epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Заклад

Мітынгуюць пры сустрэчы

Ясь і Ян — бясконца.

Кожны кпінай мые плечы

Сябруковай жонцы.

 

— Ды стрынож ты, як каня,

Сваю жонку, Янка!

У яе ў мазгах —

гульня,

І ніжэй —

гулянка.

 

Янка праглынуў укол,

Кінуў сябру кпіну:

— Задзяры сваёй падол,

Знойдзеш там мужчыну.

 

— А твая і з-пад замкоў

Уцячэ «налева»,

Бо яна да мужыкоў,

Як кара да дрэва.

 

Янка зноў адбіў напад:

— He кудахтай,

сціхні!

Ты крутні дамоў, назад —

Будзеш трэці-лішні.

 

Раптам Ясь сказаў: — Ды я

Спрэчцы дам развязку,

Падкачуся —

і твая

Мне падорыць ласку.

 

— Ты? Маю? Казляк руды!..

— Ну, Янусь, трымайся!

Заўтра з хаты пойдзеш ды

За акном схавайся.

 

*

Жонцы Ян без лішніх слоў:

— He чакай к абеду.

Прыпазнюся я дамоў —

У раён паеду.

 

Сам за вугал, пад акно,

Бо заклад — не жарты.

— Зараз пагляджу кіно —

А чаго ж я варты?

 

Ушчаміўся Янка ў бэз,

Крышыць з думак сечку:

«І навошта я палез

У дурную спрэчку?

 

Недадаў, напэўна, Бог

Мне пад шапку клёпак.

Што мне, не хапае рог?

Пень я, недацёпа...»

 

Тут варотцы — скрып — цішком

(Нож у сэрца Янку),

А праз іх маўчком, бачком

Крочыць Ясь да ганка.

 

Пагаліўся, аж блішчыць!

А для форсу, пэўна,

Чуб начэсаны тырчыць,

Нібы грэбень пеўня.

 

Янка закіпеў — злуе:

— Во пупыр! Во глупства!

Возьме ды яшчэ саб’е

Жонку з адналюбства...

 

Янка ледзьве не пабег

Сябру наўздагонку,

Ды падыме ж Ясь на смех:

— Мала веры ў жонку?!.

 

Згорбіў плечы, сціснуў рот,

У здагадках будзе:

— Во пусціў казла ў гарод!

Ладна... будзь што будзе...

 

*

Ясь ступіў цераз парог,

З ног абутак скінуў.

He, ён на чужы пірог

Рот свой не разінуў.

 

Але спрэчка, іх заклад

Ясю ў гонар джаліць,

Дый не вернешся назад —

Янка ж зубы скаліць...

 

— Прывітанне ўсім, хто ёсць! —

Грымнуў Ясь разуты.

— Гэта што за ранні госць? —

Чуе смех Дануты.

 

— Ой, Данутка! Ты адна? —

Ясь лісой азваўся.—

Дзе ж твой Ян?

— Ён давідна

У раён падаўся.

 

— Эх, шкада! Мне трэба ён...

Ясь зрабіў замінку.—

Можа, не прагоніш вон?

Адпачну хвілінку...

 

— Што ты, Ясю! Як прагнаць

Дарагога госця?! —

Янка ў бэзе стаў стагнаць

Ад шалёнай злосці.

 

Ясь рашыў пусціць у ход

Слоў прыгожых чары.

He паспеў раскрыць ён рот,

Як Данута шпарыць:

 

— Што ты, Ясь, як малады?

Ты бліжэй да справы!

Ты чаго прыйшоў сюды?

Ясна — для забавы!

 

Муж — ад’ехаў. Мы — адны!

Ты ж ужо разуўся,

А цяпер — скідай штаны...

Ясь аж папярхнуўся.

 

— Ты збянтэжыла мяне...

Я аж млею, Данка...

A у бэзе свет кляне

Небарака Янка.

 

Ён хрыпіць, нібыта звер,

Ранены ў бярлозе:

— Бабе ў хаце век не вер,

А каню ў дарозе!

 

З кім я век пражыў?! Змяя!

Без мазгоў сарока!

І табе, мой сябар, я

Смаляну пад вока!..

 

А тым часам Ясь заззяў

І з кішэні важка,

Фанабэрыста дастаў

«Белавежскай» пляшку.

 

— Перад тым як зняць штаны,

Справім чынна госці!

Стаў, Дануська, стаканы́

І загрызці штосьці.

 

У Дануты аж гарыць

У руках работа.

Ёй гасцінны стол накрыць —

Дробязь, не турбота.

 

Раптам кажа Ясь:

— Прыму са стала я лішкі,

Нас жа двое, а чаму

Ставіш тры кілішкі?

 

Тры відэльцы для каго?..

Стала Данка хмыкаць:

— Трэба ж Яначку майго

З-пад акна паклікаць.

 

Ушчаміўся, бедны, ў бэз —

Матухна святая!

Што ў яго за інтарэс —

Падыду, спытаю.

 

Адчыніла ў сад акно,

Мужыка гукае:

— Яначка!

Цябе ж даўно

Сябар твой чакае.

 

Янка ўстаў, мармыча ён:

— Фу ты, д’ябла сіла!

He паехаў я ў раён —

Штось жывот скруціла...

 

А пазней, як узнялі

З «Белавежскай» чаркі,

Ясь і Янка загулі,

Прыпяклі цыгаркі.

 

— Данка!

Лялечка мая! —

Ян да жонкі лезе.—

Як дазналася, што я

Затаіўся ў бэзе?

 

— Эх ты, цеста на вадзе! —

А сама рагоча.—

Жонка мужа абвядзе

Столькі, колькі хоча.

 

Э-э! Я ж бачу вас наскрозь,

Янакі ды Яські!

Ты, Ясь, тут, а там Антось —

У тваёй Параскі...

 

Ясь як даўся з хаты прэч,

Без абутку, босы,

Галавы не бачна з плеч,

Вецер свішча з носа.

 

— Во нагамі гразь сячэ,

Мільгаціць, стрыкоча! —

І Данута больш яшчэ

Наўздагон рагоча.

 

Янка з жалем: — Месіць гразь...

— Я ж пажартавала!

Ды няхай не блудзе Ясь

З кім і дзе папала!..

 

Зноў у Янкі з жонкай лад,

Ды шчыміць пячонка:

— Хто з нас выйграў той заклад?

Я ці Ясь?.. Ці жонка?

2000


2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.