epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Загадкавасць душы

О, чалавек-дзівак! Ён на зямлі жыве,

Плануе штось, будуе, гаспадарыць,

А носіць у душы, у сэрцы, ў галаве,

Загадкавыя, незямныя мары.

 

Няблага на зямлі, усё, здаецца, ёсць,

А ён кудысьці прагне падсвядома.

Ён — гаспадар зямлі, а мары тут, як госць,

Вядома, што ў гасцях не лепш, чым дома.

 

Загадкавасць душы, о дзіўны чалавек,

Жыве ў ім смага да прыгод сляпая.

Ён нарадзіўся тут, тут дажывае век,

І ўсё ж яму чагосьці не хапае.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.