epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Зайздрасць

Жыццё атульвала пяшчотай,

Ды біла ўсё-такі часцей.

А мне зайздросцілі употай

Заўжды — з юнацтва, «ад лапцей».

 

Рот не заткнеш такому люду,

За кім пятляе чорны след.

А я з калгасу, з гною, з бруду,

З мар прадзіраўся ў светлы свет.

 

Са скуры лез — была патрэба

У сэрцы запаліць святло.

І мне нішто не ўпала з неба,

Само да ног не прыплыло.

 

У тых заўсёды вынік плённы,

Хто плёну дорыць сілы ўсе,

І хто вышэй за хлеб надзённы

Духоўнасць па жыцці нясе.

 

Употай зайздрасць ці адкрыта,

Яна, як горб, відаць здаля,

Ёй ля разбітага карыта

Век векаваць — ніжэй нуля.

 

Напэўна, знойдзецца не мала

Хто хутка пазайздросціць мне:

— І зноў яму пашанцавала,

Шчасліўчык ён — памёр у сне...


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.