамянуўся:

— Як я даведаюся, хто ты?.. Каб пароль які, ці што...

— Які пароль! — засмяяўся жаночы голас.— Я буду трымаць граблі на левым плячы правай рукой. Чакаю, сімпампончык! — І ў трубцы пачуліся кароткія гудкі.

Рыгор стаяў як акамянелы. На ўсякі выпадак прыціснуў мацней да вуха трубку і некалькі разоў крыкнуў «але-е!». Потым паклаў трубку і ўжо дзвюма рукамі тузануў угару штаны. Рашуча падышоў і выключыў тэлевізар — дэтэктыў, на фоне нечаканай інтрыгі, страціў цікавасць.

Увайшла жонка з даёнкай, поўнай малака.

— Ты ж па дэтэктывах млееш, чаму тэлевізар выключыў?

— Колькі я буду хадзіць у гразноціне? — ускіпеў Рыгор.— На, памый мне зараз гэтую кашулю! — І кінуў жонцы пад ногі кашулю ў стракатыя клеткі.

— Што цябе ўкусіла? — здзівілася жонка.— Выходзіла з хаты, быў чалавек як чалавек, прыйшла — як калючка... Ды і кашуль чыстых хапае...

— Мне заўтра будзе патрэбна гэта! — гыркнуў Рыгор.

Жонка падняла стракатую кашулю:

— Добра, будзе табе гэта...

Рыгор выйшаў на двор, сеў на лаўку і закурыў. Яго распірала ад невядомасці і таямнічасці.

«Хто б гэта мог быць? — ліхаманкава думаў ён.— Голас быў прыемны, пявучы, выклікаў пад лыжачкай салодкую млявасць... А раптам нехта пажартаваў! — спужаўся ён.— Пальцамі будуць пароць, праходу не дадуць, засмяюць... А пры чым тут граблі?.. Сказала б: я — такая ці растакая, навошта туманіць?..»

Рыгор прыкурыў другую папяроску, ускочыў, зноў сеў.

«А магчыма, баялася, што падслухаюць нашу размову, таму і туманіла,— супакойваў сябе Ласун.— Пайду! Што я губляю?! А па-другое, старасць на носе — каму я хутка буду патрэбен? Вазьму для маскіроўкі вуды і пайду! Калі што — я рыбку лаўлю!»

Назаўтра Рыгор, у сваёй любімай стракатай кашулі, з вудамі праз плячо, падаўся да рэчкі. Але, адышоўшы ад сваёй хаты некалькі крокаў, пахаладзеў.

«У які бок падацца? Да якой кладкі ісці? Іх на рэчцы вунь колькі! Ну і дурань жа я!.. А што значыць: «прыходзь вечарам...»? Вечар — гэта і 7 гадзін, і 9, і 11... Які я дурань — галоўнага не ўдакладніў...»

Ад хаты пачуўся жончын голас:

— Што топчашся на адным месцы? Чарвей забыўся, ці што?

Рыгор махнуў рукой і падаўся да рэчкі.

«Буду ад кладкі да кладкі перадыслацыравацца і назіраць. Быць не можа, каб размінуліся,— граблі не іголка, рэч прыкметная...»

Як на тое ліха людзей высыпала да рэчкі, што гароху. Ды і жанчын ля кладак хапала — хто паласкаў бялізну, хто штосьці ў кошыку боўтаў.

«Прыперла ж вам усім у такі адказны час! — злаваўся ён.— Хоць бы бура наляцела ці каменне з неба пасыпалася...»

Але неба было празрыстае, вечар апускаўся ціхі і цёплы. Рыгор сцёбаў вудай па вадзе, не начапіўшы нават чарвяка на кручок, і пільна глядзеў навокал. З граблямі нідзе нікога не было відаць. Ласун прамінуў ужо тры кладкі і павярнуў назад — больш кладак не было. Толькі ён крутнуўся ад апошняй кладкі, як Васіліна, што паласкала на ёй бялізну, спыніла яго:

— Гэй, Рыгор, хоць бы прывітаўся, ці што! Заганарыўся, рыбачок!

У Рыгора ёкнула сэрца: «Няўжо яна?! О-о, дык гэта ж прыгажуня з прыгажунь!.. Праўда, яна шмат маладзейшая, але ж каханне — няволя. Тут на ўзрост не глядзяць, наталіць бы сэрца... Але дзе яе граблі? Можа, забылася пра ўгавор ці схавала іх у траве? Як жа праверыць?»

Васіліна здзівілася доўгай паўзе:

— Рыгор! У цябе што, мову адняло, стаіш з разяўленым ротам... Дзіўны нейкі!

— А-а, Васіліначка, добры вечар! — ачуняў Ласун.— Ля кладкі сустрэцца цікава, праўда?

— З добрым чалавекам хоць дзе сустрэцца цікава,— засмяялася Васіліна.

— А ля кладкі? — настойваў Ласун.

— Няхай сабе ля кладкі, калі ты так жадаеш,— згадзілася прыгажуня і зноў пачала паласкаць бялізну.

Рыгор не ведаў, што рабіць далей, як з ёю разбірацца.

— Васілінка, а чаму ты без грабляў? Ці ты забылася іх дома? — нясмела спытаўся ён.

Васіліна разагнула спіну і здзівілася:

— Граблі? А пры чым тут граблі? Хіба ж граблямі твая жонка палошча бялізну? Што з табой, Рыгор?!

Тут Рыгор убачыў далёка за паваротам рэчкі жаночую постаць з граблямі на плячы. Праўда, немагчыма было разгледзець, на якім плячы граблі і якая рука іх трымае. Сэрца страшэнна затахкала, дыханне зноў сперла, пад лыжачкай адчувалася ўжо знаёмая салодкая млявасць. Рыгор з усіх ног кінуўся да сваёй таямнічай спакусніцы. Ад напругі вочы засціў нейкі туман, думкі замітусіліся ў галаве:

«Вось якое яно, забароненае каханне! Вось чаму Адам і Ева грызанулі той яблык! Не падвяла, не ашукала! Ды і людзі, дзякуй Богу, паразыходзіліся...»

Калі ж падбег да постаці з граблямі, ледзь не бразнуўся ад адчаю і расчаравання. Гэта была Сцепаніда, старая баба, у якой не засталося ў роце ніводнага зуба.

— Куды ты, галубок, прэшся, вочы вылупіўшы? — здзіўлена прашмякала бяззубым ротам старая.

Рыгор не мог стрымаць злосці:

— Да цябе, порхаўка старая, на патаемную сустрэчу! Целяпаешся тут з граблямі, каб ты скісла!

— Я табе што, дарогу перайшла? — здзівілася старая.— Раней ты быў ласкавейшы...

— Калі раней? — успыхнуў Рыгор, а сам падумаў: «А што, калі гэту старую шэльму хтосьці падбухторыў прыйсці?.. Ці яна кагосьці падбухторыла пазваніць... Змовіліся, каб пазубаскаліць... Трэба неяк высветліць...»

— А чаму гэта ты, цётка Сцепаніда, граблі трымаеш не па-людску? Хіба ж так граблі трымаюць на плячы?

— Як гэта не па-людску? З маладосці гэтак трымаю... І маці мая трымала гэтаксама...

Рыгор удакладняе:

— Калі граблі на левым плячы, іх трэба трымаць правай рукой.

— Ах ты, нягоднік! Порхаўкай абазваў, а цяпер яшчэ вучыць мяне ўздумаў! Зараз як перацягну граблямі па спіне злева направа! — І Сцепаніда не па гадах спрытна замахнулася граблямі на Рыгора.

Рыгор паспеў адскочыць і... «зматаў вуды». Дамоў прыплёўся ўпоцемку.

— Ну, дапамагла табе стракатая кашуля рыбу лавіць? — спыталася жонка.

Рыгор, замест адказу, сам спытаўся:

— Колькі ў нашай вёсцы на рэчцы кладак?

— Чатыры,— адказала жонка.— А навошта яны табе?

— Чатыры?! — падскочыў Рыгор.— А дзе чацвёртая?

— А можа, і тры,— спакойна адказала жонка.

— Дык тры ці чатыры? — кіпеў Рыгор.

Жонка зноў спакойна адказвае:

— Чацвёртую, здаецца, знесла вясной паводка... А можа, і не знесла.

— Цьфу! — Ласун кінуў вуды.— Во гадоціна!

— Што ты да кладак прычапіўся? — здзівілася жонка.— Там што, рыба лепей ловіцца?

Рыгор заскрыгатаў зубамі:

— Я ж казаў: на чорта ў кожнай хаце тэлефон! Жылі сабе людзі як людзі, без усякага якага... Вось табе! Вось!..— І Ласун нажом перарэзаў тэлефонны шнур паміж трубкай і апаратам, так і не высветліўшы: адно толькі голле трашчала ў трубцы ці быў і ласкавы жаночы голас?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.