epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Займаюся не тым

Займаюся не тым,

што хочацца душы,—

Стаў з памяцi губляць

сваёй матулi слоўцы,

Бо езджу на метро,

хаджу ў капелюшы,

А ездзiў на канi

i вырас у ватоўцы.

 

Абставiны жыцця

ад мэты адвялi,

Нявечыла душу

сячкарня гарадская.

А хочацца назад —

так цягне да зямлi,

Лагойшчына мая

мяне не адпускае.

 

Займаюся не тым —

i вельмi шмат згубiў,

Насiў усё жыццё

сваёй нядолi клункi.

У чэргах, мiтуснi

шмат вершаў загубiў,

У пошуках яды

мае згасалi думкi.

 

Я кропельку цiшком

сцiраю са шчакi,

Няпрошаны камок

каторы раз глытаю...

Нелёгка сёння ўсiм.

Цi ж я адзiн такi?

I не дапiшам мы,

i шмат не дачытаем.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.