epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зайка і Зайчык

На лясной дарозе хтосьці згубіў кішэннае люстэрка. Яно ляжала амаль рубам прыхінуўшыся да нейкага гурбячка і сумна пазірала на лес.

Пазірала яно сумна таму, што было пахмурна і гэта пахмурнасць у ім адбівалася і псавала настрой.

Вядома ж, што пахмурнае надвор’е здольна сапсаваць настрой не толькі люстэрку, а нават самаму вясёламу чалавеку.

Раптам хмары расхінуліся і заззяла сонейка. Яно асвятліла кожнае дрэва, кожны кусцік, не абмінула і лясную дарогу. А паколькі люстэрка ляжала на дарозе, сонейка зазірнула і ў яго.

Люстэрка ажывілася і пачало радасна выпраменьваць сонечнае святло.

У гэты час па лясной дарозе бесклапотна скакаў лясны Зайка, у якога, як і ў люстэрка, быў цудоўны, сонечны настрой.

Ён з захапленнем спяваў:

 

Тра-ля-ля,

Тру-лю-лю,

Як я сонейка люблю!

 

Раптам штосьці бліснула яму ў вочы. Ён ажно заплюшчыўся і спыніў свой скок.

— Вой! Хто мяне асляпляе?

— Гэта я! — адказаў нехта, седзячы на Зайкіным носе.

— Ты хто? — памацаў Зайка лапкай свой нос, але пад лапкай нікога не знайшоў.

— Я — Зайчык! — зноў адказаў нехта.

— Гэта я — Зайка! — удакладніў Зайка.

— А я — Зайчык! — пацвердзіў нябачны незнаёмец.— Я — сонечны Зайчык! Я — вунь з таго люстэрка, якое ляжыць на дарозе.

Толькі цяпер лясны Зайка заўважыў люстэрка і падскочыў да яго.

— Ты тут? — спытаўся лясны Зайка і зазірнуў у люстэрка.

— Тут я, тут! — адказаў сонечны Зайчык.— Бачыш мяне?

Лясны Зайка ўбачыў у люстэрку сваё адлюстраванне і здзівіўся:

— О-го-го! Які ты вушасты! Ды яшчэ і касавокі. А як гэта ты ўмееш так моцна свяціцца? Навучы мяне!.

Сонечны Зайчык не ведаў, як навучыць ляснога Зайку выпраменьваць сонечнае святло, але, на ўсякі выпадак, параіў:

— А ты падстаў сябе пад сонечныя промні і пакручвайся — яны павінны аб цябе абвівацца. Ну як, падставіў?

Лясны Зайка падставіў сонейку спачатку адзін бок, затым другі, але нічога не атрымалася.

— Гэта не цікава! — заключыў ён.— Давай лепш гуляць у даганялкі. Умееш скакаць?

— Яшчэ як! — запаліўся сонечны Зайчык.— Толькі трэба, каб хтосьці пакручваў люстэрка. Тады я магу імгненна заскочыць вунь на тую, самую высокую сасну.

— Ого! — не смог стрымаць захаплення лясны Зайка.— Пакажы!

Раптам побач пачулася:

— Мама! Мама! Знайшла сваю згубу! Вось ляжыць маё люстэрка!

Зайка і Зайчык так захапіліся сваёй гаворкай, што не заўважылі, як па дарозе да іх наблізіліся жанчына і дзяўчынка.

Лясны Зайка з перапуду даў стрыкача за густую ялінку і з жахам назіраў, як дзяўчынка падняла люстэрка, у якім жыве яго новы сябар.

— Толькі б яна не спалохала яго, як спалохала мяне! Толькі б сонечны Зайчык не збег у лес і не заблудзіўся ў ім,— шаптаў лясны Зайка.

Люстэрка ў руках дзяўчынкі крутнулася ва ўсе бакі і — о, дзіва! — сонечны Зайчык заскакаў спачатку па зямлі, потым па ствалах дрэў і нарэшце скокнуў на самую высокую сасну.

— Вось гэта здорава! — не стрымаўся лясны Зайка.— Ён не маніў.

Тут дзяўчынка паклала маленькае люстэрка ў сваю сумачку і пакрочыла са сваёй мамай далей.

Сонечны Зайчык знік.

Лясны Зайка напалохаўся і кінуўся шукаць свайго сябра па ўсім лесе.

Ён клікаў яго, гукаў, але ніхто не адгукваўся. Ён мітусіўся — уперад, убакі, рабіў «петлі», вяртаўся на дарогу і зноў выпісваў кругі па лесе, але свайго сонечнага цёзку так і не знайшоў...

І сёння ў зімовым лесе можна бачыць заячыя сляды, якія пятляюць між дрэў. Пэўна, гэта лясны Зайка працягвае шукаць свайго сябра.

Будзем спадзявацца, што яны сустрэнуцца.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.